"Астравецкая праўда" запускае на сайце ostrovets.by новы праект "Відэа-Астравеччына"

Цяпер навіны Астравецкага раёна можна не толькі чытаць на старонках газеты ці на нашым сайце ostrovets.by, але і глядзець на нашым сайце.


Пакуль што у Астраўцы няма свайго тэлебачання. Але затое ёсць сайт “Астравецкай праўды”, дзе існуе магчымасць змяшчаць відэаролікі. Гэта, канешне, не тэлебачанне – і ўсё ж лепш, чым нічога… Скарыстаць гэтую магчымасць мы вырашылі, каб не толькі расказваць жыхарам раёна пра асноўныя навіны і падзеі, але і паказваць цікавыя сюжэты.
Першы з такіх відэаролікаў мы змяшчаем  на нашым сайце ostrovets.by напярэдадні 8-га Сакавіка – і таму заканамерна, што ён прысвечаны жанчынам. Калі гаварыць больш канкрэтна, то некаторым з тых, чые партрэты змешчаны на раённую Дошку гонару.
Наперадзе вас чакаюць новыя відэаролікі аб людзях і падзеях Астравеччыны. На жаль, у рэдакцыі пакуль няма адпаведнага абсталявання, і якасць іх пакуль не самая лепшая, але трэба спадзявацца, што з’ява гэтая часовая, і неўзабаве на сайце “Астравецкай праўды” з’явіцца відэа вартай якасці.
Таксама мы вельмі спадзяемся, што нашы чытачы і наведвальнікі сайта далучацца да гэтай цікавай справы і стануць дасылаць нам свае відэаролікі пра жыццё Астравеччыны і яе людзей – так мы разам пачнём пісаць відэалетапіс жыцця нашага раёна.
Чытайце, глядзіце, здымайце, дасылайце – і будзем сябраваць і надалей!


Ніна РЫБІК.