Будем ли ездить с комфортом?
Па Астравеччыне нарастаючымі тэмпамі пацяклі чуткі пра тое, што ў хуткім часе цягнікі “Мінск – Вільнюс” і “Вільнюс – Мінск” спыняцца на станцыі Гудагай не будуць. У рэдакцыю газеты “Астравецкая праўда” звярнуліся некалькі жыхароў нашага раёна з аналагічнымі пытаннямі. Большасць з іх турбавала, ці праўда гэта і што рабіць студэнтам, якім названым цягніком было вельмі зручна дабірацца да Мінска?Наш карэспандэнт паспрабаваў разабрацца з усімі пытаннямі.
ПРАДМОВА
Некалькі гадоў назад чуткі пра тое, што вышэйназваныя цягнікі будуць адменены, таксама хадзілі. Але страхі аказаліся, як часта бывае, празмернымі: было адменена некалькі прыпынкаў. Але гудагайскія пасажыры ад таго новаўвядзення не пацярпелі. Прыпынак цягніка на станцыі Гудагай для пасадкі пасажыраў захаваўся. А вось пасля адпраўлення з гэтай станцыі цягнік стаў спыняцца толькі на станцыі Маладзечна. Мінск быў апошнім прыпынкам.
Няўжо цяпер прыпынак цягніка і адначасова пасадка ў яго пасажыраў у Гудагаі сапраўды будуць адменены? Ці гэта зноў толькі чуткі?
Калі чуткі – праўда, то, па-першае, гэта прынясе нязручнасці для студэнтаў і ўвогуле для ўсіх тых, каму тэрмінова неабходна дабрацца да Мінска. Сёння гэта можна зрабіць і раніцай, і вечарам і, што самае галоўнае, – усяго за 1 гадзіну і 48 хвілін. Для каго час – галоўнае багацце, выгада відавочная. А па-другое, няўжо беларуская чыгунка выйграе ад таго, што згубіць сваіх пасажыраў? Іх, мяркуючы па тым, што купіць білеты на гэтыя цягнікі, асабліва ў пятніцу, субботу і нядзелю, праблематычна і перад адпраўленнем цягніка амаль што немагчыма, хоць адбаўляй. Здаецца, наадварот, беларускай чыгунцы было б выгадна прычапіць яшчэ некалькі вагонаў і з камфортам дастаўляць пасажыраў у Мінск і назад!
ШТО МАЕМ?
Каб разабрацца, што да чаго, па каментарыі мы звярнуліся да начальніка чыгуначнай станцыі Гудагай Валянціны Аляксееўны Бенахомскай.
– Сапраўды, плануецца, што напрыканцы мая будзе зменены графік руху хуткасных цягнікоў “Мінск – Вільнюс” і “Вільнюс – Мінск”. На станцыі Гудагай гэты цягнік будзе стаяць толькі дзве хвіліны. Гэтага часу будзе дастаткова для таго, каб у цягнік маглі сесці пагранічнікі, якія цяпер праверку пасажыраў будуць праводзіць падчас следавання цягніка да станцыі Маладзечна і ў адваротным накірунку. Мяркую, – афіцыйнай інфармацыі ў нас пакуль няма – што пасажыры таксама змогуць падсесці ў гэтыя цягнікі.
Каб упэўніцца ў тым, што ніякіх праблем у пасажыраў не ўзнікне, мы папрасілі пракаменціраваць сітуацыю памочніка начальніка Смаргонскай пагранічнай групы па рабоце са сродкамі масавай інфармацыі Аляксандра Сяргеевіча Колабава:
– Прыкладна ў маі цягнікі “Вільнюс – Мінск” і “Мінск – Вільнюс” пачнуць хадзіць у хуткасным рэжыме – гэта значыць, што дабрацца з адной сталіцы ў другую можна будзе за дзве з паловай гадзіны. Звязана гэта з тым, што кіраўніцтва чыгункі вырашыла абапірацца на асноўныя патокі пасажыраў. У сувязі з гэтым, наколькі мне вядома, названыя цягнікі будуць спыняцца на станцыі Гудагай толькі для таго, каб у іх маглі сесці пагранічнікі для праверкі дакументаў, якая будзе ажыццяўляцца падчас руху.
Выходзіць, дабрацца ў Мінск са станцыі Гудагай і вярнуцца з яго хуткасным цягніком за 1 гадзіну 48 хвілін, як зараз, у пасажыраў з Астравеччыны не атрымаецца?
Канешне, да камфорту хутка прывыкаеш: зноў перасесці на дызель, а потым на электрычку – ужо непрывычна. Ды і не хочацца, як і некалькі гадоў назад, трэсціся амаль чатыры гадзіны да Мінска.
Паспрабуем разабрацца, што рабіць тым жа студэнтам, як цяпер ім давядзецца дабірацца да Мінска і ехаць на выхадныя да бацькоў?
– Адмена пасадкі пасажыраў на станцыі Гудагай у хуткасныя цягнікі №015, 016, 037, 038, нават калі яна адбудзецца, зусім не азначае, што пасажыры мясцовых накірункаў, якія едуць з Гудагая ў Мінск і наадварот, будуць пазбаўлены магчымасці з камфортам дабрацца да сталіцы нашай краіны. Беларуская чыгунка плануе, наколькі мне вядома, што цягнікі №201 і №202, якія сёння курсіруюць паміж Мінскам і Вільнюсам толькі па выхадных і святочных днях і не з’яўляюцца хуткаснымі, будуць хадзіць кожны дзень, – паведаміў Аляксандр Сяргеевіч. – Да таго ж існуе шэраг іншых цягнікоў, якімі можна дабрацца з Гудагая ў Мінск.
Што ж датычыцца ўпраўлення беларускай чыгункі, то на наш афіцыйны запыт яе кіраўніцтва ніяк – прынамсі, пакуль што – не адрэагавала. А каменціраваць сітуацыю па тэлефоне адмовілася, спаслаўшыся на тое, што пакуль што праводзіцца вывучэнне гэтага пытання.
ЧЫМ ЖА СЁННЯ МОЖНА ДАБРАЦЦА ДА МІНСКА І ВЯРНУЦЦА Ў ГУДАГАЙ? ВАРЫЯНТАЎ НЕКАЛЬКІ.
Цягнікі №015 і №037 “Мінск – Вільнюс”: адпраўляюцца з Мінска ў 07.45 і 18.50, і прыбываюць у Гудагай у 09.34 і 20.39 адпаведна; цягнікі №038 і №016 “Вільнюс – Мінск”, адпраўленне з Гудагая – 8.17 і 20.22, прыбыццё ў Мінск – 10.05 і 22.10.
Гэта тыя самыя хуткасныя цягнікі, якія пераадольваюць адлегласць ад Мінска да Гудагая ўсяго за 1 гадзіну 48 хвілін.
Кошт білетаў цалкам прымальны – месца ў плацкартным вагоне каштуе 20 400 рублёў, у купэ – 27 850 беларускіх рублёў. І тыя самыя, якія стануць выключна міжнароднымі, і на якіх мы, калі верыць каментарыям пагранічнікаў, ездзіць не зможам.
Акрамя гэтых цягнікоў, па выхадных і святочных днях курсіруюць цягнікі №201 “Мінск – Вільнюс” і №202 “Вільнюс – Мінск”. Білет у агульным вагоне каштуе 13 тысяч 550, у плацкартным – 20 400, у купэйным – 27 850. Гэта тыя самыя цягнікі, якія пасля новаўвядзення, магчыма, будуць хадзіць кожны дзень. На іх таксама даволі хутка можна дабрацца да Мінска ці вярнуцца з яго ў Гудагай – у шляху цягнік праводзіць 2 гадзіны 13 хвілін. Магчыма, для астраўчан гэта выйсце?
Але… Пакуль што гэтыя цягнікі ходзяць толькі раз у дзень, прычым толькі ў выхадныя і святочныя дні. Гэта значыць, што з Мінска вы можаце выехаць ў 08.17 раніцы і прыехаць у Гудагай у 10.12. А вось з Гудагая у Мінск цягнік адпраўляецца толькі вечарам у 21.20, а прыбывае ў Мінск – у 23.33.
Ёсць яшчэ некалькі цягнікоў, якімі можна дабрацца з Гудагая ў Мінск.
Цягнік №7336 “Гудагай – Мінск”: адпраўленне з Гудагая – 07.49, прыбыццё ў Мінск – 10.39. У гэтым выпадку ў дарозе вы правядзеце 2 гадзіны 50 хвілін. А за білет заплаціце ўсяго 10 тысяч 700 беларускіх рублёў. Цягнік №7338 “Гудагай – Мінск” адпраўляецца з Гудагая вечарам – у 20.31, у 23.09 вы ўжо будзеце ў Мінску. У “вячэрнім” цягніку білеты ў залежнасці ад тыпу вагона каштуюць 13 550, 20 400 і 27 тысяч 850 беларускіх рублёў.
З Мінска ў Гудагай таксама ідуць цягнікі мясцовага фарміравання №7335 і №7337. Адпраўляюцца яны з Мінска ў 06.10 і 17.53 і адпаведна прыбываюць у Гудагай у 09.02 і 20.56.
Можна скарыстацца і дызель-цягнікамі, якія ідуць з Гудагая да Маладзечна, а затым даехаць электрычкамі да Мінска. Дызель-цягнікі з Гудагая адпраўляюцца ў 05.39, 09.36, 10.58, 15.46 (па выхадных і святочных днях), 18.04 і 21.28. Білет да Мінска каштуе 10700 беларускіх рублёў. Праўда, у такім выпадку ваша падарожжа расцягнецца больш чым на чатыры гадзіны.
Дарэчы, калі ні адзін з пералічаных спосабаў вам не даспадобы, можна скарыстацца цягнікамі дальняга следавання, кшталту “Калінінград – Масква” і іншымі. Праўда, заплаціць за камфорт давядзецца нашмат больш – у сярэднім ад 30 да 170 тысяч беларускіх рублёў у залежнасці ад тыпу вагона і цягніка.
Застаецца нявысветленным пакуль і пытанне, ці змогуць сесці на хуткасныя цягнікі пасажыры, якія едуць у Вільнюс – для іх гэты варыянт таксама вельмі зручны і папулярны на сённяшні дзень.
ПАСЛЯСЛОЎЕ
Нават калі хуткасныя цягнікі №015, 016, 037, 038 “Вільнюс – Мінск” і “Мінск – Вільнюс” забіраць пасажыраў у Гудагаі не будуць, цягнікоў, каб дабрацца ў Мінск і назад больш, чым дастаткова. Напэўна ж, будзе вырашана пытанне і з пасажырапатокам у Літву. Адзінае, што мы згубім, – гэта час. Аднак ён у апошнія гады для многіх каштуе вельмі дорага.
Як толькі кіраўніцтва беларускай чыгункі дасць адказ на наш афіцыйны запыт аб следаванні хуткасных цягнікоў “Вільнюс – Мінск” і “Мінск – Вільнюс”, мы пазнаёмім з ім нашых чытачоў.
-----------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.