Чаму пенсіянеры працуюць? Гэта на ўласным прыкладзе тлумачыць Ніна Рыбік
Сёння ў Беларусі 480 тысяч працуючых пенсіянераў. Застаецца ў страі кожны пяты з тых, хто заслужыў і атрымаў «хлебную картачку», як часам жартам называюць пенсійнае пасведчанне.
У Астравецкім упраўленні па працы і сацыяльным абслугоўванні насельніцтва паведамілі, што ў нашым раёне такіх 1 470 – кожны чацвёрты. Я – у іх ліку…
…Нядаўна сустрэла былога кіраўніка, які не так даўно пайшоў на заслужаны адпачынак. Пацікавілася жыццём-быццём, настроем.
– Усё цудоўна! І жыццё, і настрой. Ты ж ведаеш, я многае ў жыцці зведаў. Але толькі цяпер зразумеў: няма лепшага жыцця, чым зараз! І чаму вы ўсе так баіцеся пенсіі? – кінуў ён каменьчык у мой агарод.
– Дык быццам бы і не баюся, – паціснула плячамі.
– Чаго ж тады поўзаеш на работу? – задаў суразмоўца пытанне, на якое я не знайшла, што адказаць.
Сапраўды: чаму? Непакоюся, што пенсіі не хопіць на жыццё? Так, напэўна, на тое, што сёння сабе магу сабе дазволіць – на паездкі, вандроўкі, падарункі блізкім – малавата будзе. Але на хлеб з маслам і батон з малаком, упэўнена, хопіць. Зрэшты, калі пахудзею крыху, то гэта толькі на карысць. Галоўнае – каб не моцна, бо мяняць гардэроб досыць дарагая справа не толькі для пенсіянераў.
Баюся, што «Астравецкая праўда» – маё трэцяе дзіця, як я неаднойчы гаварыла, – без майго пільнага вока і актыўнага ўдзелу змарнуецца?
Дакладна не!
Упэўнена: бацькі павінны своечасова адпускаць дзяцей у самастойнае дарослае жыццё, нават калі балюча і хочацца засцерагчы іх, такіх няўмелых і неразумных, ад непрыемнасцяў ці нават перанесці праз нягоды на руках. Мы можам, нам няцяжка… Але не трэба. Яны павінны набіць свае гузакі, зрабіць свае памылкі – і навучыцца іх выпраўляць. Я прайшла праз гэта, калі адпускала сына і дачку – і трэцяе дзіця «адарваць ад грудзей», калі пакідала пасаду галоўнага рэдактара, было ўжо лягчэй. Упэўнена, што змагу аднойчы і зусім выпусціць яго цвёрдую ўмелую руку.
Тады чаму я ўсё яшчэ «поўзаю на работу»?
Ну, па-першае, пакуль не поўзаю, а, дзякаваць богу, хаджу. Часам нават подбегам.
Па-другое, хочацца верыць, ад мяне яшчэ ёсць сякая-такая карысць – калегам, газеце і чытачам.
А трэцяе і галоўнае: хочаце – верце, хочаце – не, але мне гэта падабаецца!
Нядаўна мой колішні герой пацікавіўся: ці хочацца пісаць пасля 45-ці гадоў працы ў журналістыцы, на працягу якіх «ні дня без радка»? Ці не зніклі жаданне, тэмы, героі? Я ў адказ паказала спіс, у якім дзясяткі два тэм, што чакаюць распрацоўкі. (Некаторыя, каюся, не першы месяц і нават год, бо з-за занятасці іншымі, больш тэрміновымі, заданнямі да іх не даходзяць рукі. На вялікі мой жаль, бо гэтыя рукі, як і мазгі, свярбяць, а тэмы просяцца: ну калі ж, нарэшце, скончацца твае «тэрмінова ў нумар» і чарга дойдзе да нас?)
…А яшчэ мне падабацца, калі не хапае часу. Калі бліжэйшыя два тыдні распланаваны па днях, дні – па гадзінах, а сёння – па хвілінах. Тады я ўсё – ці амаль усё – паспяваю! А калі – такое бывае рэдка, але калі-нікалі здараецца – часу становіцца шмат, тады ён марнуецца бязмэтна. А мой настрой – тым больш.
«Трэба дзякаваць богу за тое, што шмат работы», – гаварыла некалі знаёмая. І я з ёй цалкам згодна! І няважна, у якім узросце. Магчыма, у сталым гэта нават важней: часу наперадзе ўсё менш, таму ён больш цэніцца.