Астраўчан залатога ўзросту віншуюць у межах акцыі “Ад усёй душы”




Для таго каб хоць на адно імгненне зрабіць шчаслівым пажылога чалавека, шмат не трэба. У гэтым упэўнены супрацоўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: Дзед Мароз і Снягурка з валанцёрамі-гімназістамі пачалі чароўны абыход сваіх падапечных у межах дабрачыннай акцыі “Ад усёй душы”. Да іх у горадзе далучыўся і карэспандэнт “раёнкі”.

Усяго ў чараўнікоў значацца 174 адрасы адзінокіх людзей пажылога ўзросту і з інваліднасцю, якія знаходзяцца на абслугоўванні тэрытарыяльнага цэнтра.


Дзед Мароз і Снягурка з музыкай, загадкамі і добрым настроем завітвалі да астраўчан, каб павіншаваць іх з надыходзячым Новым годам. Валанцёры гімназіі №1 Ксенія Герасім, Яна Фалевіч і Лізавета Альфер не толькі жадалі здароўя, дабрабыту і шчаслівых імгненняў, але дарылі людзям паважанага ўзросту самаробныя шары – сімвалы свята.


Многія гаспадары – у прыватнасці, Таццяна і Аляксандр Лянкевічы, Ганна Цішкова, Вацлаў і Ніна Мілідовічы і іншыя – дзякавалі гасцям за пажаданні, падарункі і добры настрой. Ды і на вуліцах горада навагоднім героям махалі мінакі і адорвалі іх усмешкамі.

– Акцыя працягнецца да 15 студзеня. Мы абавязкова даедзем у кожны куточак Астравеччыны, дзе нас чакаюць, – расказала загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН і па сумяшчальніцтве Снягурка Вольга Альфер. – Удзячны за спонсарскую дапамогу Астравецкай жыллёва-камунальнай гаспадарцы. На першы погляд простыя загадкі на навагоднюю тэматыку, віншаванні дзяўчынак у многіх нашых падапечных выклікалі слёзы, але гэта былі слёзы радасці. І ад гэтага на душы рабілася лёгка, светла і добра!



Текст:
Фото: Алёна Ганулич