Будь в "молочной" теме: какие изменения ожидаются с 1 сентября 2015 года
Ідзе сезон нарыхтоўкі “вялікага” малака. Хочацца яшчэ раз нагадаць патрабаванні да яго якасці – у прыватнасці, таго, што нарыхтоўваецца на асабістых падворках. Тым больш што з 1 верасня ўступаюць у сілу змяненні: малако, якое мае кіслотнасць вышэй чым 18°Т, атрыманае за 7 дзён да запуску і 7 дзён пасля ацёлу кароў, прымацца не будзе. З восені стануць больш жорсткімі патрабаванні і да рэшткавай колькасці антыбіётыкаў. Паважаныя гаспадары рагуль, помніце: масавая доля тлушчу і бялку ў малацэ, якое вы здаеце малаказборшчыку, павінна быць не менш чым 2,8 працэнта, а сухі абястлушчаны астатак павінен пакідаць не менш чым 8,2 працэнта. Не прымаецца малако, атрыманае за 5 дзён да запуску і 7 дзён пасля ацёлу, ад хворай жывёлы, з рэшткавай колькасцю антыбіётыкаў, свежаздоенае малако, і тым больш разведзенае вадой, расліннымі тлушчамі, з дабаўленнем антыакісляльнікаў і іншых рэчываў.
Тэмпературны рэжым
Тэмпература малака пры яго здачы не павінна быць вышэй чым 10°C. Для гэтага выконвайце наступныя правілы:
- сцэджвайце малако ў чысты посуд пасля папярэдняй грунтоўнай апрацоўкі малочнай залозы каровы;
- фільтруйце малако праз лаўсан, бязь, 3-4 слаі марлі;
- малако патрэбна ахаладзіць адразу пасля дойкі, таму што праз дзве гадзіны адбываецца змяненне яго мікрафлоры (гэта прыводзіць да пачатку працэсу скісання малака), праз 3-4 гадзіны гэты працэс ужо незваротны;
- ні ў якім выпадку не змешвайце ахалоджанае малако са свежаздоеным;
- не выстаўляйце малако для здачы з вечара;
- пасля лячэння жывёлы праверце малако на рэшткавую колькасць антыбіётыкаў. У залежнасці ад фізічнага стану і іншых фактараў у арганізме каровы антыбіётык можа назапашвацца і доўга не выводзіцца. Лепш вытрымайце падвоены тэрмін чакання.
Хітрыкі не пройдуць!
Асноўныя праблемы, якія ўзнікаюць пры прыёме малака з асабістых падворкаў людзей, гэта:
Павышаная кіслотнасць. Асноўная прычына – несвоечасовае ахалоджванне малака (асабліва ў спякотнае надвор’е); дабаўленне свежаздоенага малака да ахалоджанага; падзняцце вяршкоў, дабаўленне кіслага (пракіслага) малака.
Дабаўленне вады прыводзіць да змяншэння масавай долі тлушчу і бялку, змяншэння сухога астатку.
Варта памятаць, што аплата за малако праводзіцца па заліковай вазе з улікам базіснай тлустасці, якая складае 3,6 працэнта, – а разбаўленае вадой малако ўвогуле не прымаецца.
Рэшткавая колькасць антыбіётыкаў узнікае пры незахаванні тэрмінаў вытрымкі пасля прымянення лякарстваў. Такое малако небяспечна ўжываць у ежу: яно выклікае расстройства стрававання, імуннай сістэмы, гарманальнага фону.
Калі завод атрымлівае нядобраякасную прадукцыю, на населены пункт, адкуль паступіла малако, распаўсюджваецца забарона на здачу малака да атрымання двух адмоўных вынікаў падвоенай пробы і ўстанаўлення вінаватай асобы. Першае даследаванне павінна быць праведзена не раней чым праз 10 дзён пасля ўстанаўлення факту. Парушальнік ветэрынарна-санітарных правілаў можа атрымаць штраф да 25 базавых велічынь. Акрамя гэтага, малаказборшчык мае права падаць іск на кампенсацыю расходаў на забор, транспарціроўку і аналіз непрыдатнага да здачы малака.
В. КЛАЧКЕВІЧ, інжынер па закупцы і якасці сыравіны Ашмянскага сыраробнага завода.
