Астравецкія калектывы выступілі на сцэне выставы «Мая Беларусь»
Народныя ансамблі народнай песні «Світанак» і «Кемяліна» і народны ансамбль народных інструментаў «Скарбніца» ў мінулыя выхадныя прадставілі Астравеччыну на выставе дасягненняў «Мая Беларусь».
Кожны з жыхароў раёна ведае, як умеюць запальваць добрымі эмоцыямі і пазітыўным настроем удзельнікі нашых творчых калектываў. Цяпер пра іх зараджальнасць даведаліся і госці самай маштабнай выставы Беларусі. Галасы, танцы і ўсмешкі астраўчан, можна быць ўпэўненымі, скарылі новую аўдыторыю.



Уражаннямі ад выставы і выступлення падзялілася кіраўнік «Скарбніцы» Надзея Шарэйка:
– Я ў такім захапленні ад усяго! Гэта штосьці неверагоднае! І, безумоўна, тое, што дае магчымасць ганарыцца сваёй краінай: нашымі распрацоўкамі і таленавітымі, працавітымі людзьмі. Усё на вышэйшым узроўні!
У нас, артыстаў, было не так шмат часу, каб дасканала пазнаёміцца з экспазіцыямі выставы, – рыхтаваліся да выхаду на сцэну. Але паспелі паглядзець прэзентацыі ўсіх абласцей. Прыгажосць – адным словам! Асабліва захапілі нас стэнды Міністэрства лясной гападаркі, дзе ў 3D-фармаце прадстаўлены экасістэмы ў розныя поры года. Брэстчына вельмі прыгожа зрабіла зорку героя.
Што тычыцца канцэрта, то менавіта наш калектыў упершыню трапіў на мерапрыемства такога маштабу. Прызнаюся, моцна хваляваліся: гэта ж выстава дасягненняў – а значыць і мы чагосьці дасягнулі, паколькі нас туды запрасілі. Прыемна, што было шмат гледачоў і яны вельмі цёпла і гасцінна сустракалі артыстаў. Апладысменты з залы, крыкі «Малайцы!» і «Брава!» – гэта лепшая адзнака творчасці калектываў. Лічу, мы разам з нашымі салістамі добра выступілі.
Фота і відэа з архіва Дзіцячай школы мастацтваў і тэлеграм-канала «Культура Островетчины».
