Астраўчанка Наталля Ачарэтава стварае карціны без пэндзля і фарбаў


Астраўчанка Наталля Ачарэтава стварае карціны без пэндзля і фарбаўВышыўка для Наталлі Ачарэтавай – не проста хобі, а неад'емная частка жыцця. Нягледзячы на тое што жанчына ўзначальвае Астравецкую раённую бібліятэку і вольнага часу ў яе няшмат, яна заўсёды знаходзіць гадзінку для любімай справы. 


Вышываныя карціны Наталлі Уладзіміраўны ўражваюць і здзіў­ляюць. Шыкоўныя стракатыя півоні, зімовыя матывы, вытанчаны сілуэт жанчыны, вядомая актрыса Одры Хэпберн – усё гэта створана рукамі нашай таленавітай зямлячкі. Удзяляе ўвагу Наталля Уладзіміраўна і біблейскім матывам. Напрыклад, яна вышыла некалькі карцін з выявай Мадонны. Самай маштабнай сярод іх з'яўляецца «Песня анёлаў» – над ёй жанчына працавала некалькі гадоў.

– Наталля Уладзіміраўна, як узнікла ідэя стварэння такой карціны?

– Біблейскія матывы заўсёды прываблівалі. Я ўжо вышывала воб­раз Мадонны, толькі ў меншым фармаце. Ідэя стварыць штосьці больш значнае ўзнікла нечакана, і спачатку я засумнявалася наконт яе ажыццяўлення, але ўсё атрымалася належным чынам.

– Колькі часу заняла праца над гэтай іконай?

– Я вышывала яе дзве зімы. Занятак дастаткова карпатлівы, бо патрабуе павышанай увагі. Тут нельга збіцца, апусціць або дадаць штосьці, пераблытаць колер. Таму, калі адчувала моцную стомленасць, за вышыўку не бралася. 

– Які далейшы лёс у «Песні анёлаў»?

– Ікона ўжо асвечана  ксяндзом і падаравана астравецкаму касцёлу Адшукання Святога Крыжа.

– Дзякуй за размову!   

Астраўчанка Наталля Ачарэтава стварае карціны без пэндзля і фарбаў

Гутарыла Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, 
Астравецкая раённая бібліятэка.