Чырвоная зорка Героя з'явілася яшчэ на адным помніку
У першыя дні канікул вучні і педагогі Міхалішкаўскай сярэдняй школы сабраліся на мясцовых могілках. Тут прайшоў памятны мітынг каля магілы Пятра Фаміча Скрабатуна, а на помнік з яго прозвішчам і фотакарткай прымацавалі чырвоную зорку Героя.
Абласны патрыятычны праект рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” “Чырвоная зорка Героя” стартаваў у мінулым годзе. Летась на міхалішкаўскіх могілках зорку прымацавалі да помніка былога педагога, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксея Аляксандравіча Кораня.
– Сёлета наша школа сумесна з валанцёрскім атрадам пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Людмілы Лаздоўскай працягнулі пошукі. І знайшоўся яшчэ адзін герой, – расказвае старшыня пярвічнай арганізацыі РГА «Белая Русь», удзельнік праекта “Лідары з белым сэрцам” Наталля Ярмак. – Адзін з накірункаў нашай дзейнасці – захаванне гістарычнай памяці. Мы працуем сумесна: БРПА, БРСМ і, канешне ж, “Белая Русь”. Разам дзеці і дарослыя робяць добрыя справы. У чым заключаецца наша дзейнасць? Гэта догляд за магіламі не толькі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. На мясцовых могілках пахаваны шэраг нашых настаўнікаў, якія не маюць родзічаў альбо яны жывуць далёка. Другая частка – гэта пошук інфармацыі пра гэтых людзей. Мы ўдзельнічаем у розных конкурсах гістарычнага накірунку, пішам эсэ і сачыненні, складаем вершы, праводзім экскурсіі ў школьным музеі.
Сумесная праца і прывяла аднойчы вучняў і настаўнікаў да магілы Пятра Скрабатуна, які нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Гразі Пліскага раёна Полацкай вобласці, але апошнія гады свайго жыцця правёў на Астравеччыне.
– Вельмі рана давялося яму стаць на абарону роднай зямлі, роднай краіны і тых людзей, якія знаходзіліся побач з ім. З яго успамінаў мы ведаем, што, калі пачалася вайна, жыхары Гразі працавалі ў полі. Раптоўна ў небе з’явіліся варожыя самалёты, спачатку яны проста лёталі, нібы рабілі разведку. А потым пачалася бамбёжка. Пётр Фаміч якраз ехаў на возе, каня параніла і яго целам прыкрыла юнака, што і выратавала яму жыццё, – расказвае Людміла Лаздоўская. – У той дзень большасць аднавяскоўцаў загінулі, старэйшыя мужчыны пайшлі ў партызаны, маладзейшыя засталіся ў вёсцы з жанчынамі і дзецьмі, але таксама дапамагалі партызанам. А праз нейкі час немцы сабралі моладзь і вывезлі ў Германію: хтосьці трапіў у канцлагер, дзе над імі ставілі доследы, а кагосьці адправілі на цяжкія работы.
Пасля вызвалення, вярнуўшыся на Радзіму, Пётр Фаміч пайшоў у Чырвоную армію. Ветэран узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны, да таго ж меў памятны знак “вязень нацызму”.
Дарэчы, Пётр Скрабатун быў адным з удзельнікаў адкрыцця школьнага музея “Спадчына” – фотаздымак, дзе ён пераразае чырвоную стужку, і сёння захоўваецца ва ўстанове.
На могілках у той дзень успомнілі факты біяграфіі аднавяскоўца, у яго гонар прагучалі вершы, а потым да помніка прымацавалі зорку, усклалі кветкі і запалілі свечкі памяці.
– Калі была школьніцай, на Дзень Перамогі мы хадзілі з горнам, з барабанам і з паштоўкамі віншавалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны – на іх дамах былі прымацаваны зорачкі. І людзі ведалі, што тут жывуць людзі, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны ваявалі, каб мы жылі ў міры і спакоі. Цяпер мы мацуем зоркі на помнікі, каб гэта памяць захоўвалася, – упэўнена Наталля Валянцінаўна. – На гэтым наша праца не скончыцца. Ведаем яшчэ некалькі магіл, даглядаем за імі і будзем збіраць інфармацыю пра людзей, што тут пахаваны, каб і на іх помніках змясціць чырвоныя зоркі Герояў.
За працу, неабыякавасць і зацікаўленасць педагогам і школьнікам падзякавала вядучы спецыяліст Астравецкай раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Аксана Савіцкая.
– Удзел у абласным праекце «Чырвоная зорка Героя» – гэта вельмі адказны крок у мінулае нашага раёна, нашай вобласці і нашай краіны. Гэта сур’ёзная і складаная праца: няпроста знайсці новыя звесткі, адшукаць родзічаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, захаваць і перадаць новым пакаленням вельмі важны скарб нашай Айчыны – новыя біяграфічныя звесткі і новыя месцы пахаванняў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым годзе дадзены праект мы ўключылі ў спіс мерапрыемстваў нашага раённага праекта «Лідары з белым сэрцам», адным з накірункаў працы якога з'яўляецца павага да гісторыі і подзвігу нашых продкаў, актыўная удзельніца яго – настаўнік Міхалішкаўскай сярэдняй школы Наталля Ярмак, – адзначыла Аксана Савіцкая. – Вельмі ўдзячны педагогам і вучням школы за актыўную дзейнасць па дадзеным накірунку. Упэўнена, што з гэтай нагоды мы сустракаемся не апошні раз, і пераканана, што гісторыя нашай краіны ў самых надзейных руках.