“Чорны аўторак” у Бабраўніках

12 ліпеня ў нашым раёне здарылася чарговая “вогненая” трагедыя.


Выклік у цэнтр аператыўнага ўпраўлення Астравецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіў у 19.48 з вёскі Бабраўнікі Варнянскага сельскага савета. Як высветлілася пазней, у доме на момант пажару знаходзілася 4 чалавекі: 70-гадовая гаспадыня дома, яе 66-гадовая сястра, 47-гадовая дачка гаспадыні і яе 26-гадовы ўнук.
Дзякуючы спрацаваўшаму пажарнаму аўтаномнаму апавяшчальніку прачнуцца  і ўратавацца з задымленнага дома змаглі ўнук і сама гаспадыня дома, якую малады чалавек вывеў з полымя. На жаль, у суседнім пакоі падобны прыбор устаноўлены не быў – і  дзве жанчыны, якія там спалі, так і не прачнуліся,  хаця хлопец і рабіў спробы прабрацца ў ахопленнае полымем памяшканне.
Прыбыўшыя на месца здарэння выратавальнікі ўбачылі цалкам ахоплены полымем дом. У выніку пажару агнём часткова знішаны дах будынка, перакрыцці і маёмасць. У агні загінулі дзве жанчыны.
Прычынай пажару, як лічаць спецыялісты, стала неасцярожнае абыходжанне з агнём у стане алкагольнага ап’янення: дачка гаспадыні, хутчэй за ўсё, вырашыла пакурыць у ложку, што і стала прычынай пажару.


Эдуард Малышка.