Чвэрць кніжнага фонду раённай бібліятэкі складаюць кнігі на беларускай мове

Наколькі ахвотна астраўчане чытаюць кнігі на беларускай мове? І якім аўтарам аддаюць перавагу? За адказамі на гэтыя пытанні мы звярнуліся ў цэнтральную раённую бібліятэку.

Кніжны фонд 15-ці бібліятэк Астравеччыны – раённай, дзіцячай і 13-ці сельскіх – налічвае больш за 221 тысячу экзэмпляраў. 

Чвэрць яго (толькі чвэрць? Ці ажно чвэрць?) – кнігі на роднай мове. Але ўдзельная вага іх змяншаецца: у мінулым годзе ў бібліятэкі раёна паступіла 9 278 новых кніг, на беларускай мове – 18,9% іх. 

У першым паўгоддзі гэтага года сітуацыя яшчэ больш сумная: з 4 972 экзэмпляраў кніжнага папаўнення выданні на роднай мове складаюць 12,3%.

Але, напэўна, не так важна, колькі беларускіх кніг стаіць на стэлажах у бібліятэках, – куды важней, ці чытаюць іх. Дык вось, аналіз кнігавыдачы за мінулы год і першае паўгоддзе гэтага сведчыць, што чытачы ўсё ж аддаюць перавагу рускамоўнай літаратуры. Так,  у мінулым годзе ва ўсіх бібліятэках чытачам выдалі больш за 150 тысяч экзэмпляраў кніг і перыядычных выданняў  – і толькі 15,8% ад гэтай немалой колькасці – беларускамоўная літаратура. У першым паўгоддзі гэтага года чытачы ўзялі ў бібліятэках 70,6 тысячы  экзэмпляраў друкаваных выданняў, з іх 16,1% – беларускіх.

Пра тое, якім аўтарам аддаюць перавагу чытачы, у прыватнасці, вясковыя, сярод якіх праводзілася апытанне, сведчыць аналіз анкет.  З іх вынікае, што чытаюць у асноўным класікаў: Якуба Коласа, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Янку Купалу, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Багдановіча.
Вынікі, на жаль, напрошваюцца невясёлыя: кніг на роднай мове нашы землякі чытаюць няшмат, сучасных аўтараў амаль не ведаюць… Такія мы беларусы – на чацвярцінку… Магчыма, нехта скажа, што цяпер увогуле чытаюць мала. Гэта так – але ўсё ж кнігі пішуць і выдаюць, сярод сучасных беларускіх аўтараў нямала таленавітых празаікаў і паэтаў. І ў іх ёсць свае чытачы. Праўда, яны ўсё часцей аддаюць перавагу  электронным выданням ці аўдыёкнігам. У гэтым няма нічога дрэннага: хай чытаюць хоць як! Але, як мне здаецца, і ў лічбавым фармаце беларуская кніга – не ў лідарах.


Текст: Нина Рыбик