Чытачка Міхалішкаўскай бібліятэкі Ірына Паўлоўская захапляецца вышываннем

Сярод наведвальнікаў бібліятэк раёна ёсць шмат таленавітых і апантаных рознымі відамі творчасці жанчын. Адна з такіх – чытачка Міхалішкаўскай бібліятэкі Ірына Паўлоўская. 

– З дзяцінства захаплялася рукадзеллем. Памятаю, як добра ўмела шыць, але, на жаль, не стала развівацца ў гэтым накірунку, – прызнаецца Ірына Іосіфаўна.

Неяк жанчына ўбачыла ў часопісе вышытага анёла-ахоўніка, купіла схему і паспрабавала. Гэты занятак зацягнуў.

Захапленне жанчыны падтрымалі і родныя: муж, напрыклад, робіць рамкі для жончыных карцін.

– Трэба толькі настроіцца на творчасць, знайсці час, «злавіць» неабходны душэўны стан – і жаданне ствараць прыгажосць нібы бярэ ў палон, – адзначае Ірына Іосіфаўна.

Любавацца карцінамі нашай зямлячкі можна бясконца. Яркія і прыгожыя, яны дораць радасць і цяпло нават у самы халодны і пахмурны дзень.

Выдатна, што побач з намі ёсць такія ўмеліцы!


Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, раённая бібліятэка.