Чым займаюцца пенсіянеры ў гэтую пару года
Данута Чарнушэвіч:
Штодня ў мяне абавязковая прагулка ў лесапарку: хадзьба – адна з нямногіх фізічных актыўнасцей, якая мне даступная, выкарыстоўваю яе напоўніцу.
Вярнуся з прагулкі – трэба наведаць былых каляжанак ці хоць бы пагаварыць з імі па тэлефоне. У нас шмат магчымасцей для самарэалізацыі так званых маладых пенсіянераў, якія нядаўна выйшлі на заслужаны адпачынак і яшчэ поўныя сіл і энергіі. Іх запрашаюць і спяваць, і танцаваць, і спортам займацца. А ёсць жа тыя, каму ўжо з дому выйсці цяжка і загаварыць няма з кім. Яны, мне здаецца, незаслужана забытыя. Таму па меры магчымасці стараюся зрабіць іх адзіноту не такой балючай.
Тарэса Драган:
А яшчэ, калі выйшла на пенсію, занялася аднаўленнем гісторыі сваёй сям’і. Справа гэта вельмі цікавая, але і працаёмкая. Пляменніцы скідваюць мне здымкі архіўных дакументаў, яны часцей за ўсё рукапісныя, ды яшчэ і на польскай мове – а я гэта ўсё «расшыфроўваю», занатоўваю. Пакуль займаюся лініяй Клімашэўскіх, на чарзе – Семашкевічы. Раней асабліва гэтым не цікавілася, ды і бацькам было не да таго, а цяпер адкрываецца шмат новых фактаў з жыцця сям’і.
Для душы займаюся кулінарыяй, выпечкай, люблю парадаваць прыгожа і смачна накрытым сталом мужа і дзяцей, калі яны прыязджаюць.
І, вядома ж, галоўная мая радасць і ўцеха – унучка Алінка! Кожнае спатканне з ёй – свята душы!
Святлана Іванова:
Раніцай падымаюся, каб выправіць мужа на работу: прыгатаваць снеданне, сабраць «тармазок» – гэта ўжо традыцыя. Потым хатнія справы – яны ёсць у кожнай гаспадыні. Днём – басейн, трэнажорная зала. Вечарам люблю пачытаць. Сумаваць няма калі!
Вераніка Чэмерка:

Асноўнае для мяне – малітва. Ранкам падымаюся, з Богам пагавару: падзякую, што пераначавала, што на сваіх нагах, што бачу сонейка, неба, дрэўцы, нашу рачулку.
Потым – гімнастыка для спіны: я ўжо гадоў 30 ці 40 штодня ёй займаюся.
Летам любіла пакорпацца ў агародзе, хоць дачка і сварыцца, каб не тамілася. А для мяне гэта лякарства! Як бы дрэнна ні было, апусціш рукі ў зямлю – і ўся немач некуды сыходзіць, энергія, бадзёрасць з’яўляюцца. Зямля лечыць!
Вечарамі чытаю, хоць зрок падводзіць, але хоць па староначцы-другой. Вядома ж, «Астравецкую праўду», калі там ёсць што цікавае. І Тадэвуша Кандрусевіча. Дзве кнігі дачка купіла, абяцала яшчэ і трэцюю. Такія мудрыя яго казанні, думкі і разважанні!
Перад сном – зноў малітва: дзякую Богу за пражыты дзень і прашу Яго, каб сустрэць наступны.
