Бясцэнныя скарбы сівой даўніны можна знайсці ў музейным пакоі ў Рымдзюнскім клубе-бібіліятэцы

Пабываць у Рымдзюнскім сельскім клубе-бібліятэцы ўдзельнікі народнага хору ветэранаў Цэнтра культуры і народнай творчасці марылі даўно. Справа ў тым, што слава пра тутэйшы музейны пакой старадаўняга вясковага побыту з гадамі разнеслася па Астравеччыне і наваколлі. Не пацікавіцца і не наведаць яго было проста немагчыма. І вось шустры «бусік» раённага сектара культуры вязе нас у Рымдзюны.
Ля варот гасцей сустракае загадчык установы Наталля Недалтоўская. Кароткі экскурс у гісторыю ўзнікнення будынка – і мы ўзыходзім на шырокі ганак, трапляем у прасторнае фае. Позіркі адразу спыняюцца на сцяне, завешанай рознай вартасці граматамі, дыпломамі, падзякамі і адзнакамі, заслужанымі клубам, яго мастацкімі калектывамі і творчымі аб’яднаннямі ў розныя гады. Узнагарод вялікае мноства. Міжволі ўзнікае пачуццё радасці за іх уладальнікаў.



Збіральніца і захавальніца гэтых неацэнных скарбаў – загадчык клуба-бібліятэкі Наталля Недалтоўская. Разам з аднавяскоўцамі збірала даўніну па паміраючых падвор’ях, закінутых хутарах, прыводзіла ў парадак і несла ў музей. Так складвалася ўнікальная экспазіцыя, якой могуць пазайздросціць нават сур’ёзныя краязнаўчыя музеі. І не дзіва, што слава аб ёй пайшла не толькі па Астравеччыне, але і па ўсёй Беларусі. І едуць у Рымдзюны цікаўныя госці, і ад’язджаюць уражаныя і захопленыя. Як мы.

