Астраўчане падзяліліся ўражаннямі ад абласнога форуму сельскай моладзі
Абласны форум сельскай моладзі сабраў у Гродне звыш 100 прадстаўнікоў працоўнай моладзі. Ад Астравецкага раёна на ім пабывалі спецыялісты і работнікі аграпрамысловага комплексу, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і аховы здароўя.
“Моладзь – сучаснае і будучае незалежнай Беларусі” – пад такой назвай на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі прайшоў адкрыты дыялог юнакоў і дзяўчат з прадстаўнікамі ўлады і грамадскіх аб’яднанняў.
Намеснік аблвыканкама Віктар Пранюк выказаў меркаванне, што сельская моладзь – аснова грамадства і варта ўжо зараз прыкмячаць сярод яе нефармальных лідараў і лідараў меркавання. Загадчык аддзела сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін абласнога аб’яднання прафсаюзаў Вольга Дзмітрыева акцэнтавала ўвагу на прэферэнцыях для сельскай працоўнай моладзі, прадугледжаных калектыўнымі дагаворамі.
Галоўнай тэмай размовы сталі выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і мясцовыя Саветы дэпутатаў, якія пройдуць у адзіны дзень галасавання 25 лютага.
Напрыканцы форуму ўзнагародзілі пераможцаў абласнога конкурсу сярод сродкаў масавай інфармацыі Гродзеншчыны на лепшае асвятленне рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў інтэрнэце і конкурсу “Патриоты в сети”. Пазнавальнай была работа ў групах па розных секцыях. Завяршыўся дзень экскурсіяй у Стары замак.
З першых вуснаў
Марыя Садоўская, спецыяліст лабараторнага аддзела раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:

– Падчас адкрытага дыялогу ў кожнага была магчымасць задаць пытанне спікерам. Запрошаныя госці былі адкрытымі і шчырымі. Прадумалі і практычную частку форуму. У першай секцыі на трэнінгу “Пазнай Беларусь” мы адкрывалі для сябе знакавыя месцы нашай краіны, беларускую мову. У другой і чацвёртай з псіхолагамі вучыліся будаваць жыццёвую перспектыву і фарміраваць лідарскую пазіцыю. У трэцяй абмяркоўвалі адзіны дзень для галасавання ад “А” да “Я”. Удзячна арганізатарам нашай паездкі, што мне выпала магчымасць прадстаўляць наш раён на форуме.
Дзмітрый Русенчык, жывёлавод малочна-таварнага комплексу “Беразоўка” КСУП “Варняны”:

– Я ўпершыню на мерапрыемстве такога маштабу. Цікава было паслухаць гасцей, а таксама даведацца іх меркаванне наконт многіх пытанняў. Радуе, што кіраўніцтва вобласці не забывае пра вясковую моладзь.
Анастасія Вайцяхоўская, эканаміст па працы Астравецкага РУП ЖКГ, член маладзёжнага парламента:

– Цікавымі, напоўненымі прыкладамі з жыцця былі выступленні намесніка старшыні аблвыканкама Віктара Пранюка, другога сакратара Гродзенскага абласнога камітэта ГА БРСМ Наталлі Станюкевіч і іншых спікераў. Дарэчы, падчас прэзентацыі пра дзейнасць моладзі Гродзеншчыны заўважыла на фотаздымках і астраўчан.Галоўнай тэмай сумеснага абмеркавання быў адзіны дзень для галасавання.У практычнай частцы мы працавалі па розных секцыях. Уразіла платформа “Каб памяталі”, карысным і пазнавальным быў трэнінг з псіхолагамі. Ад форуму засталіся самыя станоўчыя ўражанні.
