Аварыя – вучэбная, ліквідацыя – сапраўдная…

З 19 па 21 кастрычніка ў нашым раёне праходзілі вучэнні па арганізацыі абароны насельніцтва і тэрыторыі Астравецкага раёна ад надзвычайных сітуацый у мірны і ваены час. Усе здарэнні, зразумела, былі вучэбнымі, але ўсе, хто ў іх прымаў удзел, рабілі сваю справу з поўнай сур’ёзнасцю.


Падчас вучэнняў удасканальваліся навыкі работы органаў кіравання Дзяржаўнай Сістэмы папярэджання па надзвычайных сітуацыях і грамадзянскай абароне пры выкананні мерапрыемстваў па ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Таксама была праведзена ацэнка падрыхтоўкі тэрытарыяльных і аб’ектавых сіл Дзяржаўнай Сістэмы папярэджання па надзвычайных сітуацыях і грамадзянскай абароны да практычных дзеянняў па ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый.
У адпаведнасці з уводнай, у ноч з 19 на 20 кастрычніка на тэрыторыі раёна прайшоў ураган, які суправаджаўся моцным ліўневым дажджом. Хуткасць ветру дасягала 30 метраў за секунду. У выніку пацярпела 16 населеных пунктаў, былі пашкоджаны 32 жылыя дамы, 8 ферм, абясточана 11 населеных пунктаў і 9 сельскагаспадарчых пабудоў, адключана электразабеспячэнне фермы сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву «Гудагай» у вёсцы Германішкі. Таксама была парушана тэлефонная сувязь з вёскамі Варняны, Міхалішкі, Гервяты.
У арганізацыях і службах грамадзянскай абароны раёна былі арганізаваны работы па ліквідацыі наступстваў урагану. У СВК «Гудагай» разгарнулі і падключылі перасоўную дызельную электрастанцыю для падачы электраэнергіі энергакарыстальнікам фермы.
На асабістых падворках у пасёлку Гудагай была зафіксавана ўспышка птушынага грыпу. Адзначаны масавы падзёж птушкі. Ліквідацыяй наступстваў было паручана займацца Астравецкаму раённаму цэнтру гігіены і эпідэміялогіі і Астравецкай раённай ветэрынарнай станцыі.
Чарговае здарэнне “адбылося” на чыгуначнай станцыі Гудагай: у выніку памылкі машыніста сутыкнуліся два саставы. Здарылася разгерметызацыя двух цыстэрн з аміякам, атручванне моцнадзеючымі рэчывамі і розныя ступені паражэння атрымалі чатыры супрацоўнікі чыгуначнай станцыі. Сіламі РАНС здарэнне было хутка ліквідавана: выратавальнікі арганізавалі эвакуацыю персаналу з зоны магчымага заражэння, а забруджаная тэрыторыя была ачэплена.
Наступным здарэннем стала аварыя на Смаленскай атамнай электрастанцыі: радыёактыўнае воблака дасягнула Астравецкага раёна і тэрмінова спатрэбілася санітарная апрацоўка 80 чалавек. Гэтая аперацыя праводзілася на базе гарадской лазні, дзе быў разгорнуты пункт рэчавага забеспячэння ад раённага спажывецкага таварыства, а абеззаражанне транспарту праводзілася на базе аўтапарка №4. Ёдная прафілактыка была праведзена ў дзіцячым цэнтры развіцця дзіцяці №1 у Астраўцы, а на базе раённых электрасетак разгарнуўся аб’ектавы пункт выдачы сродкаў індывідуальнай абароны. Былі прыведзеныя ў гатоўнасць супрацьрадыяцыйныя ўкрыцці ЦРБ і пост радыяцыйна-хімічнага кантролю ў санстанцыі.
У цэнтральнай раённай бальніцы ў выніку кароткага замыкання электрасеткі адбыўся пажар – апёкі рознай ступені атрымалі 8 чалавек. Прыбыўшыя на месца здарэння падраздзяленні РАНС хутка прыступілі да ліквідацыі наступстваў надзвычайнага здарэння. Раённы аддзел унутраных спраў арганізаваў ачапленне і бесперашкодны праезд да месца пажару аператыўных служб.
А на Астравецкім заводзе “Радыёдэталь” адбыўся выбух. Пад заваламі будынка знаходзіліся людзі. Для выратавання іх і для разборкі завалаў была прыцягнута зводная каманда грамадзянскай абароны раёна. Санітарная дружына аб’екта ў гэты час аказвала дапамогу пацярпеўшым.
Ва ўнівермагу выпадкова быў разбіты ртутны тэрмометр. Для дэмеркурызацыі ртуці прыбылі падраздзяленні РАНС і ГА «Астравецкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і аховы здароўя».
Удзел у вучэннях прынялі амаль усе арганізацыі нашага раёна, якія за гэтыя некалькі дзён паказалі, што да магчымых надзвычайных здарэнняў яны падрыхтаваны: нехта лепш, іншыя – горш. Многія кіраўнікі і работнікі праявілі поўнае ўзаемаразуменне і годна і зладжана спрацавалі на вышэйшую адзнаку, але хапае і пралікаў, і памылак на некаторых прадпрыемствах нашага раёна.


Генадзій КАЛТАН, начальнік РАНС.