Апавяданне Людмілы Маркоўскай “Смак жыцця”


У студзені ад страшэннага марозу ў горадзе палопаліся трубы. Хлебазаводы стаялі без вады, хлеб тры дні не выпякалі.

Адстаяўшы безнадзейную чаргу, Тоня, хістаючыся ад слабасці, вярнулася дадому з пустымі рукамі і злягла. Да голаду дадаўся холад. Да гэтага часу яны ўжо спалілі ў буржуйцы ўсё, што было ў кватэры: мэблю, кнігі, паркет.

Тоня памірала ціха: ляжала ў халод­най пасцелі, прыціскаючы да сябе сямі­гадо­вую дачку Жэню, каб сагрэць дзяўчынку. Раўнадушны цыферблат месяца, які недзе згубіў лічбы, заглядваў у пакой. Думкі аб ежы адступілі. Толькі адна неадступна стукала ў віскі з кожным ударам пульсу: «Раніцай прыйдзе Рыма… Яна абяцала…»

Малодшая Тоніна сястра працавала на «Арсенале», у яе была рабочая хлебная картка – можа, таму яна і здолела дайсці да іх і ўскараскацца па лесвіцы ў абледзянелых фекаліях: туалетныя вёд­ры знясіленыя жыльцы вылівалі прама за дзверы.

Тоня, апрытомнеўшы ад перадсмяротнай апатыі, учапілася схуднелымі рукамі за рукаў сястры. Запалыя вочы з чорнымі кругамі над дрэвападобнымі скуламі глядзелі ўмольна:

– Рыма, Хрыстом Богам прашу: зберажы Жэньку! З усёй нашай сям’і яна адна засталася. Дай мне слова, што ўратуеш! Паабяцай!
Раптам яе пальцы пачалі хутка пера­біраць падкоўдранік.

– Усё, Жэнечка… Бачыш: абіраецца мама. Хутка адыдзе. Хадзі да мяне, дзетка, не бойся.

– Рыма, абяцай! – выдыхнула Тоня.

– Абяцаю, сястрычка. Жэньку абавязкова зберагу, – заплакала Рыма.

Тоня з палёгкай уздыхнула, галава яе бяссільна скацілася на бок. Рыма дастала з кішэні люстэрка і паднесла да вуснаў сястры. Яго паверхня не затуманілася...

– Усё, Жэнька. Развітайся з мамай.

Дзяўчынка танюсенька заплакала:

– Ты не думай, я хлеба не прасіла. Я ведаю: ежу прасіць нельга.

– Збірайся! Картачкі хлебныя дзе? Вось яны, у шуфлядцы… Утрыманская ды дзіцячая – так, выжыць на іх немагчыма…

Яны звязалі невялікі вузельчык, усё цёп­лае Жэнька надзела на сябе. Рыма накрыла Тоню прасцінай і вінавата паглядзела пляменніцы ў вочы:

– Што мы можам? Цяпер спецыяльныя брыгады ходзяць па кватэрах, збіраюць нябожчыкаў. Не хвалюйся, яны пахаваюць маму.

У Рымы Жэнька жыла ўжо месяц. Ад голаду дзяўчынку муціла, кружылася галава. Было цяжка дачакацца цётку з працы, каб выпіць стакан кіпеню і з’есці маленькі кавалачак хлеба са жмыхам, вотруб’ем і сасновай карой.

Яшчэ праз месяц Жэня аслабла і распухла так, што не магла хадзіць. Яна зразумела, што таксама хутка памрэ. Рыма паклала Жэню на стол, склала ёй рукі на грудзях, запаліла апошні агарак свечкі, села побач. Яна глядзела на празрыстую Жэнькіну скуру, на тонкія блакітныя венкі на распухлых ручках і думала: яшчэ некалькі гадзін – і ўсё будзе скончана…

І раптам убачыла гарачы позірк сястры на затуманеным смерцю твары: «Абяцай! Дай слова!»

– Не! Не дапушчу! Я Тоні паклялася! – усхапілася Рыма. 

Яна кінулася да вешалкі (шафа даўно згарэла ў буржуйцы), дзе вісеў любоўна захутаны ў прасціну святочны бастонавы касцюм мужа, які пайшоў на фронт у першыя дні вайны. Любоўна пагладзіла тканіну. Нашчупала ў кішэні апошнюю каштоўнасць – маленькія залатыя завушніцы з лунным каменем, падарунак Сяргея.

– Нічога, пажывём яшчэ, мая дзяў­чынка…

Ляснулі ўваходныя дзверы. Жэня засталася адна. У паўзабыцці яна глядзела на свае ўсё больш апухаўшыя рукі, а потом зноў закрывала вочы, губляючы прытомнасць.…

«В лунном сияньи снег серебрится, 
Вдоль по дороге троечка мчится …» –
заспяваў высокі мамін голас. Жэні стала цёпла і ўтульна... Яны на лецішцы. Стол накрыты белым абрусам. Над вазачкай з клубнічным варэннем кружацца восы. Тата ў ваеннай форме, не адрываючыся, глядзіць на прыгожую маму ў шыкоўнай сукенцы. 

Яны ўсе любілі гэты раманс, падпявалі маме: 
«Динь-динь-динь, динь-динь-динь – 
Колокольчик звенит, 
Этот звон, этот звук 
Много мне говорит…»

Жэня расплюшчыла вочы, убачыла цёцю Рыму з дзвюма бутэлькамі ў руках – і зноў страціла прытомнасць. Ды раптам адчула, як у рот ёй льецца горкая апякаючая вадкасць, і закашлялася… 
…Дзве гадзіны Рыма з невялікімі пера­пынкамі папераменна давала дзяўчынцы па лыжцы то хлебнай самагонкі, то растопленага свінога тлушчу. І ацёкі на вачах сталі спадаць.

Яўгенія Уладзіміраўна паклала на гра­нітны помнік чырвоныя ружы. «Рыма Васільеўна Кавалёва, 1919 – 1989» – было выбіта на ім. Яны змаглі выжыць той страшнай зімой.

У дзіцячай блакаднай памяці свае межы і арыенціры. Цяпер Жэня, калі пры­ходзіць у любую кампанію да багата накрытага стала, пытаецца: 

– А хлебнай самагонкі ў вас няма? Для мяне гэта смак жыцця...

У люстэрку яе памяці аб бацьках застаўся толькі журботны раманс. На поўню яна падоўгу глядзіць у неба, а ў вушах гучыць: «В лунном сияньи…»

Пра аўтара

Член Саюза пісь­мен­нікаў Беларусі Людміла Маркоўская наша зямлячка: яна нара­дзілася і вырасла ў пасёлку Альхоўка, яе маці Валянціна Аляксееўна доўгі час працавала дырэктарам мясцовай школы. 

Людміла Міхайлаўна скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівер­сітэта. Працавала ў мінскіх школах, выкладала рускую мову, сусветную мастацкую літаратуру і культуру. З 1990 па 2008 гг. была намеснікам дырэктара Мінскага дзяржаўнага педа­гагічнага каледжа імя Мак­сіма Танка, распрацавала аўтар­скую праграму выхавання «Фарміраванне пазітыўнай Я-канцэпцыі будучага педагога». У Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь курыравала пытанні навукі і навучальныя ўстановы ў сферы культуры. 

З адзнакай закончыла не­калькі маскоўскіх літа­ра­турных курсаў. Аўтар кніг «Забыть нельзя вернуться», «Миллефиори». Яе апавяданні дру­каваліся ў калектыўных збор­ніках, беларускіх і расій­скіх літаратурных часопісах. 

Людміла Маркоўская  – пера­можца і лаўрэат шэрагу між­народных літаратурных конкурсаў. У 2022 годзе атрымала Гран-пры ў міжнародным конкурсе «Бег часу» (Балгарыя).