Читаем своё: поэмы Кулешова – в сотый раз
Чытаць ваенную паэзію Аркадзя Куляшова для мяне амаль тое ж, што бываць у мясцінах, апаленых і зруйнаваных вайной. Гэта як у чарговы – трэці-шосты-дзясяты – раз убачыць чырвоныя, «параненыя» асколкамі снарадаў сцены Брэсцкай крэпасці, яе вялізныя бетонныя манументы, сімвалы мужнасці і духоўнай сілы абаронцаў. Гэта як пачуць набат ці званы Хатыні – не наяве, а там, глыбока ў сэрцы, якое кувалдай б’е ў грудзі, нібы гаворачы: такія жахі табе і не сніліся…
Мне – за тое дзякуй Богу і тым, хто гэтага не дапусціў, – не. А вось тыя, хто перажыў смерць блізкіх, холад, голад, пажары і пакуты палону, упэўнена, бачаць усё гэта ў снах даволі часта. Колькі б ні мінула гадоў…
Кожны раз, беручы ў рукі зборнік ваеннай паэзіі Куляшова, сумняваюся, ці адкрываць яго. Столькі разоў перачытвала, урыўкі з многіх твораў даўно вывучыла на памяць – навошта траціць час, якога заўсёды не хапае?
Толькі вогненныя, напоўненыя страхам, слязьмі і болем словы з «Балады аб чатырох заложніках» зноў «гоняць па жытняй сцяжынцы» цябе разам з трохгадовым сыночкам бацькі Міная насустрач смерці… Іх у палоне чацвёра – дзеці і родная цётка. Душа баліць ад наіўных пытанняў хлапчука: чаму іх не выпускаюць з-за кратаў, чаму ж не прыходзіць бацька?.. А пачуцці Міная, народнага мсціўца, якому трэба зрабіць страшэнны выбар: здацца ворагу, каб выратаваць сваіх дзяцей, – ці ахвяраваць імі дзеля агульнай Перамогі? Як ад болі не разарвалася яго сэрца, не ведаю…
Залатая сцяжынка ў жытнёвым полі, жаўранкі ў небе і яркае сонца – і тут жа халодныя краты і пісталет, цагляная сцяна і выстрал сярод мёртвай цішыні…
Падзеі, апісаныя ў Куляшоўскай баладзе, адбываліся амаль восем дзесяцігоддзяў назад, аднак і сёння жывуць – у ведах, мастацкіх творах, дакументальных фільмах, архівах, успамінах удзельнікаў і ахвяр. Дзякуючы падобным «Баладзе…» вершам і паэмам, яны зноў і зноў ускалыхваюць нашу свядомасць і нашу памяць.
…Ужо ў, мабыць, соты раз мне сняцца чатыры расстраляныя фашыстамі заложнікі і камандзір чырвонай брыгады. Цішыня. Стрэл. Маральны выбар – і сапраўдны подзвіг. «…Вось і ўсё. Перад бацькам Мінаем станьце, усе бацькі, на калені!»
