Апавяданне Ніны РыбІк «Вясельны ручнік» (дапоўнена)
Усе ў вёсцы стараліся заказаць яго ў Сафеі. Казалі: калі яе ручніком звязаць рукі маладых, то ніякія бяда-гора іх не разлучаць. Па завуголлі шапталіся, што нешта яна ведае, падлічвалі, колькі на якім ручніку кветачак і птушачак, прыглядваліся, у які бок яны глядзяць, і дзівіліся, што ўзор ніколі не паўтараецца.
Сафея толькі ўсміхалася. Вядома ж, ніякага чараўніцтва ў яе ручніках не было. Калі б што ведала, то і сама была б шчаслівай – на сваё вяселле таксама вышыла ручнік, найпрыгажэйшы з усіх, што былі і да таго, і пасля.
Зрэшты, што ж Богу грашыць: была яна шчаслівай…
...Ох, як глядзеў на яе Васіль, калі яны сенавалі! І сёння ў вачах яго твар: кропелькі поту блішчаць на шырокім ілбе, вочы іскрацца смехам… Яна ўварочваецца ад непамерных ношак сена, якія муж, не ведаючы стомы, закідвае на верх стога, падражніваючы:
– Ну-ну, жвавей, маладзічка! Не лянуйся!
– Закідаў ужо, чорт двужыльны! – яна спрытна перахоплівала чарговы абярэмак і спяшалася раўнамерна раскласці і прытаптаць. – Дай перадых!
– Вось стог завершым – і адпачнём! Ох, як мы соладка адпачнём з табой, мая галубка, – падміргваў Васіль – і хваля пяшчоты і жадання падымалася недзе знізу жывата і захліствала ўсю яе.
…Так, яна была шчаслівай. Паўгода. Пакуль не пачалася вайна… Васіля забралі ў першы ж дзень. Моцна пацалаваў яе на развітанне – і ўсё… Больш ніводнай вестачкі. Пахаванкі і той не было – як растварыўся чалавек. «Мо, і цяпер стагуе з кім-небудзь», – думала Сафея, дастаючы час ад часу са скрыні свой вясельны ручнік.
І Раісе вышывала яна ручнік.
– Ох, Сафейка, каб ты ведала, які ён, – тулілася сястра, калі прыязджала з тэхнікума на пабыўку. – Такі прыгожы, такі дужы… Абдыме – і сэрца млее… Здаецца, так бы ўсю ночку сядзела – і не зварухнулася…
Сафею палохала бязмежная закаханасць малодшай сястры – баялася, каб не насмяяўся з яе хлопец. Але неўзабаве Райка прывезла яго ў вёску – і Сафея ўздыхнула з палёгкай: пэўна ж, сур’ёзныя намеры мае, калі прыехаў з раднёй знаёміцца. А хлопец і сапраўды відны: прыгожы, самавіты, пры гальштуку. «Мо, і пашчасціць Раечцы», – марыла Сафейка, вышываючы ручнік.
...З усёй радні ў Раісы засталася толькі яна, Сафея. Бацьку іх раскулачылі ў 30-я гады за тое, што адмовіўся ўступаць у калгас. А яшчэ Біблію чытаў, ды не толькі ў сваёй сям’і: калі ў вясковай царкве зрабілі збожжасховішча, усе, хто Бога не выракся, прыходзілі да іх нядзельнымі вечарамі нібыта пагаманіць, у карты пагуляць, а на самой справе – Святое Пісанне паслухаць.
Толькі Біблію і ўратавалі, калі іх, сям’ю ворагаў народа, выгналі з хаты. Маці тады была цяжарнай Раісай. Прытуліліся перш у далёкіх родзічаў. А як Аксіння разрадзілася, тыя ласкай папрасілі: шукайце іншага прыстанішча. Бо і на нас старшыня сельсавета паглядвае, маўляў, ворагаў народа прыгрэлі…
Аксіння выкапала на ўзгорку за вёскай зямлянку, прыкрыла ламаччам, дзёрну зверху нацягала, пячурку, як змагла, зляпіла. Туды і перабраліся.
Маці зранку ішла на вёску шукаць работу. У калгас яе не бралі – не заслужыла. Наймалася каму жаць, каму бульбу капаць, каму снапы малаціць… Плацілі хто чым: хто кош бульбы дасць, хто – торбачку жыта. А каторы раз прыходзіла з пустымі рукамі і ў слязах. Значыць, зноў прагналі, аблаялі ці нават пабілі. А каму яна пажаліцца, варагіня? Толькі вайстратавы дзеўкі шкадавалі: летам звалі збіраць каласкі на пожні – і пакідалі іх цэлыя жмені; увосень дазвалялі перакапаць картоплю ды забраць, што ў зямлі засталося – нечапанымі былі цэлыя карчы.
Гаспадарка трымалася на Сафейцы. Яна глядзела малую Райку, цягала з лесу ламачча, варыла што-кольвечы на касцярку ці ў пячурцы…
І вышывала! Маці навучыла яшчэ малую, і дзяўчынка хутка стала слыннай майстрыхай. Вясковыя маладзіцы неслі ёй вышываць фартухі – у спраўнай гаспадыні іх павінна быць некалькі, спадніца магла быць адна, а фартух – на кожны выпадак жыцця. «Дарма што малая, а спрытна ў яе атрымліваецца!» – хвалілі яе работу. А там і ручнікі, настольнікі да дзеўчаняці панеслі, асабліва ў каго сватоў чакалі, а пасагу бракавала. Плацілі, як і маці, – чым давядзецца. Яна ўсяму была рада, за кожны кавалак хлеба нізенька дзякавала. Хоць часам і таго шкадавалі – і тады яна ўпотайкі плакала…
Ткаць ім не было як: кросны пасеклі і папалілі, калі з хаты выганялі. Дый дзе б яны паставілі тыя кросны, калі б яны і былі? Прасці не было з чаго: на невялікай ніўцы, што разрабіла Аксіння на лясной палянцы, падалей ад людскіх вачэй, хоць бы бульбіну якую пасадзіць ды жменю жыта пасеяць, каноплі – то для заможных. А вышываць – іголка толькі і трэба. Палатно ці паркаль заказчыкі прыносілі, запалач таксама. («Мамка, ты чула як каравачнік запалач называе? Мулінэ!» – смяялася Сафейка). А не, то можна было вымяняць у таго самага Ёські-каравачніка на рыззё: чаго-чаго, а гэтага багацця – латак, якія ўжо нельга было ні зашыць, ні залапіць, толькі выкінуць, – у іх хапала.
Праз пяць гадоў, перад вайной, вярнуўся бацька – адбыў свой тэрмін. Прыйшоў схуднелы, бяззубы… Але з такім жа строгім непахісным поглядам, які мякчэў толькі калі глядзеў на дачок. Сафейка да таго часу расцвіла, занявесцілася, а малая Райка была пузатай, крываногай, хваравітай – казалі, што трэба на сонцы больш бываць і добра харчавацца. Не казалі толькі, дзе браць тыя харчы…
Іх дыхтоўную хату, складзеную бацькам за год да высылкі пад «чысты вугал» ім, вядома ж, не аддалі: у ёй было калгаснае праўленне. Пусцілі пажыць у лядашчую хацінку дзеда Сымона, што апусцела пасля смерці гаспадара. Сафейцы яна здалася палацам! Бацька падлатаў дзіравы дах, падпёр гатовую разваліцца сцяну, пералажыў печ – перазімавалі.
А ўвосень да яе заслалі сватоў…
Васіль неяк убачыў Сафейку на жніве – і з таго часу зачасціў да іх у вёску. На вячоркі дзяўчына не хадзіла – не было ў чым, то ён прыходзіў пад грушку, што расла за хатай, і цярпліва стаяў у чаканні. Калі-нікалі бацька, глянуўшы ў акно, кідаў: «Ну выйдзі ўжо, усю траву вытаптаў гэты твой ухажор» – і яна выскоквала, каб колькі хвілін пастаяць побач, любуючыся чорным чубам, адчуваючы жар яго дужага цела, прагнучы і баючыся дотыку рук. А каторы раз бацька бурчэў: «Што яму тут трэба? Хай роўню сабе шукае…» – і Сафея сядзела, унурыўшыся, на печы і вышывала чарговы фартух ці ручнік.
Пазней яна даведалася, што і Васіля бацькі не пускалі да яе, і тыя ж словы казалі: не роўня. Ды ён нікога не паслухаў: заслаў сватоў да яе, беспасажніцы. Любіў…
Толькі і было шчасця ў Сафейкі, што тыя паўгода, пакуль яны былі разам. А потым вайна… Бацьку, Васіля, усіх мужчын забралі. Вёску іх спалілі. Калі пачалася страляніна, Сафея ўхапіла самае каштоўнае, што было ў хаце – Біблію, укруціла яе ў свой вясельны ручнік ды кінулася да лесу.
Яны хаваліся ў зарасніках з мая і аж да восені, пакуль не прыйшло вызваленне. Вярнуліся на папялішчы, і зноў – зямлянка, холад, голад, вошы… Маці памерла ад тыфу, прыйшла пахаванка на бацьку. Малая Райка засталася на руках сястры.
Але неяк жа выкараскаліся. І хацінку яна – што сама, што людзі добрыя дапамаглі – стуліла: саломай крытую, з земляной падлогай, адзіным малюсенькім акенцам… Пазней ужо, як пайшла на ферму, трохі лепшую хату агорала. Працавала, сябе не шкадуючы. У перадавіках хадзіла. Але не тое цешыла, а што грошы сталі плаціць – гэта не палачкі-працадні, за якія невядома, ці атрымаеш што ў канцы года.
А вечарамі вышывала. Перш пры лучыне, потым – пры газнічцы, а як лямпачка ў хаце з’явілася, то ўсю ноч гатова была не спаць – радавалася, што не трэба сляпіцца. Любіла гэтую справу. Асабліва калі ручнікі заказвалі. Тады сваё кароткае шчасце ўзгадвалася… Вось і сёння, уяўляючы, якім будзе вяселле ў Марыйкі, колькі і якіх стужак уплятуць у яе вянок, каму давераць пячы каравай, яна зашывала дробнымі блакітнымі крыжыкамі галубкоў, што ішлі з кветачкамі ў дзюбках насустрач адзін аднаму…
Раптам у сенцах нешта шкрабнула.
– Хто там? – адлажыла вышыўку Сафейка.
Дзверы прыадчыніліся – на парозе ўзнікла дзеўчанё з партфелем у руках.
– Гэта я, цётачка… Можна, я ў цябе сёння паначую?
– А божачкі! Галечка… Вядома ж!
І спытала тое, што і так было зразумела:
– А мамка што? Ізноў?..
Дзяўчынка моўчкі кіўнула русявай галавой і заплакала.
– Ну супакойся, – прытуліла малую Сафейка. – Зараз павячэраем. Ты ж, мусіць, галодная?
– Рабі ўрокі і кладзіся спаць, – наказала Галечцы, калі яны пад’елі хлеба з малаком і Сафея разаслала пасцель на драўлянай канапе.
– А ты куды? – ускінулася малая.
– Да вас схаджу, пагляджу, што мамка твая робіць…
– Ды што яна робіць? Ляжыць п’яная… Крычыць… Кажа, што гэта з-за мяне татка нас пакінуў, бо яна пасля родаў стала тоўстай. І з-за цябе – што ты вечна сноўдалася да нас, фермай смярдзела… Але ж гэта няпраўда! Ты заўсёды чысценькая і нічым не смярдзіш. І я не вінаватая, што мамка распаўнела…
– Вядома ж, дзіцятка, ты ні ў чым не вінаватая, – пагладзіла дзяўчынку па галаве Сафейка. – Ты не крыўдуй на яе… Гэта не мамка твая гаворыць. Яна харошая і любіць цябе. Гэта гарэлка ў ёй крычыць. І крыўда на бацьку… Ты кладзіся спаць, а я пабуду з ёй, пакуль прысне…
…Малодшая сястра, якую Сафея гадавала пасля вайны, была яе шчасцем і болем. З брыдкага качаняці Рая вылюднела ў сапраўдную паненку: статная, косы на галаве каронай. Сафейка, любуючыся сястрой, старалася апрануць дзяўчыну як прыгажэй, лепшы кавалак ёй падсунуць. Работай не нагружала: хай вучыцца! Яна сама толькі чатыры класы закончыла, далей было не да таго, хоць і вельмі хацелася. Што ж, у яе не атрымалася – то, мо, хоць Раісе пашчасціць вырвацца з іх беспрасветнай нядолі…
Сястра вучылася не тое каб выдатна, але не горш за іншых. Пасля школы паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум. Там і сустрэла свайго Сашу. Радавалася Сафейка: спраўджваліся яе мары! Вяселле ім справіла не горшае, чым у людзей. А вясельны ручнік такі вышыла, што вяскоўцы надзівіцца не маглі. Прыгажэйшым быў толькі яе ўласны…
Пасля вучобы прыехалі маладыя ў іх калгас. Рая стала працаваць ветэрынарам, муж – аграномам. А неўзабаве прызначылі яго старшынёй. Злыя языкі мяцелілі, што Тарлецкі спецыяльна падвёў свайго папярэдніка, чалавека добрага і гаспадарлівага, ды аматара чарку кульнуць: даведаўся, што начальства з раёна ў калгас прыедзе, і падпаіў старшыню. Але Сафея лічыла, што вяскоўцы ад зайздрасці плёткі плятуць.
Гэтак жа не верыла, калі сталі гаварыць, што Тарлецкі займеў каханку ў суседняй вёсцы. «Вядома ж, чужое шчасце заўсёды вочы коле!» – думала Сафея.
Але ж людское вока не падманеш. І чужы рот не заткнеш… Хутка тыя размовы дайшлі і да Раі. Паехала да саперніцы разбірацца – і ўбачыла, што тая цяжарная. Муж тады моцна пабіў яе. А затым сабраў рэчы і паехаў да новай жонкі.
Ад гэтай здрады сястра так і не аправілася. Моцна любіла… Піць стала. Калі муж прыязджаў у вёску – перастракала: то скандаліла, пагражала, што пойдзе ў райкам, то прыніжалася, рукі цалавала, прасіла вярнуцца… Неўзабаве Тарлецкі, каб не сустракацца з былой жонкай, перавёўся ў іншы калгас.
Сафейка ўшчувала сястру, сарамаціла, прасіла падумаць пра дачку. Галечка плакала. Але Рая, здаецца, нічога і нікога не чула. Што б ні гаварылі – маўчала. А як толькі заставалася адна – напівалася. Сафея старалася абшукаць кожную шчыліну ў хаце, каб нідзе гарэлкай і не пахла, – але ж з Раісінай работай заўсёды было дзе ўзяць: там карова расцяліцца не можа, у таго кабанчыка трэба злягчаць…
…Колішні старшынёўскі дом стаяў навідавоку, на ўзгорку. Раіса ляжала на канапе.
– Ну, чаго прыпёрлася? – сястра паспрабавала ўстаць, ледзь толькі Сафея шчоўкнула выключальнікам. Ды не ўтрымалася на нагах, зноў плюхнулася ў пасцель.
– Зноў мараль чытаць будзеш? Дасталі ўсе! Валі адсюль! Я нікому не камандую, як жыць, – то чаго вы ўсе да мяне лезеце са сваімі маралямі? Жыву, як хачу! Хачу – п’ю, хачу – сплю, захачу – мужыкоў любіць буду! Усіх, без разбору! У цябе не спытаюся! Не такая сіняя панчоха, як ты, мяне ўсе любяць…
Раіса доўга нешта крычала – злое, абразлівае, крыўднае. Сафея не звяртала ўвагі – заўсёды так, як нап’ецца. Выкрычыцца – і супакоіцца. Моўчкі прыбрала са стала брудныя рэшткі незразумелай ежы, выкінула бутэльку, падмяла хату. І толькі калі сястра змоўкла, прысела побач, пагладзіла, як малую, па галаве:
– Раечка… Гаротніца мая…
Раіса расплакалася. Схапіла яе рукі, стала цалаваць. Чым больш плакала, тым цверазейшай станавілася.
Плакала і Сафея.
– Малая ў цябе? – супакоіўшыся, спытала Рая.
– У мяне – дзе ж ёй яшчэ быць…
– Ты глядзі яе, Сафейка… Як мяне глядзела… На цябе надзея…
– У Галечкі маці ёсць. Яе ніхто не заменіць.
– Ты ж мне замяніла…
– Ты не раўняй. У нас бацька загінуў, маці памерла. А ты жывая…
Раіса адвярнулася да сцяны, плечы ў яе затрэсліся ад бязгучнага плачу. Сафея ўжо пашкадавала, што сказала балючыя словы. «Нічога, можа, пройме… Нешта ж павінна яе праняць!» – думала, пагладжваючы сястру па плячы.
Тая нарэшце павярнулася:
– Адно гора вам ад мяне… Ды толькі… Зразумей, сястрычка: не магу я! Выгарэла ўсё ўсярэдзіне… Пустка там... Нібы выняў ён маё сэрца і з сабой забраў. Нашто яно яму? А вось не аддае ж!
– Адпусціся, Раечка. Забудзься… Бог яго пакарае.
– Не магу… Ужо ж не дзень, не месяц, нават не год мінуў, а – не магу! Ці ўранні, ці ўдзень, ці вечарам, кожная думка – пра яго. Ці паснедаў? Ці белая на ім кашуля? Ці ўспамінае мяне? Разумею: не вернецца, трэба выкінуць яго з галавы і з сэрца, – а не магу. Толькі тады і лягчэе, як вып’ю. Зразумей мяне, Сафейка. Даруй…
– Дараваць няцяжка. А жыць як? Мне дык ладна. А Галечцы? Як ёй слухаць, што яе мамка п’яніца? Табе цяжка, а ёй ці лёгка? Сябе ты шкадуеш, знайшла лякарства, а дзіця тваё хто пашкадуе, душу яго палечыць?
– Ты, – сумна ўсміхнулася Раіса. – Хто ж яшчэ? Ты наш анёл-ахоўнік… Ты Галечку не пакінеш. І ручнік вясельны, як пара прыйдзе, вышыеш. На шчасце…
– А гэты во – забяры, – Раіса дастала з-пад падушкі ручнік – пакамечаны, у плямах, месцамі падпалены і парваны, і сунула ў рукі сястры. – У печ укінь… Мо, тады адпусціць…
Сафея глядзела на вышыты кавалак паркалю – і не пазнавала сваю работу.
– Толькі сёння ж спалі, чуеш? – загадала Рая. – Сама не магу. Спрабавала: кіну ў агонь – і назад выхопліваю… Думаю: пакуль ручнік, якім нашы рукі звязалі, цэлы – ён нас трымае… Ды ўжо не хачу, каб трымаў! Хай бы адпусціў… Спалі!
…Вярнуўшыся дахаты на золку, Сафея перш-наперш кінула ў печ Раісін ручнік. Калі языкі полымя заскакалі па бярозавых паленцах, па галубках і кветачках на ручніку, прыбегла суседка…
…Раісу дасталі з пятлі. Суседка знайшла: прыбегла ветэрынаршу паклікаць, калі карова ранкам не паднялася. Тая яшчэ цёплай была…
А праз тры дні пераказалі, што памёр ад сардэчнага прыступу Саша.
Больш вясельных ручнікоў Сафейка не вышывала…
