Чтобы ребёнок мог вовремя пойти в детский сад, необходимо встать на учет в отделе образования
Памятаю, калі нарадзіла сына, адразу ж стала на чаргу ў дзіцячы садок – чэргі тады ў вясковыя садкі былі вялікія, і паклапаціцца пра месца неабходна было загадзя.А якая сітуацыя з паступленнем дзяцей у садкі на цяперашнім этапе? Пра гэта я паспрабавала даведацца ў метадыста раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, якая курыруе работу дашкольных устаноў Анастасіі Станіславаўны Бурштыновіч.
– Якая сёння сітуацыя ў раёне з паступленнем у дзіцячыя садкі?
– На вёсцы праблем з паступленнем у дзіцячыя садкі няма. Затое трапіць у гарадскія пакуль праблематычна. Справа ў тым, што ў раёне працуюць 16 дзіцячых дашкольных устаноў, з іх толькі тры садкі размешчаны ў горадзе. Зноў жа, калі звярнуцца да статыстыкі, то на сённяшні дзень 893 дзіцяці наведваюць дашкольныя ўстановы, з іх 490 ходзяць у астравецкія садкі. Пры гэтым праектная магутнасць гарадскіх дашкольных устаноў – толькі 405 дзетак.
– Атрымліваецца, што і зараз, як шмат гадоў таму, перш чым трапіць у садок, трэба “адстаяць у чарзе”?
– Сапраўды. У чарзе давядзецца пастаяць. На сёння чарга па горадзе складае 301 дзіця. З іх 28, якім ужо споўнілася тры гады. Аднак узяць іх у гарадскую дашкольную ўстанову мы не можам – іх чарга яшчэ не дайшла.
– Дарэчы, што трэба зрабіць, каб дзіця ў час своечасова было прынята на выхаванне ў дашкольную ўстанову?
– Перш за ўсё – стаць на ўлік у аддзеле адукацыі. Для гэтага трэба прыйсці ў раённы вучэбна-метадычны кабінет, які размяшчаецца на вуліцы Ленінскай, 4. З сабой трэба мець копію пашпарта маці ці бацькі – пажадана таго, хто будзе пісаць заяву, і копію пасведчання аб нараджэнні дзіцяці. Пры гэтым трэба помніць, што ў кожнага садка свая чарга. І калі вы, да прыкладу, сталі ў чаргу ў садок “Дубок”, а потым вырашылі, што хочаце пайсці ў дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1, то ўсю працэдуру трэба пачынаць спачатку.
– Як даведацца, што чарга ўжо падышла?
– Звычайна бацькі самі цікавяцца, калі дзіця прымуць у дзіцячы сад. Дарэчы, трэба помніць, што па законе прыём дзяцей у дашкольныя навучальныя ўстановы ажыццяўляецца на працягу навучальнага года пры наяўнасці ў іх вольных месцаў і на падставе заявы бацькоў, накіравання, выдадзенага аддзелам адукацыі, медыцынскай даведкі аб стане здароўя. Каб трапіць у санаторную групу, неабходна мець таксама заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі. А для выхавання і навучання ў спецыяльных групах і группах інтэграванага навучання і выхавання заключэнне выдае цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Камплектаванне груп і перавод выхаванцаў з адной групы ў другую ажыццяўляецца штогод у пачатку навучальнага года – гэта значыць 1 верасня.
– Ці ёсць нейкія выключэнні пры паступленні дзяцей у сад? На каго яны распаўсюджваюцца?
– Як я гаварыла, прыём дзяцей у садок адбываецца згодна з чаргой. Але на працягу трох месяцаў з дня звароту гарантуецца прадастаўленне месца ў дашкольнай установе дзецям ваеннаслужачых. Яно прадастаўляецца ў адпаведнасці з артыкулам 4 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб статусе ваеннаслужачых” ад 4 студзеня 2010 года №100-3. На падставе артыкула 41 Закона “Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь” ад 17 ліпеня 2007 года №263-3 месца ў садку на працягу трох месяцаў таксама павінна быць прадастаўлена і дзецям супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
– Як бачым, праблема з паступленнем дзяцей у дзіцячыя садкі існуе. А ў сувязі з будаўніцтвам Беларускай АЭС горад і, адпаведна, колькасць яго насельніцтва таксама будуць расці. З гэтага вынікае, што праз некалькі гадоў трапіць у дзіцячы сад будзе амаль нерэальна. Што ў раёне робіцца для таго, каб чарга стала меншай?
– На гэты год запланавана будаўніцтва дзіцячага садка ў мікрараёне №1. Наколькі я ведаю, работы пачнуцца дзесьці ў маі. Акрамя таго, у планах аддзела адукацыі і Астравецкага райвыканкама рэарганізацыя Мальскага дзіцячага сада-базавай школы ў дзіцячы сад-пачатковую школу. Тады з’явіцца магчымасць дзяцей з Астраўца падвозіць у Малі. Гэта таксама дазволіць зменшыць чаргу ў гарадскія дашкольныя ўстановы і зменшыць вастрыню праблемы.
– Дзякуй за гутарку. Будзем спадзявацца, што ў хуткім часе ўсе бацькі змогуць адправіць сваіх дзяцей у садок пры першым звароце.
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Ганны ЧАКУР.