Апытанне: ці існуе каханне ў сталым узросце?

Ці бывае каханне ў залатым узросце? І чым яно адрозніваецца ад пачуццяў маладых? Пра гэта мы спыталі ў жыхароў Астравеччыны рознага ўзросту, роду заняткаў і сацыяльнага статусу.

Марыя Лаўрэцкая, загадчык раённага аддзела ЗАГС:

– Каханне ў сталым узросце? Вядома ж, бывае! Мы штогод рэгіструем адну-дзве пары ўзроставых маладых. На некаторых глядзіш – і любуешся. Летась, да прыкладу, былі ў нас такія маладажоны: абое грамадзяне Літвы, але ў нявесты беларускі від на жыхарства. Я, грэшнай справай, перш падумала: мезальянс, шлюб па разліку. Але яны так глядзелі адзін на аднаго, што без слоў зразумела: каханне.

Яшчэ памятаю пару, дзе мужчына і жанчына кахалі адзін аднаго з юнацтва. Але нешта не склалася, разышліся. А на схіле гадоў зноў сустрэліся і вырашылі ажаніцца.

Вядома ж, каханне ў 18-20 адрозніваецца ад пачуццяў у сталым узросце. У маладых гармоны гуляюць, а з гадамі пачуцці трансфармуюцца: у адносінах з’яўляецца муд­расць. Ужо не трэба высвятляць, хто памые посуд і вынесе смецце, на першы план выходзіць клопат адзін пра аднаго.

Рыгор Рэвака, фатограф:

– Лічыцца, што старыя больш чэрствыя. Але яны такія таму, што ў іх вялізны жыццёвы вопыт. Тое, што ты перажываеш упершыню і табе здаецца, што такога ніколі ні з кім не было, яны ўжо зведалі тысячу разоў і глядзяць на ўсё з вышыні сваіх гадоў з паблажлівасцю. 

Але, нягледзячы на гэта, лічу, што каханне ў сталым узросце існуе. Да прыкладу, майму бацьку 57 гадоў, з маці яны даўно разышліся, але, мне здаецца, што цяпер ён зноў закаханы.

Ці адрозніваюцца пачуцці ў маладым і ў сталым узросце? Пакуль не ведаю, гадоў праз 30, магчыма, буду мець па гэтым пытанні ўласную думку. (Смяецца). Але, мне здаецца, што людзі ў гадах любяць найперш галавой, а ў юных усё на эмоцыях.

Крысціна Гіруць, прыватны прадпрымальнік: 

– Цяжкае пытанне… Магчыма, ёсць каханне і ў сталым узросце. Але не ў мяне...

Хоць аднойчы каляжанка у перадпенсій­ным узросце расказвала, што на курсах сустрэла мужчыну і закахалася ў яго, лічы, з першага погляду. Казала: калі б ён паклікаў, то ўсё кінула б і пайшла б за ім. Не паклікаў – на яе шчасце ці на бяду… 

Так што, напэўна, існуе каханне і ў сярэбраным, і ў залатым узросце. Толькі не кожнаму шанцуе яго сустрэць.

Віктар Ярмак, пенсіянер:


– Вы пра каханне да жанчыны пытаецеся? А хто яго ведае, ці ёсць яно ў пенсіянераў… Я дык жонку сваю, Валянціну Валяр’ янаўну, люб­лю. А ці любіць яна мяне? Трэба спытаць… 

Хоць, напэўна ж, нешта ёсць, калі столькі гадоў разам. У наступным годзе залатое вяселле будзем адзначаць. Пажаніліся яшчэ студэнтамі. А цяпер ужо старэйшая ўнучка студэнтка. Акрамя яе, яшчэ трое ўнукаў маем. Бог дасць, і праўнукаў дачакаемся. 

Вядома ж, гэта зусім іншае каханне, чым было 50 гадоў таму. Тады выбіралі прыгожых, цяпер трэба клапатлівыя. Добра, калі ўсё супала…

Тамара Качкан, настаўніца Падольскай СШ: 

– Каханне ў залатым узросце? Канешне, ёсць! Яно іншае, чым у маладосці: больш спакойнае, памяркоўнае. Ведаю шмат людзей, якія праз усё жыццё пранеслі гэтае светлае пачуццё. Ёсць такія і ў маёй радні, і сярод аднавяскоўцаў. Да прыкладу, мае бабуля Ванда з дзедам Тадзікам пражылі разам амаль 70 гадоў.

Мы, унукі, канешне, не бачылі, каб яны хадзілі, пабраўшыся за ручкі ці абменьваліся пацалункамі. Хоць і гэта было, калі адзначалі іх залатое вяселле. Але заўважны быў клопат адзін пра аднаго: дзядулева «Мая Вандзя» і бабуліна «Цішэй вы, дзед толькі прылёг, хай падрэмле». Хіба ж не гэта лепш за ўсё сведчыць пра іх каханне?

Текст: Нина Рыбик