Апавяданне Ніны Рыбік “Вяртанне ў Парыж”
…Напачатку 90-х Сяргей, яе першае школьнае каханне, на той час – старшакурснік радыётэхнічнага інстытута, разам з іншымі «галавастымі» студэнтамі пад кіраўніцтвам «прабіўнога» выкладчыка скалацілі брыгаду – і ў гаражы таго самага выкладчыка паялі «шэрыя» тэлевізары, радыёпрыёмнікі і магнітафоны, якія, тым не менш, паказвалі і гучалі лепш, чым завадскія і ў час усеагульнага дэфіцыту карысталіся шалёным попытам. Камплектуючымі іх забяспечваў брыгадзір-выкладчык, хлопцы былі рабочай сілай. Начальнік быў не сквапны, плаціў шчодра – і ніхто не цікавіўся, колькі асядае ў яго ўласных кішэнях.
Сяргей раптам разбагацеў! Ён заўсёды жыў вельмі сціпла: маці-калгасніца гадавала яго адна, ды і яна памерла перад самым яго выпускным. Пасля школы ён падаў дакументы ў «інстытут беспрацоўных», як у тыя гады называлі радыётэхнічны, толькі таму, што конкурс туды быў амаль што нулявы, і жыў на стыпендыю: хадзіў у працёртых да дзірак на падэшвах туфлях і сарочцы з абтрапанымі абшлагамі рукавоў і каўняром. Валянціна час ад часу падкормлівала былога аднакласніка смажанай бульбай ці макаронамі па-флоцку.
І раптам у яго з’явіліся грошы, па тагачасных мерках – проста нерэальныя. Сяргей прыадзеўся: купіў джынсы, дублёнку, саламандраўскія чаравікі, з’ехаў з інтэрнацкага пакойчыка на прыватную кватэру. Да Валі прыходзіў то з кветкамі, то з падарункамі, часта запрашаў яе ў кіно, тэатр ці рэстаран. Словам, траціў грошы, як мог, – а яны ўсё не заканчваліся!
Неяк спытаў: «Пра што ты марыш?» Валя хмыкнула насмешліва: «Што, у чараўнікі запісаўся?» І дадала з выклікам: «Пра Парыж!»
Сказала – і забылася. А Сяргей напярэдадні яе дня нараджэння прынёс два білеты на самалёт… Яна да апошняга, да самага аэрапорта думала, што гэта розыгрыш – ён быў тым яшчэ штукаром.
А калі іх самалёт вынырнуў з ватных аблокаў і ў яркім блакіце неба, прамытага нядаўнім дажджом, незаўважаным для іх, пасажыраў, узнікла Эйфелева вежа і стала імкліва набліжацца; калі ў ілюмінатары замільгалі купалы сабораў, зялёныя прамавугольнікі паркаў, звілістая стужка Сены – яна заплакала ад шчасця. Сяргей прытуліў яе і прамовіў «Мары павінны збывацца…»
Калі б сёння нехта спытаў Валянціну пра самы шчаслівы дзень у жыцці, яна ўзгадала б не іх шумнае і тлумнае вяселле, не пакутлівае нараджэнне дачкі, не першае «бабуська» ўнука, а тыя тры дні ў Парыжы – у горадзе, дзе, яна лічыла, немагчыма проста жыць, – хадзіць на службу, купляць малако, гатаваць вячэру. Да яго можна толькі дакранацца – кончыкамі пальцаў, фібрамі душы. І затым берагчы ўспаміны пра тыя дотыкі – далёка, на самым донцы свядомасці, каб не замусоліць. Натхняцца імі, лячыць згрызоты, тугу і сум – і марыць, што, магчыма, некалі, аднойчы, хоць у сне…
«Добра, што ўсё так адбылося!» – выкідваючы пластыкавую шклянку з-пад шампанскага ў сметніцу, падумала Валянціна. – Дзякуй Андрэю, што выгнаў мяне з работы, двойчы дзякуй, што выдаў гэтулькі грошай. Дзякуй блазну на карпаратыве, што падсунуў мне той сіні шарык з прадказаннем – падаў ідэю. Дзякуй мне, што рашылася ўсё ўспомніць – і паўтарыць! Хоць і адной, без яго…»
***
…У аэрапорт яна прыехала а першай гадзіне ночы. Да яе рэйса заставаўся час. Зарэгістравалася, прайшла дагляд. Знайшла свае вароты і, прысеўшы на лаўку, адчула, як стамілася. Гудзелі ногі і хацелася есці. Пералічыла металічныя еўрыкі ў кашальку – на каву з круасанам павінна хапіць. «Магла б і больш ашчадна паводзіць сябе, пакінуць нешта на чорны дзень – пенсія ў цябе не бог вед якая, не разгуляешся…» – у чарговы раз нагадаў пра яе неабачлівыя паводзіны ўнутраны цвярозы голас. Валя ўсміхнулася і паабяцала ўнутранаму «Я»: «Хутка стану разважлівай і эканомнай, не хвалюйся».
Кава, не ў прыклад ранішняй, была нясмачнай, а круасан – нясвежым. «Развітанне з Парыжам – гэта не сустрэча з ім. Усё нашмат больш празаічна…»
Раптам позірк выхапіў з натоўпу фігуру мужчыны: знаёмая паходка, сутулаватыя плечы… Яна нават памкнулася наўздагон, хацела крыкнуць: «Сяргей!» Але спахапілася: глупства, так не бывае… Гэта развярэджанае ўспамінамі ўяўленне малюе розныя карціны. Колькі разоў здавалася, што гэта ён прайшоў па вуліцы, зайшоў у магазін, сеў у машыну. «Няма яго – і не будзе! Ты сама ў тым вінаватая. І няма чаго кідацца наўздагон за прывідамі юнацтва!» – унутраны голас быў жорсткі і бязлітасны.

***
…Так, Валянціна разумела, што ў тым, што іх сям’я распалася, вінавата найперш яна, той яе правільны абачлівы ўнутраны голас, які агрэсіўна заглушаў слабы піск іншага, што спяваў у душы, не прыслухоўваючыся да занудлівага бурчэння візаві, у Парыжы. А тут не Парыж, а суровыя будні паўсядзённасці…
Ледзь не з першага дня пасля вяселля яна стала будаваць ідэальную сям’ю. «Якая можа быць лазня з сябрамі? Ты жанаты чалавек, і ўсе выхадныя мы цяпер будзем праводзіць разам!» «Колькі можна паўтараць: у ніжняй шуфлядцы ляжаць майкі, у сярэдняй – шкарпэткі, у верхняй – пальчаткі. Няўжо так цяжка запомніць?» «У нас што, талерак няма, што ты яечню прама з патэльні ясі?» «Калі ты навучышся закручваць цюбік з зубной пастай?!»
Валянціне здавалася, што яна робіць як лепш, выхоўваючы з праставатага вясковага хлопца з вышэйшай адукацыяй культурнага інтэлігентнага сталічнага жыхара. Спачатку ён у адказ на чарговую заўвагу жартаваў ці хапаў яе ў абдымкі і закрываў пацалункамі рот – яна вырывалася і злавалася яшчэ больш: чаму ён не ўспрымае яе словы ўсур’ёз? Потым спрабаваў пераканаць, што яечня і смажаная бульба з патэльні намнога смачнейшыя, чым з талеркі. Потым змрачнеў і моўчкі рабіў тое, што яна казала, – а пасля зачыняўся ў спальні з кніжкай.
Калі нарадзілася Святланка, ён зноў навучыўся ўсміхацца: бавіўся з малой, вечарам мыў ці прасаваў пялюшкі, бегаў па магазінах. Але, як ні стараўся, атрымлівалася, што ўсё робіць не так: купляе не той хлеб, апранае малой не тую шапачку, занадта хутка катае яе на санках і занадта высока падкідвае.
Аднойчы, пасля разгромнага скандалу з-за таго, што ён купіў дачцэ не ляльку, а кубікі, Сяргей знясілена прысеў на табурэтку ў кухні і ціха прамовіў:
– Валя, давай разыдземся… Я так больш не магу. Калі мы пажывём так яшчэ год ці два, я пачну цябе ціха ненавідзець – а мне гэтага зусім не хочацца. І Светачка – яна ўсё бачыць, усё разумее – навошта гэта дзіцяці. У імя таго добрага, светлага, шчырага, што было паміж намі, – давай развядзёмся. Ціха, без скандалаў. Дачку я не кіну, не думай. І цябе…
– Табе нешта не падабаецца? – завялася яна, не паспеўшы астыць ад кубікаў. – Ты раскідваеш свае шкарпэткі дзе папала, хлеб не адразаеш, а адломваеш, як бомж, разбэшчваеш дзіця бясконцымі «мусі-пусі» – а вінаватая, выходзіць, я?! Бо хачу, каб у доме было прыгожа і ўтульна, прашу, каб ты сябе паводзіў як прыстойны чалавек?!
– Ты сапраўды лічыш, што ўтульна, калі ў доме ні пылінкі і бялізна ў шафе складзена па лінеечцы, а кожная рэч ляжыць на сваім месцы? – сумна ўсміхнуўся ён.
Яна апешыла:
– Канешне! І, заўваж, я ўсё для гэтага раблю, кручуся як вавёрка ў коле, мыю, прыбіраю, гатую – а ты зводзіш на нішто мае старанні!
– Валя, утульна – гэта калі цёпла, радасна, шчасліва, а не калі талерка з залатым беражком і шкарпэткі пад колер гальштука! Калі ёсць з кім пагаварыць і з кім памаўчаць! Ты заўважыла, што мы апошнім часам не размаўляем – толькі сварымся. Калі мы цалаваліся на Манмартры пасярод кучы раскіданых паперак, нам было ўтульна! А сёння, у нашай да бляску вылізанай кватэры, дзе немагчыма ступіць, каб не пачуць, што нешта зрабіў не так – няўтульна. Прынамсі, мне…
– Ну то пашукай сабе іншую, дзе будзеш есці з нямытага посуду разам з тараканамі! Можа, там табе будзе ўтульна! – выгукнула раззлаваная Валянціна.
– Разумная, здаецца, жанчына, – паціснуў ён плячыма.
І з горыччу дадаў:
– Няўжо гэта тая самая Валя, з якой мы гулялі ў Парыжы?
Назаўтра яна з пагардлівай усмешкай моўчкі назірала, як ён збірае рэчы, Ні слова не прамовіла, калі за Сяргеем зачыніліся дзверы. І толькі калі шчоўкнуў замок, расплакалася: зразумела, што самы дарагі, каханы чалавек сыходзіць назаўсёды. Хацела крыкнуць, папрасіць прабачэння, сказаць, што яна ўсё зразумела і цяпер усё будзе па-іншаму. Але… Сэрца абцугамі сціскала крыўда: няўжо ён не разумее, што яна хоча як лепш – для яго, Святланкі, для іх усіх? І гонар: нічога, хутка сам прыбяжыць, папросіцца…
Не прыйшоў, не папрасіўся. Рэгулярна прысылаў грошы для дачкі. Час ад часу ёй пераказвалі, што бачылі яго з жанчынамі – то з адной, то з другой. «Усё перабірае, не можа знайсці лепшай, – хмыкала Валянціна. – Нікуды не дзенецца…» Ён не дзяваўся – і не вяртаўся. І на развод не падаваў. Яна – таксама. І ўпарта пазбягала заляцанняў патэнцыяльных прэтэндэнтаў на яе руку і сэрца, чакала, калі вернецца Сяргей – была ўпэўнена, што рана ці позна гэта адбудзецца. Ну сапраўды, гэта ж смешна: разысціся з-за раскіданых шкарпэтак!
Мінула некалькі гадоў – і Валянціна зразумела, што ён не вернецца. Пазбаўленне апошняй надзеі далося ёй вельмі цяжка… Але з цягам часу змірылася. Амаль забылася.
І толькі вось гэтае вяртанне ў Парыж…
***
Заставалася яшчэ якіх паўгадзінкі да пасадкі. Валянціна ўселася на цвёрдую, але досыць зручную лаўку, выцягнула стомленыя ногі, заплюшчыла вочы… «Як толькі сяду ў самалёт – засну», – паабяцала сабе.
І раптам пачула знаёмы да сардэчнага болю голас:
– Валя?
Яна зажмурылася мацней: напэўна, ужо паспела заснуць, і гэта ёй сніцца… І раптам падумала: а калі гэта на самой справе ён?! І зараз знікне – як тады?! Яна ўскочыла.
…Гэта быў Сяргей – пастарэлы, з густой сівізной у парадзелых валасах, яшчэ больш сутулы… Яны стаялі твар у твар. Глядзелі адзін на аднаго, нібы пазнаючы – і не верачы, што гэта адбываецца на самой справе.
Першым загаварыў ён:
– Што ты тут робіш? Да Святланы ў Барселону ляціш? Ці ад яе вяртаешся?
– Ды не, – яна сумелася. – Я сама па сабе. Мяне з работы звольнілі, выхадную дапамогу далі, і я вырашыла з’ездзіць у Парыж. Успомніць…
Голас па-здрадніцку задрыжэў. Яна памаўчала, пачакала, калі ўтаймуецца хваляванне, і спытала:
– А ты?
– Я кожны год сюды прылятаю, – паціснуў ён плячыма. – Звычайна ў наш дзень. Але сёлета не атрымалася, вырашыў хоць напрыканцы года... Без спаткання з Парыжам у мяне ломка пачынаецца, – усміхнуўся ён нявесела.
На электронным табло высвяціўся нумар іх рэйса.
– Ну што, пайшлі? – Сяргей падхапіў яе заплечнік. – У цябе якое месца? Хочаш да ілюмінатара? Магу саступіць…
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.
Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.
