Айцец Аркадзь Куляха заахвочвае вернікаў да ўмацавання кансалідацыі беларускага грамадства
– Касцёл вучыць, што народ і дзяржава з’яўляюцца істотнымі элементамі грамадскага жыцця, і заахвочвае да супрацоўніцтва паміж імі дзеля агульнага дабрабыту і сацыяльнага міру.
Умацаванне кансалідацыі беларускага грамадства і ўсвядомлены ўдзел грамадзян у працэсах дзяржаўнага будаўніцтва – гэта складаная задача, якая патрабуе намаганняў усіх беларусаў. Касцёл, са свайго боку, робіць значны ўклад, абапіраючыся на сваё вучэнне.
Існуюць тры асноўныя прынцыпы, якія маюць найбольш важнае прымяненне ў арганізацыі жыцця ў грамадскай сферы: агульнае дабро, салідарнасць і субсідыярнасць.
Прынцып агульнага дабра – адзін з фундаментальных элементаў каталіцкага сацыяльнага вучэння. Яго вытокі можна прасачыць у антычнасці, калі Платон і Арыстоцель падкрэслівалі, што служэнне агульнаму дабру з’яўляецца найважнейшым абавязкам дзяржавы.
У хрысціянскай традыцыі святыя Аўгустын і Тамаш Аквінскі развілі гэтую ідэю, дадаўшы ёй евангельскае, этычна-маральнае і патрыятычнае вымярэнне.
Агульнае дабро – гэта таксама мір, гэта значыць трываласць і бяспека справядлівага парадку. Гэты парадак заснаваны на праўдзе, пабудаваны ў справядлівасці і ажыўлены любоўю.
Неабходна, каб усе, незалежна ад ролі, сацыяльнага статус, удзельнічалі ў развіцці супольнага дабра і грамадства. Гэта праяўляецца ў першую чаргу ў выкананні штодзённых задач. Напрыклад, выхаванні дзяцей, добрасумленнай працы.
Адказнасць азначае, што кожны чалавек абавязаны клапаціцца і рабіць усё магчымае дзеля паляпшэння сацыяльнага, палітычнага і эканамічнага жыцця, што вельмі важна для пабудовы справядлівага і ўстойлівага грамадства.
Касцёл заахвочвае ўсіх да міжканфесійнага і міжкультурнага дыялогу і пазнання паміж рознымі групамі насельніцтва, спрыяючы ўзаемаразуменню і павазе, што ў сваю чаргу можа дапамагчы пераадолець недавер, які бярэ пачатак з неразумення.
Салідарнасць – гэта хрысціянская цнота, дзякуючы якой рэалізуецца падзел духоўных дабротаў яшчэ больш, чым матэрыяльных.
Субсідыярнасць – ключавы элемент каталіцкага сацыяльнага вучэння. Этымалагічна яно паходзіць ад лацінскага слова «субсідыя», што перакладаецца як дапамога. Гэты прынцып таксама важны для стварэння і кансалідацыі грамадзянскай супольнасці і функцыянавання дэмакратычнай дзяржавы.
Сям’я – аснова грамадства. Касцёл адыгрывае важную ролю ва ўмацаванні каштоўнасцей, спрыяючы фарміраванню ў дзяцей і моладзі веры ў Бога, любові да бліжняга і краіны, адказнасці, павагі да закона. Ён не ўдзельнічае ў палітыцы ў партыйным сэнсе, але адыгрывае важную ролю ў фарміраванні грамадзянскай супольнасці, заснаванай на прынцыпах справядлівасці, салідарнасці і павагі да чалавечай годнасці. Поспех гэтага працэсу залежыць ад супрацоўніцтва паміж Касцёлам, дзяржавай і грамадзянамі, а таксама ад гатоўнасці саміх людзей актыўна ўдзельнічаць у жыцці краіны.
Год 2025 – гэта таксама нагода да асаблівай малітвы і духоўнай падтрымкі ўсіх, хто стварае супольнасць Беларусі. Менавіта малітва, а таксама сапраўднае хрысціянскае жыццё веруючых нашай краіны ды паводзіны паводле праведнага сумлення спрыяюць будаванню шчаслівай будучыні Беларусі. З гудагайскага санктуарыя ўзносіцца пастаянна малітва да Бога аб узаемнай любові грамадзян, а таксама дабрабыце нашага краю. Карыстаючыся нагодай, запрашаю наведваць наш касцёл – санктуарый у Гудагаі прызначаны юбілейнай святыняй, дзе можна атрымаць поўны адпуст.