Бесплатные лекарства положены детям до трёх лет
У рэдакцыю газеты звярнулася жанчына, якая цікавілася, ці можна сёння атрымаць рэцэпт на бясплатнае набыццё лекаў для дзіцяці, якому споўнілася два гады? «Раней, – сцвярджала жанчына, – такое практыкавалася ў нашай бальніцы. Ці ёсць такая магчымасць цяпер?»Наколькі я памятаю, гадоў 12 назад бясплатныя лекі выдаваліся на лячэнне дзяцей да трох гадоў – сын хварэў, і звяртацца ў бальніцу даводзілася часта. У якім стане такая практыка знаходзіцца сёння, не ведаю.
Мы адрасавалі пытанне жанчыны раённаму ўрачу-педыятру Галіне Мікалаеўне Зубель:
– Наша дзяржава стараецца аказаць дапамогу кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу. Іншая справа, калі мы не ведаем пра такую дапамогу ці не хочам карыстацца ёй, хаця і маем на гэта поўнае права. Напэўна, не ўсе ведаюць, што 22 сакавіка 2012 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў падпісаны ўказ №139 «Аб льготным забеспячэнні лекавымі сродкамі асобных катэгорый грамадзян», згодна з якім дзеці да трох гадоў могуць атрымліваць бясплатныя лекі, якія зарэгістраваны ў пераліку, зацверджаным Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Самай простай умовай для выпіскі бясплатнага рэцэпта з'яўляецца факт, што дзіця стаіць на ўліку ў паліклініцы і рэгулярна праходзіць медыцынскі агляд. Калі яно захварэла, неабходна абавязкова паказаць яго ўрачу, каб той пры неабходнасці выпісаў рэцэпт, па якім вы можаце бясплатна атрымаць лекі ў любой дзяржаўнай аптэцы.
Яшчэ раз нагадаю: бясплатна выдаюцца толькі лекавыя прэпараты, якія ўказаны ў пераліку. Дарэчы, пад катэгорыю бясплатных лекаў падпадаюць не толькі беларускія, але і замежныя прэпараты. Напрыклад, беларускія медыцынскія прадпрыемствы не выпускаюць ніякіх прэпартаў жалеза – у такім выпадку дзіцяці пры неабходнасці будуць выпісаны імпартныя.
Варта памятаць, што, каб атрымаць бясплатны рэцэпт на імя вашага дзіцяці, неабходна выпісаць картачку ўліку льготнага продажу лекавых сродкаў. Але перш за ўсё трэба прыйсці на прыём да педыятра.
-----------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.
