Астравецкі лясгас аказаўся на 19 месцы сярод 95 лясгасаў рэспублікі
Дарога – будзе!
У гэтым годзе Астравецкаму лясгасу быў выдзелены з бюджэту 1 мільярд рублёў на будаўніцтва лясных дарог.
Зараз актыўна вядзецца работа ў гэтым накірунку. Дзяржаўная прыёмачная камісія падрыхтавала заключэнне аб прыгоднасці да здачы ў эксплуатацыю першага пускавога комплексу лесагаспадарчай аўтадарогі №7 працягласцю 3 кіламетры, якая праходзіць паміж Падольскім і Кямелішкаўскім лясніцтвамі.
Нягледзячы на пэўныя цяжкасці з фінансаваннем і затрымкі з боку падрадных арганізацый, гэты аб’ект будзе прыняты ў эксплуатацыю згодна з планам у бягучым годзе.
Два выпадкі трыхінелёзу
За 35 гадоў існавання лесапаляўнічай гаспадаркі не было зарэгістравана ніводнага выпадку захворвання драпежных жывёл трыхінелёзам. На жаль, у гэтым годзе гэты дыягназ пастаўлены ўжо ў другі раз.
У абодвух выпадках трыхінелёз – захворванне, якое вызываецца паразітаваннем у мышачных тканках жывёл лічынак дробнага гельмінту – выяўлены ў драпежных кабаноў. Жывёла ўтылізаваная згодна з санітарнымі нормамі і правіламі, а паляўнічыя і ветэрынары ўзялі пад больш пільны кантроль правядзенне ветэрынарнай экспертызы.
Дзевятнаццатыя ў рэйтынгу
Міністэрствам лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь падведзены вынікі работы лясгасаў галіны за 9 месяцаў. Па традыцыі складзены эканамічны рэйтынг арганізацый. Астравецкі лясгас аказаўся на 19 месцы сярод 95 лясгасаў рэспублікі.
Для пабудовы рэйтынгу лясгасаў узяты асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, паляпшэнне фінансавага становішча і павышэнне ўзроўню зарплаты. Дзякуючы граматнай палітыцы прадпрыемства, Астравецкаму лясгасу ўдалося заняць дастойнае месца ў рэйтынгу.
Нягледзячы на нялёгкае эканамічнае становішча ў краіне, павышаецца зарплата работнікаў прадпрыемства (з 1 лістапада тарыфная стаўка 1 разраду для работнікаў прамысловага комплексу вырасла са 180 да 250 тысяч рублёў), захоўваюцца ўсе сацыяльныя выплаты, прадугледжаныя калектыўным дагаворам, аказваецца падтрымка маладым спецыялістам – ім на 10 працэнтаў павышаюцца тарыфныя аклады, выплачваецца кампенсацыя за наём жылля. Усё гэта было б немагчыма без зладжанай работы калектыву і павелічэння аб’ёмаў рэалізацыі прадукцыі. Астравецкі лясгас з’яўляецца адным з лепшых экспарцёраў галіны. Каля 60 працэнтаў выпускаемай прадукцыі ідзе на экспарт – піламатэрыялы, ацыліндраваныя вырабы, паліўныя брыкеты. І калі ў мінулым годзе ад экспарту атрымалі 1,6 мільёна долараў ЗША, то ў гэтым годзе плануецца выйсці на 2,3 мільёна долараў.
– Апошнім часам на экспартным рынку цэны на сырую драўніну падаюць, затое расце попыт на сухую прадукцыю. Значыць, прадпрыемству выгадна адпраўляць на экспарт высушаную прадукцыю. У сувязі з гэтым да новага года нам неабходна ўвесці ў эксплуатацыю дзве італьянскія сушыльныя камеры ўмяшчальнасцю 50 кубаметраў кожная, – расказвае галоўны інжынер Іван Чапукойць. – У планах – устанавіць больш прадукцыйнае абсталяванне ў цэху, а таксама павялічыць вытворчасць шчапы з 5 да 15 тысяч кубаметраў у год, каб 10 тысяч кубаметраў адпраўляць на экспарт.
Гарачая пара будаўнікоў
Самая напружаная пара настала ў будаўнікоў лясгаса – у прыватнасці ў майстра будаўніча-мантажных работ У.У. Рагаўцова і падрадных брыгад, якія працуюць на аб’ектах.
Да канца года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю службовы жылы дом у вёсцы Бялькішкі, кватэру ў вёсцы Вялікая Страча і новыя канторы Падольскага і Спондаўскага лясніцтваў, а таксама распачаць будаўніцтва адміністрацыйнага будынка Катлоўскага лясніцтва.
Вольга ШОЎКУН.