Читатель признаётся в любви к газете

Лецейка патроху страчвае сваю былую прыгажосць. Зяленую лiстоту пачынаюць разбаўляць іншыя колеры – спякота дае пра сябе знаць. У гэтыя часы хочацца на прыроду, у лес, дзе прахалода і цішыня, якія цябе агорнуць святлом прыемных успамінаў. І гэтыя пачуцці будуць множыцца, калі ў руках у цябе толькі што атрыманы нумар “Астравецкай праўды”.


З ёй даўно хацелася пагутарыць. Але, як вядома, усе мы некуды спяшаемся – а даўгачаканага прыпынку ўсё не відаць... Пры гэтым яшчэ і апраўдваемся: спраў па горла! Можа, яно і так.

Ніна Аляксееўна аднойчы прызналася, што для яе газета – як роднае дзіця. І гэта зразумела. Бо колькі сіл, энергіі было аддадзена, каб са звычайнай раённай газеты зрабіць такое разумнае і прывабнае выданне. Ды і знешне газета стала яркай, прыгожай. А яшчэ, я б сказаў, нейкай дамашняй. Цяпер яе можна смела пакласці на стол настаўніка беларускіх журналістаў Сяргея Дубовіка – каб вучыліся студэнты свайму майстэрству.

Нельга не заўважыць: пра што б газета ні пісала, якія б праблемы і тэмы ні закранала – у яе заўжды гэта атрымліваецца праўдзіва і шчыра. А бывае, што нейкая праблема не вырашаецца – то газета не баіцца нагадаць пра яе. Вось і жыхар Астраўца Аляксей Пятровіч разважае наконт роднай мовы. І праўда – колькі ўжо можна тлумачыць, упрошваць, каб беларусы звярнуліся да бацькоўскай мовы, не пусцілі яе на здзек, не далі затаптаць і знішчыць? Але пытанні застаюцца. Такі ў яе нялёгкі лёс склаўся на працягу некалькіх стагоддзяў.

Раю чытачам: учытайцеся ў вандроўкі Ніны Рыбік – і вы абавязкова адчуеце, як прыгожа і па-майстэрску карыстаецца родным словам аўтар, каб выказаць сваё натхненне ад падарожжаў па розных кутках Беларусі і еўрапейскіх краінах. І вам абавязкова захочацца пабыць і ў старажытным Нясвіжы, і ў экзатычнай Мальце, і ў дзівоснай Швецыі, і яшчэ шмат у якіх месцах.

Ці яшчэ. Сёння, на жаль, назіраецца тэндэнцыя адмовы ад традыцыйных каштоўнасцей. Стан маралі апускаецца да мяжы, якую пераступаць нельга. І аб гэтым газета таксама піша, не маўчыць, а б’е, як кажуць, ва ўсе званы. І як адзін з выхадаў – зварот да Хрыста. Ці не аб гэтым ужо шмат разоў настойліва нагадвае нам у сваіх нататках Ганна Чакур? Чытаеш іх – і радуецца сэрца, і спявае душа ад яе пранікнёных слоў.

Але ёсць і такія асобы, што забылі хрысціянскія запаведзі. Яны не ведаюць гісторыі роднай зямлі, не  памятаюць сваіх герояў, а бойка ўсцешваюцца памкненнем назваць нашы плошчы і вуліцы імёнамі, ад якіх кроў стыне. Ну што ты скажаш на гэта? Зрэшты, ці не іх нашчадкі ўтварылі на Украіне такі вэрхал, што цяпер стогне і абліваецца слязамі зямля?..

І як тут да месца допісы Яны Галінай і Ніны Міральковай! Яны – як гімн жыццю і выратаванне ад усяго пачварнага. Яны светлыя і добрыя, за кожным словам – роздум аб мінулым і сённяшнім і пошук адказу на вечнае пытанне: што такое шчасце?

А яно побач – як само жыццё. Паглядзіце на здымкі Алега Віткоўскага, змешчаныя ў фотанарысе газеты. Вось яны, маладыя пераможцы, перад вялікай дарогай, і наперадзе ў іх – нязведанае, шчаслівае жыццё і вялікае каханне. І быць усяму гэтаму абавязкова. Бо побач – настаўніца рускай мовы і літаратуры Маслоўская, якая навучыла разбірацца, каму шчасліва і весела жывецца на зямлі. Але заўтра – урокі. А гэта зноў – пошук, пераадольванне і такое радаснае пачуццё: я ведаю, я ўмею!

А можа, шчасце – у моцнай сям'і? Тады вам у Гудагай, да сям’і Алены Ярашэвіч. Гэта яны, актыўныя, любячыя, са здымкаў у газеце сцвярджаюць: якія б недарэчнасці ў свеце ні адбываліся – усё будзе добра на нашай зямлі!

І гэты ж лейтматыў гучыць у замалёўках Р. Дрэма, М. Пешка і Л. Кухарэвіч, ва успамінах Р.А. Герта. Жыццё працягваецца – і на старонках газеты з’явяцца новыя цікавыя матэрыялы.

Сёння шмат газет. Яны розныя – на любы густ, колер і ўзрост. Але “Астравецкая праўда” – адзіная, родная, свая. І я яе люблю. Чаму і за што – гэта растлумачыць немагчыма. Але скажу: без маёй газеты мне – ну ніяк!


Леанід Лебедзеў