Астраўчане сталі ўдзельнікамі прэм’ернага паказу фільма “Культурны код”
5 верасня адбылася агульнанацыянальная прэм’ера новага фільма, знятага на кінастудыі “Беларусфільм” “Культурны код”. Разам з тысячамі беларусаў на прэм’ерным паказе прысутнічалі і дзве сотні астраўчан, якія прыйшлі тым вечарам у кінаканцэртную залу “Астравец”.
…Выпускнікі Акадэміі мастацтваў, будучыя рэжысёр і відэааператар, атрымліваюць заданне для сваёй дыпломнай работы: зняць фільм пра беларускія дзяржаўныя сімвалы – сцяг, герб і гімн. У юнака і дзяўчыны розныя падыходы да выканання гэтага праекта. Маладыя людзі ўвогуле вельмі розныя, але яны бяруцца за справу. Што атрымалася ў выніку? Гэта можна даведацца, паглядзеўшы мастацка-дакументальную стужку “Культурны код”.
Прагляду кінакарціны ў ККЗ “Астравец” папярэднічала прэзентацыя, падчас якой прадстаўнікі асноўных грамадскіх арганізацый раёна, маладыя людзі і ветэраны расказалі пра сваё ўласнае разуменне шматаблічнага паняцця “культурны код нацыі”.
Пра гэта ж – што, на іх думку, уваходзіць у культурны код нашага народа, а таксама пра ўражанні ад прагляду карціны – пасля завяршэння сеанса мы спыталі ў некаторых гледачоў.
Генадзь Бычко, старшыня раённага Савета дэпутатаў:
–Культурны код нацыі – гэта найперш яго генетычны код, які фарміраваўся на працягу доўгіх гадоў гісторыі, калі беларусы пад уплывам мноства фактараў станавіліся нацыяй, народам у самым цэнтры Еўропы. Шматпакутным, заўважу, народам: якія б войны ні ішлі на гэтай тэрыторыі, яны агнём і мячом праходзілі па нашых землях. І таму асноўныя рысы характару беларуса – міралюбівасць, талерантнасць, цярпімасць – у нашых генах, не валодаючы імі, мы проста не выжылі б. Дзе яшчэ вы знойдзеце краіну, дзе ў міры і добрасуседстве жывуць прадстаўнікі больш за 90 нацыянальнасцей, некалькіх рэлігійных канфесій, і не толькі хрысціянскіх? Хоць наша цярпімасць да чужых культур не азначае, што мы павінны забываць, што мы – беларусы, дамінуючая нацыя ў нашай незалежнай краіне.
У фільме цікава і даступна паказалі, што нашы дзяржаўныя сімвалы таксама з’яўляюцца часткай культурнага коду нашай нацыі. Яны побач, але часта мы іх не заўважаем: глядзім на нумар машыны – і бачым толькі лічбы, а не дзяржаўны сцяг, слухаем раніцай гімн – і варым каву. А гэта таксама павінна ўвайсці ў нашу падсвядомасць – як беларуская талерантнасць і любоў да бліжняга.
Сяргей Сяўко, вядучы спецыяліст групы ідэалагічнай работы РУП “БелАЭС”:

–Калі гаварыць эмацыянальна, то фільм атрымаўся светлы. Не цяжкі, не зацягнуты. Цікавы, пазнавальны, лёгкі, даступны, стыльны. Словам, маладзёжны. Яго абавязкова трэба паказваць моладзі, асаблівай рабочай. Вучнёўскай пра нашы дзяржаўныя сімвалы часта расказваюць на класных гадзінах, іншых мерапрыемствах, а старэйшыя, магчыма, ужо нешта прызабылі, а штосьці, магчыма, прапусцілі. Фільм ненавязліва дазваляе ўсё яшчэ раз узгадаць і, так бы мовіць, раскласці па палічках.
Мой асабісты культурны код – гэта перш за ўсё мае продкі, мая радня – бабуля, бацькі, нашы сямейныя традыцыі, нашы песні і казкі – тое, што завецца спадчынай.
Вадзім Вянгроўскі, дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм:

– Фільм цікавы, свежы, актуальны. Прыемна, што на прэм’ерным паказе прысутнічала шмат моладзі – маладыя спецыялісты, якія толькі прыйшлі на работу. Мне падалося, што ім было цікава, ды і большасці гледачоў у зале – таксама. Героі пазнавальна і даступна расказалі пра нашы дзяржаўныя сімвалы – герб, сцяг, гімн, пра тое, што азначаюць колеры і сімвалы. Усё гэта – наша сучасная гісторыя, якая, вядома ж, цесна пераплецена з савецкай: доўгі час мы былі адным цэлым. Гэта і з’яўляецца нашым культурным кодам і дапамагае беларусам самаідэнтыфікавацца як нацыі.
Антон Юркойць, педагог-псіхолаг, кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання Варнянскай СШ, старшыня савета працоўнай моладзі Астравецкага раёна:
–Народная прыказка “Дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся” ў маім разуменні і з’яўляецца культурным кодам нацыі. Гэта наша памяць пра ўсё, што звязана з нашай зямлёй, продкамі і тое, што мы можам і павінны перадаць будучым пакаленням.
Фільм, які мы сёння паглядзелі, адказвае на многія пытанні, якія ўзнікаюць у дзяцей і моладзі. Я з’яўляюся кіраўніком ваенна-патрыятычнага выхавання, мы са школьнікамі часта размаўляем пра дзяржаўную сімволіку – сцяг, гімн, герб. Думаю, што ў тых, хто паглядзіць гэты фільм, пытанняў стане менш. Тут на даступнай для дзяцей і моладзі мове паведамляюць нешта новае, што дапамагае лепш зразумець тое, пра што ўжо чулі. Думаю, гэты фільм павінен паглядзець кожны: ён дазваляе адчуць гонар за тое, што мы з’яўляемся грамадзянамі такой цудоўнай краіны як Беларусь.
