Апавяданне Ніны Рыбік “На лецішчы”
Гэтую хатку ў амаль апусцелай вёсцы каля самага лесу яны купілі месяцы тры таму. Унукі памерлай бабулі, каб не сварыцца, чыя чарга абкошваць утравянелы дзядзінец і хто павінен падымаць павалены плот, прадавалі «радавы маёнтак» на два пакойчыкі, дзе толькі і скарбу было, што халодны склеп ды глыбокая студня са смачнай вадой.
Мішу заўсёды хацелася мець хацінку, падобную на родную, якая, пэўна, ужо завалілася ў адселенай пасля Чарнобыля вёсцы. Дзе б рыпелі пад нагамі нефарбаваныя палавіцы, асеннімі вечарамі завываў у коміне вецер, а зімой каб можна было прытуліцца спінай да цёлага боку напаленай печкі – і думаць, марыць, успамінаць… Схадзіць у грыбы – спадчыннікі сцвярджалі, што ўвосень іх у лесе хоць касой касі.
Тамара, жонка, марыла не столькі пра градкі з агурочкамі да цыбулькай, колькі пра вялікі кветнік, дзе ад ранняй вясны да позняй восені цвілі б нарцысы, цюльпаны, касачы, півоні, лілеі, гладыёлусы, аксаміткі, вяргіні, астры. Таму яны, пабачыўшы закінутае селішча, пра якое Мішу расказаў калега, улюбіліся ў яго з першага погляду і не сталі таргавацца: заплацілі, колькі папрасілі. Дый і прасілі нядорага.
Стаўшы «памешчыкамі», як падражнівалі іх сябры, яны кожную вольную хвіліну імчалі на лецішча, дзе ўсё патрабавала гаспадарскай рукі. Міша надумаў паставіць невялікую лазеньку, дзе можна было б змыць пот пасля працоўнага дня, у суботу папарыцца дубовым ці бярозавым венікам, а потым разамлела пасядзець у альтанцы – яна таксама пакуль існавала толькі ў марах – з куфалем піва ці кубкам запаранай на зёлках гарбаты.
Дастаючы з багажніка матэрыялы і інструменты, якія павінны былі спатрэбіцца для работы, ён зразумеў, што не ўзяў пілу-балгарку. Тры дні таму пазычыў на паўгадзінкі суседу, а ў таго, як заўсёды: аддай рукамі, а хадзі нагамі, і не раз. «Ну вось, не забраў – будзеш цяпер нажоўкай пілаваць», – злаваўся сам на сябе Міша.
Ды дарэчы ўспомніў, што сусед, чый домік стаяў насупраць, пры знаёмстве казаў: калі што трэба – заходзь, не саромейся, чым змагу – дапамагу.
«Трэба скарыстацца прапановай», – вырашыў Міша, кіруючыся да суседскай хаты.
Каля яе ў гародчыку корпалася жанчына.
– Дзень добры! – павітаўся ад веснічак. – Скажыце, Андрэй дома?
Жанчына разагнулася, паправіла хустку, адставіла ў бок гачку.
– Няма яго, – адказала, углядаючыся не на госця, а на радок толькі што аполатай цыбулі. – У горад паехаў. Вернецца вечарам. А вы нешта хацелі? – узняла яна нарэшце вочы.
Міша здранцвеў: той жа кірпаты носік, пабіты рэдкімі рабацінкамі; бровы, што сыходзяцца на пераноссі і разлятаюцца шырокімі птушынымі крыламі, паўнаватыя вусны, ямачка на барадзе… Толькі ля вачэй нябачныя гусі пакінулі тонкія слядочкі лапак-зморшчынак – раней іх не было.
Ды сівізна пралажыла тонкія сцежкі ў некалі цёмных, з медным адлівам валасах…
– Люба? – нерашуча прамовіў ён, забыўшыся, за чым прыйшоў.
Жанчына ўсміхнулася:
– Так, Люба. Што, я так моцна змянілася?
– Ды не, – разгубіўся Міша. – Проста не чакаў цябе тут убачыць… Не ведаў, што ты тут жывеш.
– А я ведала, – хітравата прыжмурылася жанчына. – Бачыла вас з жонкай колькі разоў. Адразу пазнала. Ты амаль не змяніўся…
– Чаму ж не падышла, не загаварыла?
– А пра што гаварыць? – паціснула яна плячамі.
– Ты лічыш, няма пра што? – пакрыўджана спытаў Міша. – Мне здаецца, у нас шмат недагаворанага засталося.
Люба адлажыла гачку. Зняла з галавы хустку, дастала з валасоў грэбень і прыбрала рассыпаныя валасы.
– Ну добра, давай дагаворым. Некалі ж, мусіць, трэба… Пайшлі, пасядзім пад ліпай, а то вёска дарма што пустая, а пара-другая цікаўных вачэй заўсёды знойдзецца. Даложаць тваёй жонцы, будзеш мець праблемы.
Міша пакрыўдзіўся за Тамару і адказаў з выклікам:
– А ты не баішся праблем?
– Не, не баюся, – усміхнулася Люба. – Андрэй не раўнівы. Дый нагод для рэўнасці я не даю…
Яны абагнулі дом, за якім расла старая асаністая ліпа, галлё якой спускалася амаль да зямлі, утвараючы зялёны шацёр. У засені жывой альтанкі схаваліся зручная лаўка і невялікі столік.
Жанчына прывычна ўселася на лаўку, прытулілася плячамі да зручнай вогнута-выгнутай спінкі, паклала стомленыя рукі на калені:
– Дык пра што ты хацеў пагаварыць са мной, Міша?
Ён прымасціўся на краёчку лаўкі, у думках дакараючы сябе, што паехаў на лецішча адзін, што не забраў у Пятровіча балгарку, што пасунуўся да суседа, што не зрабіў выгляд, быццам не пазнаў… Сапраўды, пра што цяпер гаварыць? Што ўспамінаць, што варушыць? Адбалела, адсмылела, адышло… Можна сказаць, забылася. Амаль… Ды ўбачыў яе, пазнаў – і сэрца кальнула, як тады…
Ён маўчаў, абводзячы пальцам контуры сучка на дошцы стала.
– Зрэшты, можаш не гаварыць… Я і без таго ведаю твае пытанні, – паслухаўшы яго маўчанне, прамовіла Люба.
– Праўда? – узняў Міша галаву. – Тады адкажы на адно з іх, галоўнае. Але шчыра. Мне трэба гэта ведаць. Не для самасцвярджэння, а для разумення жаночай існасці. І ўвогуле чалавечай.
Ён крыху памаўчаў і спытаў ціха, пільна гледзячы ёй у вочы:
– Скажы, Люба, ты кахала мяне?
Жанчына сумна ўсміхнулася. Памаўчала, нібы збіралася з думкамі, а потым адказала, не адводзячы вачэй:
– Так, Міша, я кахала цябе. Тады, калі мы былі разам. І калі праводзіла цябе ў войска і абяцала чакаць. І потым… Я кахала цябе ўсё жыццё. Калі ўжо зусім па шчырасці, то і цяпер кахаю. Толькі не кажы пра гэта Андрэю. І нікому не кажы. Я многім абавязана свайму мужу і ніколі яго не падману. І гэта маё прызнанне – толькі, як ты кажаш, для разумення чалавечай існасці. Каб ты ведаў: так бывае…
– Чаму ж тады?..
Міша не дагаварыў.
Люба ўздыхнула.
– Добра, я раскажу табе, чаму… Каб ты ведаў, як усё было на самой справе, а не дадумваў сам, наслухаўшыся вясковых пляткароў…
– Тады, як ты выйшаў з дзвярэй ваенкамата – пастрыжаны нагала, такі незнаёмы, чужы… Спехам пацалаваў мяне і сеў у аўтобус разам з іншымі такімі ж цыбатымі, разгубленымі… У той момант, мне здавалася, час спыніўся. Першае, што я зрабіла, калі вярнулася дахаты, – села пісаць табе ліст. Я не ведала адраса, па якім магла б яго адправіць, але напісала два вялікія аркушы пра свае пачуцці, перажыванні, паклала ў канверт, заклеіла і паставіла лічбу «1». І потым пісала табе штодня, а калі туга станавілася невыноснай, то і па некалькі разоў на дзень.
– Так, калі атрымаў адразу 20 лістоў – у роце была сенсацыя, – усміхнуўся, успомніўшы далёкае мінулае, Міша. – А для мяне выпрабаванне. Па салдацкай традыцыі тыя, хто не атрымаў пісьма – а такіх большасць – б’юць шчасліўчыкаў нераспячатаным канвертам па носе. Калі ўлічыць, якой таўшчыні былі твае пісьмы і іх колькасць, то ў мяне былі ўсе шансы застацца без носа!
– Выходзіць, я прымусіла цябе пакутаваць? – засмяялася Люба. – І адыграцца на крыўдзіцелях ты не мог…
– Чаму ж? – паціснуў плячыма Міша. – Апошнія паўгода, калі твае пісьмы раптам перасталі прыходзіць, адыграўся…
– Так, гэта здарылася ў маі, – сумна паглядзела ўдалячынь Люба. – А ты павінен быў вярнуцца восенню. Я ўжо абмяркоўвала з бацькамі, на якую дату прызначыць вяселле і выбірала фасон вясельнай сукенкі…
Яна змоўкла. Маўчаў і Міша, гадаючы, ці хопіць у яе духу ўсё расказаць.
Люба маўчала доўга. Потым перавяла погляд на Мішу, загаварыла бясколерным голасам:
– А твой сябар, Лёнік, вярнуўся з войска вясной. Прыйшоў да мяне, запрасіў у кіно. Калі адмовілася, прапанаваў прагуляцца. Я пагадзілася – так хацелася з некім пра цябе пагаварыць. Мы выйшлі за вёску. Раптам наляцела навальніца: бліскавіцы, гром. І дождж як з вядра. Схаваліся ў дзедавай лазні. Там ён мяне і разлажыў на палку… Сілай узяў. Я плакала, прасілася. Пра цябе нагадала. А ён смяяўся: «Думаеш, ён толькі аўтамат абдымае? Дурнічка…»
– Вось жа гад! – сціснуў кулакі Міша.
– Потым, калі ўсё адбылося… – нібыта не пачуўшы яго, працягвала Люба. – Я плакала – ад болю, сораму, безвыходнасці. А ён закурыў і сказаў: «Ну вось, нарэшце, я адпомсціў!». «Каму, за што?» – не магла я зразумець. «Табе – што выбрала не мяне, а Мішку. Бацьку твайму – што паламаў жыццё маёй матулі. Усёй вашай кодле паганай!» Потым, калі сто разоў той ракавы вечар у памяці пракручвала, успомніла: неяк, калі бацька ў чарговы загул пайшоў, мама, плачучы, сказала, што ён яе ніколі не любіў, хацеў ажаніцца з Лёнікавай маці, Еўдакеяй, ды бацькі не далі. А Еўдакея назло пайшла за першага, хто папытаў, за лайдака і прапойцу. Выходзіць, што яго маці любіла майго бацьку ўсё жыццё. Мне здаецца, што і ён яе – таксама, з-за таго і ў загулы свае сыходзіў. А разлічвацца за іх грахі мне давялося…
– Дурасць нейкая… Якая помста? Пры чым тут ты? Чаму ж ты не напісала мне, не расказала ўсё? Я б разабраўся з Лёнікам.
– Як пра такое ў пісьме напішаш? Вырашыла: вернешся – тады і раскажу.
– Дык чаму ж не дачакалася?
– А табе не расказалі, чаму? Не далажылі, з-за чаго я з сяла з’ехала?
– Ну, гаварылі рознае… Адны – што ты вучыцца ў горад падалася. Другія – што аборт зрабіла і ад сораму ўцякла.
– І тое, і другое праўда. Зацяжарыла я тады. Не думала, што гэта можа з аднаго разу стацца. А калі пераканалася… Маці ў слёзы: сорам, ганьба! Дапытвалася: ад каго? Я не сказала. Навошта? Бацькі, напэўна, прымусілі б Лёніка ажаніцца, ды мне ад адной думкі, што гэты подлы гвалтаўнік можа стаць маім мужам, вусцішна рабілася. Тады маці мяне ў горад павезла. Тэрмін вялікі ўжо быў, у бальніцу не бралі. Акушэрка шапнула ў калідоры, што дома можна ўсё зрабіць. Зрабіла… Цяпер я ніколі не змагу мець дзяцей…
– Але ж… Андрэй казаў, што ў вас сын і дачка, – паглядзеў Міша разгублена.
– Гэта яго дзеці, ад першай жонкі. Але цяпер ужо і мае… Андрэя я сустрэла, калі паступіла ў тэхнікум – трэба было нечым запоўніць пустэчу, што ўтварылася ў душы і ў целе. Ён выкладаў у нас. Мне падабаліся яго лекцыі і ён сам – разумны, дасціпны, тактоўны. А потым даведалася, што ў яго памерла жонка і ён адзін выхоўвае дзяцей-пагодкаў, сына і дачку. Я здымала кватэру ў іх доме, у суседнім пад’ездзе, мы часта дахаты разам вярталіся. Неяк ён папрасіў мяне пасядзець з малымі, яму некуды тэрмінова трэба было адлучыцца. Пасядзела. Раз, потым – другі. Паступова дзеці да мяне прывыклі, я – да іх. А потым і з Андрэем сышліся. Я яму ўсё расказала – пра цябе, пра Лёніка, пра сваю бяздзетнасць. Андрэй зразумеў. Ён увогуле самы лепшы мужчына з тых, каго я ведала.
– Толькі я ўсё роўна кахаю цябе, а не яго, – сумна ўсміхнулася Люба. – І ён мяне не любіць, я ж бачу. Паважае, шануе – так. Але не любіць. У ягоным сэрцы жонка да скону застанецца.
Памаўчаўшы крыху, яна дадала:
– Але мы разам. Жывём, падтрымліваем адзін аднаго. Дзяцей выгадавалі, унукаў дачакаліся. Усё ў нас добра… Кажуць, каханне – гэта калі ўвесь час баліць. Мне ўжо не баліць, Міша… Было кольнула, калі ўбачыла цябе на суседскім падворку. А потым… Вы так хораша з жонкай – усё разам, дружна. І вырашыла: няма чаго былое варушыць. Хай парастае быллём…
Памаўчаўшы крыху, яна паднялася.
– Ну вось і пагаварылі. Дагаварылі…
– Дык чаго ты ад Андрэя хацеў? – спытала яна ўжо зусім іншым, дзелавітым тонам, калі яны выйшлі з-пад ліпавага шатра. – Балгарку? Зараз пашукаю…
