Астраўчане расказалі, які самы складаны ў студэнцтве для іх быў экзамен




Жыхароў Астравеччыны карэспандэнт «АП» папрасіў узгадаць сваё студэнцтва і самы складаны прадмет, які даводзілася здаваць.

Алена Сільвановіч, намеснік дырэктара школы:

 – Скончыла філала­гічны факультэт Гродзенскага дзярж­універсітэта імя Янкі Купалы. Не прыгадаю самы складаны экзамен, а вось пра самы запамінальны раскажу. Ад сту­дэнтаў старэйшых курсаў мы ведалі, хто з выкладчыкаў чым дыхае, хто ставіць адзнаку «аўтаматам», а хто задае шмат дадатковых пытанняў. Казалі, прафесар Марыя Іосіфаўна Канюшкевіч на экзамене па рускай мове таму, хто выцягне білет №13, ставіць адзнаку па жаданні студэнта. Многія марылі пра гэта, але толькі не я – прывыкла спадзявацца на сябе, а не на шанцаванне. Экзамен. Выцягваю білет і, нават не паглядзеўшы на яго нумар, пайшла рыхтавацца. Якім было маё здзіўленне, калі педагог замест таго, каб мяне выслухаць, папрасіла залікоўку і паставіла «пяцёрку».

Сяргей Шэін, старшыня ветэранскай арганізацыі РАУС:

 – Найцяжэй дава­ліся дапаможныя гістарычныя дысцып­ліны, тым больш што выкладалі іх на першым курсе. Трэба было запомніць неверагодную колькасць лічбаў, дат… Але многае залежыць не толькі ад сутнасці прадмета, але і выкладчыка. З-за спецыфічнай тэрміналогіі «Гісторыю краін Усходу» любілі «найбольш». На ўсё жыццё запомнілася фраза, якой палохалі аднагрупніц: «кебаб акбар вальянс інжыбал лубіян». 

Аксана Масойць, бухгалтар:

 – Самы складаны прадмет, як і ўвогуле першая сесія ва ўніверсітэце,  – «Тэорыя бухгалтарскага ўліку». Шмат нюансаў і інфармацыі, але гэта аснова асноў маёй прафесіі. Зазначу, у каледжы гэты экзамен было здаваць значна лягчэй. Прызнаюся, што хвалявалася і перажывала. Памятаю, выкладчык пасля экзамену зачытвае прозвішчы і адзнакі, а я ад перажытага стрэсу прапусціла сябе. Першую сесію закрыла!

Вольга Шчарбіна, правізар (без фота):

 – Адзіны экзамен, які здавала праз слёзы, – гэта «Прамысловая тэхналогія лекавых сродкаў». Як па мне, неверагодна вялікі аб’ём непатрэбнай інфармацыі, улічваючы тое, што працаваць на заводзе мы не можам. Але не дарэмна вучыла гэты прадмет – з лёгкасцю па ім здала дзяржэкзамен. 
Текст:
Фото: Алёна Ганулич и из архива героев