Астраўчане прыгадалі, калі апошні раз карысталіся чыгункай

Упэўнена, што вынесены ў загаловак радок пра «поезд запоздалый» многія ведаюць з дзя­цінства. А вось ці знаёмы з чыгункай і як даўно ёй карысталіся – пра гэта карэспандэнт «раёнкі» пацікавіўся ў астраўчан і гасцей горада. 
Аліса Шадура, студэнтка:
– Чыгункай карысталася не раз: ездзіла на электрычцы ў Мінск. (Задумваецца.) Шкада, што з Гудагая няма прамых цягнікоў да Гродна, мне здаецца, гэты маршрут карыстаўся б папулярнасцю ў жыхароў нашага рэгіёна, асабліва ў студэнтаў, улічваючы, што чыгуначны транспарт заўсёды быў таннейшым за аўтобусны. 


Яўген Гродзель, вадзіцель:
– Шмат гадоў назад па справах ездзіў у Мінск на электрычцы. З Гудагая ў сталіцу можна даехаць без праблем, вырашыць справы і апошнім цягніком вярнуцца назад, тым больш што электрычкі ходзяць некалькі разоў на дзень. Але трэба прызнаць, што паездка на ўласным транспарце – гэта і эканомія  часу, і больш зручная лагістыка.


Таццяна Сцяблоўская, галоўны бухгалтар:
– У пазамінулым годзе на хуткім цягніку ездзіла ў Маскву да сяброўкі. У белакаменнай была праз 6,5 гадзіны пасля выезду з Мінска. І праваднікі, і абслугоўванне, і сэрвіс на вышэйшым узроўні, хоць гэта састаў далёка не бізнес-класа. Адзінае, што засмуціла, дастаткова «куслівы» кошт на білет. 


Рамуальда Вако, пенсіянерка:
– Памятаю той час, калі не было межаў, не патрэбны былі візы – і мы ездзілі на прыгарадным цягніку ў Вільнюс. Гэта было звыкла і натуральна для многіх жыхароў нашага раёна. Хоць састаў спыняўся на кожным прыпынку, але білет каштаваў капейкі. 


Іна Дзмітрыева, у дэкрэтным адпачынку (без фота):
– На электрычках ад’ездзіла ўсё студэнцтва – вучылася ў Мінску. Летась, калі гасцілі ў бацькоў на Астравеччыне, вырашыла пазнаёміць шасцігадовага сына з чыгункай. (Усміхаецца.) Бацька падвёз нас у Гудагай на станцыю, адкуль мы выправіліся ў сталіцу. Словамі не перадаць эмоцыі, якія перапаўнялі Ягора. Ён, канешне, ведаў, як выглядае цягнік, але ўпершыню ў жыцці яго ўбачыў. Паездка сыну спадабалася. З мінусаў: шмат часу правялі ў дарозе, на машыне было б хутчэй. 
 Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара. 
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич