Чем живет Островецкая "Белая Русь"
Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” вядома ва ўсёй краіне. Сёння яно аб’яднала пад сваім крылом больш за 136 тысяч чалавек, якія ўваходзяць у 7167 пярвічных арганізацый, што створаны ва ўсіх раённых цэнтрах і гарадах нашай рэспублікі. Наша інтэрв’ю са старшынёй Астравецкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Наталляй Уладзіміраўнай Сянюць прысвечана дзейнасці арганізацыі ў нашым раёне.
– Наталля Уладзіміраўна, давайце звернемся да гісторыі стварэння раённай арганізацыі.
– Сённяшняе Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” вядзе свой пачатак ад Гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, якое было створана 28 чэрвеня 2004 года. Астравецкая раённая арганізацыя Гродзенскага абласнога ГА “Белая Русь” утварылася ў верасні 2006 года. А вось сённяшняе РГА “Белая Русь” вядзе свой адлік з 17 лістапада 2007 года. Менавіта ў гэты дзень прайшло пасяджэнне ўстаноўчага з’езда, на якім былі разгледжаны пытанні стварэння аб’яднання ў межах рэспублікі. І літаральна праз месяц – а калі быць больш дакладнай, то 12 снежня 2007 года – Міністэрства юстыцыі зарэгістравала Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”. Зразумела, што ў нашым раёне таксама была створана раённая арганізацыя ўжо Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання, якую ўзначаліла Валянціна Іванаўна Дземеш.
– Што ўяўляе сабой раённая арганізацыя сёння?
– Астравецкая раённая арганізацыя была створана 15 студзеня 2008 года. З таго часу прайшло амаль пяць гадоў. І сёння ў нашы рады ўваходзіць 601 чалавек, якія аб’яднаны ў 41 пярвічную арганізацыю.
– Ці азначае гэта, што патэнцыял ужо вычарпаны. Ці арганізацыя ўсё ж збіраецца расшырацца і папаўняць свае рады?
– Патэнцыял у нас вялікі. Зусім нядаўна ў рады раённай арганізацыі ўлілася пярвічная арганізацыя раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якая налічвае 17 чалавек. Самай шматколькаснай пярвічнай арганізацыяй на сёння з’яўляецца аддзел адукацыі – яна налічвае 50 чалавек. Лідарамі па колькасці з’яўляюцца таксама пярвічныя арганізацыі СВК “Варняны” (37 членаў), Астравецкага філіяла Гродзенскага абласнога спажыўтаварыства (30 членаў), Альхоўскай СШ (29 чалавек), СВК “Міхалішкі (29). І сёння нам нічога не перашкаджае ствараць новыя пярвічныя арганізацыі, а таксама папаўняць рады ўжо створаных пярвічак.
– Нягледзячы на тое, што раённая арганізацыя існуе не першы год, не ўсе ведаюць, хто можа стаць членам гэтага грамадскага аб’яднання. Раскажыце, калі ласка.
– Членам Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” могуць стаць грамадзяне нашай краіны, а таксама замежныя грамадзяне ці асобы без грамадзянства, якім споўнілася 18 гадоў і якія прызнаюць статут, мэты і задачы Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання. Я ўпэўнена, што ў нашым раёне шмат людзей, якія хочуць і гатовы ўнесці ўклад у развіццё нашай краіны не толькі на сваім рабочым месцы, але і праз грамадскія справы.
– Чым папоўнілася капілка добрых спраў у апошні час?
– “Белая Русь” моцная канкрэтнымі справамі, якія датычацца ўсіх сфер жыцця: гэта шматлікія акцыі, рашэнне сур’ёзных жыццёвых праблем, прапаганда спорту і здаровага ладу жыцця, клопат аб дзецях і ветэранах, дапамога інвалідам.
Наша арганізацыя штогод удзельнічае ў навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, набывае пуцёўкі для летняга адпачынку дзецям, чые сем’і аднесены да сацыяльна-небяспечных, у Дзень Незалежнасці і Дзень маці віншуем жанчын, якія нарадзілі дзяцей і знаходзяцца ў радзільным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы, 1 чэрвеня мы арганізоўваем мерапрыемствы для дзяцей і таксама наведваем дзетак, якія ў Дзень абароны дзяцей знаходзяцца ў бальніцы. Мы актыўна падтрымлівааем інтэлектуальны рух у раёне.
З удзелам раённай арганізацыі “Белая Русь” была арганізавана экскурсійная паездка актыву грамадскіх арганізацый раёна і моладзі ў Інфармацыйны цэнтр Ленінградскай АЭС. Віншаванне хлебаробаў, пасадка лесу, падтрымка ініцыятыў пярвічных арганізацый, удзел у святкаванні дзяржаўных і прафесійных свят – усё гэта вельмі важна і цікава для нас.
Наша арганізацыя актыўна ўдзельнічае ва ўсіх выбарчых кампаніях. І сёлета мы таксама прынялі ўдзел у кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. Прадстаўнікі пярвічных арганізацый, створаных у раёне, актыўна ўдзельнічалі ў ініцыятыўных групах па зборы подпісаў, працавалі ў выбарчых камісіях усіх узроўняў, былі назіральнікамі.
Пры Прэзідыуме раённай арганізацыі працуе грамадская прыёмная. За час яе работы паступіла 14 зваротаў. 12 з іх былі вырашаны, па двух дадзены тлумачэнні.
– А што ў перспектыве?
– У бліжэйшых планах – удзел у ІІ З’ездзе Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, які пройдзе ў лістападзе бягучага года, у мерапрыемствах, прысвечаных Дню маці, “Дажынкі-2012”, Дзень інвалідаў, сустрэча з лідарамі дзіцячых грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў і яшчэ шэраг цікавых і карысных мерапрыемстваў і акцый. Таму, калі вам неабыякавы ўсе гэтыя справы, а таксама жыццё нашых людзей і краіны, далучайцеся да нас – і тады, магчыма, наша жыццё напоўніцца дабрынёй і сэнсам.
– Дзякуй за гутарку! Поспехаў вам!
--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Івана ДЗЯТЛОВІЧА.