Чым жыхарам Астравеччыны запомніўся 2024 год
Фото Pexels
Якім стаў адыходзячы год і якія падзеі ўразілі ці запомніліся больш за ўсё? Аб тым карэспандэнту «АП» расказалі жыхары Астравеччыны.
Раман і Таццяна Гаруновы, г. Астравец:
– Самая радасная і значная падзея, якая толькі можа быць у жыцці чалавека, адбылася яшчэ ў пачатку года: 9 студзеня нарадзіліся нашы першынцы: блізняты Давід і Цімур. І, можна сказаць, з гэтага дня ўсё падзялілася на «да» і «пасля». Новы рэжым, светаўспрыманне, адчуванні – усё стала іншым. А яшчэ з’явілася ўзмоцненае пачуццё адказнасці за гэтых маленькіх чалавечкаў і боязь зрабіць штосьці не так. Але, лічу, мы спраўляемся нядрэнна і адначасова шмат чаму вучымся. (Усміхаецца.)
Таццяна:
– Навіна, што ў нас будзе не адно дзіця, а двое, першапачаткова стала шокам. Справа ў тым, што спачатку на ўльтрагукавым даследаванні гэтага не ўбачылі. І толькі пазней нам сказалі, што будзе двое немаўлят. Першае маё адчуванне – страх. А Рома ўсё хваляваўся, як мы будзем іх адрозніваць. (Смяецца.)
Пасля таго як малышы з’явіліся на свет, мы яшчэ месяц ляжалі ў радзільным доме – дзеці павінны былі набраць вагу. Памятаю, прынясуць мне іх, усю ноч не сплю: гляджу і дыхнуць ці дакрануцца лішні раз баюся, каб толькі не нашкодзіць. Канешне, спачатку няпроста было – вопыта ж ніякага! Але паступова прызвычаіліся. Першы месяц мама ўзяла адпачынак і прыехала дапамагаць – добра, што непадалёк, у Палушах, жыве. Муж выратавальнік, працуе па зменах. Але калі дома, таксама памочнік ва ўсіх справах.
Удзячны адыходзячаму году за найлепшы двайны падарунак. Не знайсці слоў, каб апісаць тое, што адчуваю да сваіх дзетак. Раней не разумела і не магла ўявіць, якое гэта пачуццё. Таму ў 2025 годзе жадаю ўсім, хто хоча стаць бацькамі, каб мара абавязкова здзейснілася.
Анастасія Сямашка, г. Астравец:
І апошняя запамінальная падзея адыходзячага года: у нас з’явіўся новы член сям’і. (Смяецца.) Малодшы сын Ілля вельмі любіць жывёл, асабліва шкадуе бяздомных. У дзяцінстве ён час ад часу прыносіў дадому маленькіх шчанюкоў і кацянят, якім мы пасля стараліся знайсці гаспадароў. Калі падрос, зразумеў, што не зможа выратаваць усіх жывёл і перастаў іх прыносіць. Але сёлета, якраз на Дзень маці, сын вырашыў зрабіць сюрпрыз: падарыў мне маленькае белае кацяня – вядома ж, падабранае на вуліцы. Хіба я магла адмовіцца?! (Усміхаецца.) Так у нашай кватэры з’явілася Бусінка – усеагульная любіміца і пястушка.
У Новым годзе жадаю ўсім, каб родныя-каханыя былі побач і як мага больш пакінутых знайшлі свой дом.
Рэгіна Шафран, аг. Гервяты:
У гэтым годзе мы, беларусы, стаім на парозе важнай падзеі – вызначэння нашай будучыні. І хоць дзень выбараў прызначаны на 26 студзеня новага года, думаю, многія ўжо цяпер вырашылі для сябе, за што і каго будуць галасаваць. Асабіста я – за мір і спакой у нашай краіне, а таксама далейшае яе развіццё.
Восенню для ветэранаў сельскагаспадарчай сферы арганізавалі экскурсію па Астравеччыне з наведваннем некаторых аб’ектаў КСУП «Гервяты». Паколькі шмат гадоў адпрацавала ў гэтым сельгаспрадпрыемстве, трапіла ў іх лік. Па-першае, было прыемна, што былых работнікаў не забываюць, а па-другое, цікава паглядзець, што змянілася ў добразнаёмых месцах.
Вельмі спадабалася мне там. Сапраўды, не патрэбен бераг турэцкі, калі ў Беларусі столькі цудоўных мясцін. Варта бліжэй знаёміцца са славутасцямі роднай краіны.
Віншую ўсіх падпісчыкаў «Астравецкай праўды» з Новым годам! Новых прыемных адкрыццяў і ўражанняў, а самае галоўнае – міру і спакою ва ўсім свеце.
Андрэй Лісоўскі, аг. Варняны:
Яна кажа, што я жвавы і энергічны, а мне часам проста надакучвае на адным месцы доўга сядзець. Але стараюся быць добрым вучнем. Ведаце чаму? (Шэптам.) Бо за намі сочыць Дзед Мароз, і калі дрэнна сябе паводзіць, ён не прынясе падарунак. Вось на мінулы Новы год ён да мяне прыходзіў. І прынёс… (Задумваецца.) Гм-м… Не магу ўспомніць. Затое раскажу, што ў чараўніка сёлета папрасіў. Ролікі! І канькі! Я бачыў такія два ў адным наборы. Спадзяюся, Дзед Мароз пра мяне не забудзе.
Яшчэ запомнілася, як мы нядаўна ездзілі на пажарную падрыхтоўку ў Астравец. Там былі цікавыя заданні. Асабліва спадабалася літары шукаць і збіраць. Ці мару стаць выратавальнікам? Не-е-е. Як вырасту, хачу на фуры ездзіць. Гэта такая вялікая і прыгожая машына. На ёй так класна катацца.
А летам да нас прыязджалі сябры, і пасля мы ўсе разам ездзілі на мора. Якое? Самае звычайнае! Вялікае, цёплае, і лес вакол. Людзей там шмат сабралася. Мы з братамі з мора амаль не вылазілі. Ці гэта ўсё ж такі возера было?..
Яшчэ мне запомнілася, як мы з аднакласнікамі ў рэдакцыю «Астравецкай праўды» на экскурсію хадзілі. Там усім газету далі – я дадому маме завёз. Адна цёця, што там працуе, пра ўсё-усё расказала. А іншая на камп’ютары паказала, як газета робіцца, – ціка-а-ва. А яшчэ мне вельмі спадабалася вялікая сава, якая сядзіць у калідоры. Яна на самой справе жывая, толькі днём спіць, а вечарам прачынаецца і ахоўвае будынак – гэта мне таксама ў рэдакцыі расказалі. Вось бы падгледзець, як яна там лётае.
А на Новы год жадаю, каб да ўсіх людзей прыйшоў Дзед Мароз і прынёс падарункі, якія яны прасілі.
