Чаму не карыстаюцца правам на заслужаны адпачынак некаторыя пенсіянеры, высвятляў карэспандэнт

Не толькі я, але і  іншыя многія пенсіянеры, атрымаўшы ад дзяржавы права на заслужаны і аплочваемы адпачынак, ім не карыстаюцца, а працягваюць працаваць. Чаму? З гэтым пытаннем карэспандэнт «АП» звярнуўся да некаторых з іх.

Часлаў Лабачэўскі, фермер, на пенсіі 20 гадоў:

– Перакананы, што ўзрост чалавека вызначаецца яго дзеяннямі. Чым больш ён працуе, тым менш падвяргаецца ўзроставым змяненням. Бо падчас працы чалавек не толькі атрымлівае фізічную нагрузку і тым самым умацоўвае свой арганізм. Пры гэтым, незалежна ад роду дзейнасці, уключаецца ў работу яго галоўны орган – мозг. Як целу патрэбна рознабаковае збалансаванае харчаванне, так і мозгу разумовая дзейнасць. Калі яна змяншаецца, чалавек, як дрэва восенню, пачынае старэць, драхлець, скідваць сваю «лістоту». Пагэтаму ў любым узросце трэба працаваць. Пастаяннае фізічнае ўдасканаленне і актыўная мазгавая дзейнасць павінны быць нашымі арыенцірамі. Калі мы навучымся гэта спалучаць, то, перакананы, жыццёвы шлях будзе доўгім і плённым.

Тарэса Мароз, загадчык гаспадарчай часткі Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў, на пенсіі 15 гадоў:

– Вядома, зарплата ў дадатак да пенсіі нікому не пашкодзіць. А, з іншага боку, грошай, колькі б іх ні было, заўсёды не хапае, пытанне толькі, на што. Бывае, што ў некага і грошай шмат, а радасці ад іх ніякай. Таму дай бог спажыць у задавальненне тое, што ёсць, дапамагчы тым, каму горш – гэта лепш, чым самому прасіць дапамогі.

Але ж для мяне сесці дома – гэта ўсё, канец. Нібы падвесці рысу пад сваім жыццём. Будзеш цэлы дзень хадзіць у халаце ды тапках… А так хочаш ці не, баліць ці не вельмі, а мусіш падняцца, апрануцца прыгажэй, вусны падфарбаваць – у людзі ж ідзеш. І стасункі з маладымі прымушаюць не стаяць на месцы, цягнуцца за імі, раўняцца, вучыцца нечаму новаму, падпітвацца іх энергіяй. 

У мяне ж яшчэ і грамадская работа ёсць – узначальваю раённае аддзяленне Саюза палякаў, спяваю ў хоры «Рэха Астраўца». Але гэта для душы.

Галіна Францкевіч, метадыст аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Астравецкай бібліятэкі, на пенсіі 4 гады:

– Думаю, не адкрыю амерыку, калі скажу, што галоўны аспект тут – фінансавы. Не трэба быць матэматыкам ці эканамістам, каб палічыць, што дзве зарплаты больш за адну, а для адзінокай жанчыны, як я, гэта мае перша­чарговае значэнне. Можна дазволіць сабе тое, што на адну пенсію пры ўсім жаданні не зможаш – той жа рамонт, да прыкладу. Ці дзецям дапамагчы: дачка атрымала кватэру, трэба мэбля. Хто ёй дапаможа, калі не маці?

Не ведаю, як у каго, а ў мяне яшчэ ёсць унутраны страх, што аднойчы дысцыплінаванай, якой заўсёды некуды трэба было спяшацца, не трэба будзе непакоіцца, каб не спазніцца, зрабіць усё своечасова і якасна. Хоць, можа, гэта і добра? Каляжанкі, якія ўжо адпачываюць, сцвярджаюць: у тым, каб пажыць для сябе, галоўная перавага заслужанага адпачынку і цяпер нізавошта не пагаджаюцца зноў пайсці на работу. Не ведаю, не правярала пакуль…

Ну і тое, што, працуючы, хочаш таго ці не, трэба выконваць разнастайныя творчыя задачы, часам вельмі няпростыя, адыгрывае не апошнюю ролю. Так, ёсць мноства спосабаў трымаць мозг у тонусе, але пакуль іх не трэба шукаць, яны самі цябе знойдуць: сёння адно заданне, заўтра – другое…

Текст: Нина Рыбик