Бібліякараван “Партызанская паляна” завітаў да жыхароў аграгарадка Малі


Пытанне гістарычнай памяці і сёння застаецца актуальным. Як ніколі важна данесці праўду пра падзеі, якія мелі месца шмат дзесяцігоддзяў таму, маладому пакаленню.

У межах патрыятычнага праекта “80 мірных гадоў! Беларусь памятае” Мальская сельская бібліятэка падрыхтавала бібліякараван “Партызанская паляна”.

Удзельнікамі яго сталі юныя патрыёты, якія пераапрануліся ў ваенную форму і акунуліся ў вір ваенных падзей.





І ў бібліятэцы, і на вуліцах аграгарадка юныя патрыёты распавядалі пра подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Старажылы аграгарадка пранікнёна слухалі маладых людзей, на вачах некаторых выступалі слёзы. Пра ваенныя падзеі яны ведаюць не толькі з кніг, але і з аповедаў сваіх бацькоў і родных, якія калісьці прымалі ўдзел у баявых дзеяннях.

Школьнікі паразважалі аб важнасці міру і стваральнай працы, а бібліятэкар пазнаёміла прысутных з творчасцю паэтаў-франтавікоў.



Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, бібліятэкар раённай бібліятэкі.