"Вось і лета прайшло, быццам і не бывала…"

Здаецца, толькі ўчора мы з нецярпеннем чакалі лета, звязвалі з ім свае надзеі на плённы і цікавы адпачынак, будавалі планы, адкладвалі грошы, куплялі сарафаны і шорты. А сёння чамусьці міжволі напяваюцца радкі “Вось і лета прайшло, быццам і не бывала…” І якія ж, цікава, з гэтых перададпускных планаў ажыццявіліся, а якія засталіся на донцы душы – чакаць другога лета і наступнага адпачынку?
З прапановай адказаць на гэтыя і іншыя пытанні, напісаць з дапамогай журналіста своеасаблівае сачыненне на тэму “Як я правёў лета і адпачынак?” мы звярнуліся да начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Тамары Аляксандраўны Кацяк і дырэктара Міхалішкаўскай школы Віктара Казіміравіча Казака.


— Раскажыце, калі ласка, як прайшло ваша лета? Ці ўдалося адпачыць?
Тамара Аляксандраўна:
Удалося, і вельмі цудоўна. Вы можаце не паверыць, але я ніколі ў жыцці нідзе не адпачывала — толькі ў мамы на вёсцы. Ні разу не была на моры. А сёлета сястра спакусіла мяне з’ездзіць адпачыць у Турцыю, усяго на тыдзень, тым больш што многіх цікавіць продажа недвижимости в Анталии. Ведаеце, такога адпачынку ў мяне не было ніколі! Мне здаецца, што такі ўвогуле немагчымы, калі ў водпуску застаешся дома, як я рабіла заўсёды. А тут я на тыдзень забылася пра ўсё: пра работу, пра родных, нават пра дачку. Адно тое, што не трэба думаць, што прыгатаваць на вячэру, а можна пайсці ў рэстаран і ўзяць усё, што табе хочацца — ужо адпачынак. Не ведаю, як мужчыны, а жанчыны мяне напэўна зразумеюць. Там я проста адпачывала! Купалася ў Міжземным моры, знаёмілася з новай краінай, ездзіла на экскурсіі… Гэта была проста казка. Неапісальная…
Віктар Казіміравіч: Я лічу, што адпачынак ўдаецца не тады, калі атрымліваецца некуды з’ездзіць, а калі можна заняцца тым, што табе падабаецца, чым хочацца. Ці атрымалася гэта ў мяне сёлетнім летам? А як жа! Вось, да прыкладу, рамонтам школы і падрыхтоўкай яе да новага навучальнага года займаўся – які ж можа быць адпачынак у дырэктара без гэтага абавязкова занятку? Але ён настолькі арганічна ўпісваецца ў наш адпачынак, што інакш і лета – нібы не лета.
Але не рамонтам адзіным… На возера Свір удалося некалькі разоў выбрацца – і з сям’ей, і сябрамі, і з калектывам – у нас такая традыцыя. Так што лета, лічу, удалося. Скардзіцца няма на што.
— І якія самыя яркія ўражанні ад мінуўшага адпачынку?
Тамара Аляксандраўна:
Іх шмат, і ўсе яны звязаны з Турцыяй. Першае знаёмства з морам, горы, якія ўбачыла на свае вочы. Экскурсіі. Мяне, як будаўніка, вельмі цікавіла іх архітэктура. А яшчэ — турэцкая лазня. Басейн Клеапатры. Ды ці ўсё пералічыш? Усе восем дзён знаходжання ў Турцыі – адно вялізнае яркае ўражанне.
Віктар Казіміравіч: Самае яркае ўражанне ад лета – само лета. Сапраўднае, якога даўно не было. Нехта жаліўся на спякоту. А я лічу: хай лепш такое, чым ні тое, ні сёе, калі летам і не сагрэешся.
А яшчэ адзін з найбольш яркіх момантаў адыходзячага лета – чэмпіянат свету па футболе – і ён не прайшоў міма нас. Захапляючае відовішча, балельшчыкі, да якіх адношу і сябе, адвялі душу.
— Ці былі нейкія непрыемныя моманты, якія азмрочылі ваш адпачынак?
Тамара Аляксандраўна:
Хіба тое, што ён закончыўся вельмі хутка. Усё-такі тыдня для паездкі на мора малавата, хоць бы дзён дзесяць…
І яшчэ тое, што, калі вярталіся назад, дванаццаць гадзін прасядзелі ў Маскве, у аэрапорце Шарамецьева, у дыме і смогу, якімі была ахутана ў тыя дні расійская сталіца. Увогуле, Масква, хоць мы і былі ў ёй толькі праездам, мне не спадабалася – брудна, ніякага сервісу для пасажыраў – толькі грошы дзяруць за ўсё на свеце: бутэлечка пітной вады – тры долары. І як гэта можа быць: у сталіцы саюзнай дзяржавы немагчыма памяняць беларускія грошы? Дыскрымінацыя, ды і толькі.
Віктар Казіміравіч: Ды не было нічога непрыемнага – усё было добра. Занадта аптымістычна, лічыце? Дзіўна: сябры мяне ўвогуле называюць песімістам. Хоць я лічу, што я — рэаліст. Але апошнім часам прыходжу да высновы, што ва ўсім трэба бачыць добрае, пазітыўнае – тады лягчэй жыць.
— З якім настроем пасля адпачынку прыступілі да работы?
Тамара Аляксандраўна:
Нездарма кажуць, што ніхто так не мае патрэбы ў адпачынку, як чалавек, які толькі што з яго вярнуўся. Хоць я, як толькі прыехала, амаль кожны дзень выходзіла на работу – то тое трэба, то гэта. Але ўсё ж сённяшні першы працоўны дзень пасля адпачынку даўся даволі цяжка… Хоць і засумавала ўжо без спраў.
Віктар Казіміравіч: Такая з’ява, як пасляадпускная дэпрэсія, пра якую любяць расказваць псіхолагі, мне незнаёмая. Я заўсёды выходжу на работу з задавальненнем, а пасля адпачынку – асабліва.
Зноў пайсці ў водпуск мне захочацца недзе праз месяц… Але можа, не варта пра гэта і ўзгадваць? Калі яшчэ той месяц міне…
— А пра які адпачынак вы марыце? Калі б у вас былі неабмежаваныя магчымасці, як бы вы яго правялі лета сваёй мары?
Тамара Аляксандраўна:
Я б яшчэ раз паехала ў Турцыю! Толькі ўжо не на тыдзень, а хоць бы на два. І не на Міжземнае мора, а на Эгейскае – каб больш даведацца пра краіну, наведаць іншыя мясціны.
Віктар Казіміравіч: Неабмежаваныя – гэта значыць невыканальныя? Ну, калі б у мяне былі такія магчымасці, я б перасунуў возера Нарач бліжэй да Міхалішак. Хоць і ў нас тут вельмі прыгожа — Вілія і ўсё такое, хто прыязджае ў госці, то нахваліцца не можа. Але мне больш даспадобы Нарач – вось каб плёскалася яна прама пад акном…
А на Канарскія астравы я б не паехаў, нават калі б у мяне было шмат грошай – нецікава мне там…


“Сачыненні” аб праведзеным водпуску запісвала Ніна АЛЯКСЕЕВА.