Чытачы для бібліятэкара Анджэлы Кукаловіч сталі лепшымі сябрамі
Каб знайсці справу жыцця – працаваць у бібліятэцы, – жыхарка Лошы Анджэла Кукаловіч паступіла вучыцца на новую прафесію, калі яе дзеці амаль заканчвалі школу.
Аднавяскоўка параіла культуру
– У гэтым годзе споўніцца 23 гады, як працую ў культуры. Хаця ніякіх думак не было, што траплю сюды. Пасля школы паступала на настаўніка, але не прайшла. Нехта прапанаваў Вільнюскі тэхнікум чыгуначнага транспарту – адвучылася і ні дня не працавала па спецыяльнасці. Пайшла бухгалтарам у калгас «Шлях Леніна». Пасля выхаду з адпачынку па доглядзе дзіцяці так сталася, што там не было месца.У Лошы ў той час у бібліятэцы працавала мая аднавяскоўка Соф’я Фёдараўна Шаблоўская – яна і прапанавала пайсці ў культуру. Не ведаю, чаму, але згадзілася. (Смяецца.) Ніхто з родных у гэтай сферы не «засвяціўся», сама ніколі не спявала. Прыехала на сумоўе да Дануты Францаўны Чарнушэвіч, якая тады кіравала культурай, і кажу, што не спяваю. А яна: «Галоўнае – не спяваць, а ўмець арганізаваць». І 1 снежня, на свой дзень нараджэння, 2001 года я стала загадчыкам Лошскага клуба. Не скажу, што лёгка было. Яшчэ не ведала асаблівасцей работы, а тут Новы год на носе. Але ў нас былі вельмі добрыя метадысты Ядвіга Баляславаўна Зорына, Вольга Турубарава – яны заўсёды дапамагалі. Пакрысе ўцягнулася.
За новай прафесіяй
– А потым Соф’я Фёдараўна –верная добрая сяброўка, а падчас маёй работы ў клубе – пастаянная памочніца – пайшла на заслужаны адпачынак. Нашы ўстановы чакала рэарганізацыя.
Мяне спыталі, што хачу: бібліятэку-клуб або клуб-бібліятэку? Выбрала першы варыянт, сказала, што буду вучыцца на бібліятэкара. Новую прафесію асвоіла лёгка. Можа, таму што гэта было ў свядомым узросце? Канешне, я і ў школе добра вучылася, але тут, думаю, лепш. Калі прынесла дыплом дахаты, дзеці якраз рыхтаваліся да паступлення, дачка сказала: во як трэба вучыцца! (Смяецца.)
Чаму мне захацелася стаць менавіта бібліятэкарам? Я спакойны чалавек, не артыст, лічу, што кожны павінен займацца сваёй справай. Да таго ж бачыла, як працуе Соф’я Фёдараўна, і захаплялася гэтай жанчынай. Аднойчы пачула ад яе: «Разбудзі мяне ўночы, скажу, на якой паліцы якая кніга і ў якой вокладцы стаіць». Я тады падумала: як такое магчыма? А сёння і сама магу сказаць.
Праца рознабаковая
– Калі ў Лошы зачынілі бібліятэку-клуб, перайшла ў Гудагайскую бібліятэку, а нядаўна і яна атрымала ў дадатак «клуб». Такая змена мяне не напалохала. Па-першае, працую тут 12 гадоў і добра ведаю мясцовых людзей. Па-другое, форма работы бібліятэкі-клуба мне ўжо знаёма. Канешне, раней быў іншы час і іншыя патрабаванні, але той вопыт, вядома, спатрэбіцца. Так, яшчэ з загадчыка клуба ведаю культурную «кухню», у прыватнасці, як арганізуюцца мерапрыемствы. У той рабоце былі свае асаблівасці. Часта з суседнімі Палушамі і Слабодкай разам ладзілі канцэрты і святы. Ведаеце, хоць і казала некалі, што не спяваю, але даводзілася гэта рабіць. (Смяецца.)
Са з’яўленнем бібліятэкі-клуба дадалася нагрузка бібліятэкара – але наша дзейнасць не змянілася. Як спецыяліст я пакуль адна, але маю цудоўных прыбіральшчыц, дворніка, рабочага, якія дапамагаюць рыхтавацца да мерапрыемстваў.
Летам свята вёскі зладзіла. Хвалявалася, не ўтоўваю: ці збяруцца людзі? Але ўсё атрымалася! Дзякуй за дапамогу дырэктару раённай бібліятэкі Наталлі Ачарэтавай, мастаку-афарміцелю (без яе дакладана б так прыгожа не было), метадыстам. І асабліва, канешне, чытачам: я запрашала іх, яны клікалі сяброў – і ўсе прыйшлі. Дапамаглі былыя калегі Яўгенія Шаптун, Віктар Рудзінскі, чытачка Лаліта Кандратовіч.
Работа ў мяне цікавая і рознабаковая. Напрыклад, кожны месяц на вячоркі збіраюцца жанчыны пажылога ўзросту: размаўляем пра жыццё і справы, яны дзеляцца вопытам. У жніўні гаварылі пра нарыхтоўкі на зіму, абменьваліся рэцэптамі. Часта наведваюць бібліятэку дзеці (асабліва шмат іх у другой палове дня), з імі таксама цікава. Усе мае чытачы – мае лепшыя сябры. Мне падабаецца выказванне: трэба мець зносіны і са старэйшымі людзьмі, і з дзецьмі – першыя навучаць, што ўсё магчыма перажыць, а другія – што не ўсё згублена.
Ні адзін чытач, нават з аддаленай вёсачкі, не застаецца без маёй ўвагі: да кожнага даеду і прывязу патрэбную кнігу. Лоша, Байканы, Міндзяны, Рымуні, Рукшаны – там большасць пенсіянеры. А я ўжо добра ведаю, каму якую літаратуру трэба: хто дэтэктывы любіць, хто – раманы, хто – часопісы. Аўтараў таксама выбіраюць розных: класікаў і сучаснікаў, айчынных і замежных.
Мне здаецца, гадоў 10 таму людзі менш хадзілі ў бібліятэку. Думаю, гэта было звязана з актыўным інтарэсам да інтэрнэту. А цяпер мы навучыліся «фільтраваць» інфармацыю – таму чытач вяртаецца да звычайнай кнігі. Сёння дзеці ідуць у бібліятэку самастойна. Дарэчы, у папулярызацыі чытання сярод маладога пакалення цесна супрацоўнічаю з мясцовай школай.
Заўважыла, што дзеці могуць проста пагартаць раз-другі кнігу, а потым абавязкова возьмуць яе пачытаць. Прыемна, што мамы прыводзяць у бібліятэку сыночкаў і дачушак, якія яшчэ нават дашкольнікі, – з маленства яны пасябруюць з літаратурай.
Пра сябе
– Заўсёды любіла чытаць. Спачатку мне падабаліся казкі. Да гэтага часу памятаю аповесць-казку Эдуарда Скобелева «Приключения Арбузика и Бебешки». Кніга і цяпер ёсць у бібліятэцы, але ў той, з майго дзяцінства, была іншая вокладка. У падлеткавым узросце падабаліся творы ваеннай тэматыкі, напрыклад, «Ніколі не забудзем», «Молодая гвардия». Дарэчы, і цяпер цікаўлюся кнігамі гэтага накірунку, але часцей чытаю так званую жыццёвую літаратуру беларускіх аўтараў. Я прыхільніца творчасці Ніны Рыбік.
У вольны час люблю займацца кветкамі. А зараз такі сезон, што раблю нарыхтоўкі на зіму.
Лічбы
245 чалавек запісана ў Гудагайскую бібліятэку-клуб, большасць з іх – дзеці. 26 чытачоў жывуць у аддаленых вёсках.
«Бібліятэка – гэта маё жыццё. Без яе не ведаю, што рабіла б. Быў момант, калі хацела змяніць работу, але не зрабіла гэтага. Цяпер думаю: ну як я без бібліятэкі, без маіх чытачоў?!»
