Апавяданне Людмілы Маркоўскай “Магнацкая зацірка”

Зося помніла, якой была зацірка ў яе дзяцінстве. У баць­коўскім доме ў Заба­лацці з печы заўсёды пахла жыццём. Гэта было цёплае, з водарам свежазбітага масла і сырадою шчасце! Маці ставіла на стол гліняныя міскі, раскладвала драўляныя лыжкі. А бацька, хаваючы доб­рую ўсмешку ў пышных вусах, гаварыў: «Магнаты, гэць да стала! Панская вячэра вас чакае!» Дзеці смяяліся, бо ведалі: зацірка – ежа простая, мужыцкая. Але звараная на смачным малацэ, прыпраўленая маслам, яна насамрэч здавалася панскай. «Ну, магнаты, бярыце лыжкі!» – смяяўся тата і першым садзіўся за доўгі дубовы стол, на якім вострыя нажы і бязлітасны час пакінулі свае сляды. Мама ставіла пасярэдзіне чыгунчык, з якога ішла густая сытная пара, спакусліва казытала нос і абяцала райскую асалоду. Яна шчодра стругала ў варыва масла, якое расплывалася жоўтымі астраўкамі на белай роўнядзі малака, пасыпала зверху цукрам… Так, гэта была панская вячэра! І не таму, што магнацкая, а таму, што елі зацірку ўсе разам, весела, шумна і шчасліва.

Акрамя заціркі, былі і іншыя ўспаміны пра іх смачную і сытную сялянскую ежу, якія складалі сімфонію яе маленства.

…Драчоны, ці капыткі, – тоўстыя буль­бяныя калабкі, якія ў гарачай печы па­крываліся залацістай румянай ска­рыначкай. Дзеці ламалі іх, апякаючы пальцы, і мачалі ў густую халодную смятану.

…Хрумсткія дранікі і тлустыя, з пражылкамі мяса скваркі, якія пагрозліва сквірчэлі на гарачай патэльні, а затым пакорліва сціхалі, прыціснутыя бульбяным бліном, што ўпітваў іх гнеў і смакату… 

…Вантрабянка – запечаная ў тоўстай кішцы каўбаса з пячонкі і грэцкай кашы – гэта быў смак свята, бо кабанчыка калолі толькі перад Калядамі і Вялікаднём, тады ж рабілі вантрабянку.

…Любімая ўсімі мачанка – тушаныя ў гаршчочку рабрынкі, кавалачкі мяса, пальцам піханай каўбасы, прыпраўленыя густым мучным соу­сам. У яе мачалі тоўстыя румяныя бліны, наперабой імкнучыся падчапіць як мага большы мясны шматок.

Кожны святочны абед у бацькоўскім доме помніўся як сапраўдны пір з водарам перцу і лаўровага ліста, хлебнай самагонкі, калі прыходзілі госці. Яна час­та ўспамінала адчуванні таго чароўнага свету дзяцінства: шурпатасць прапахлай потам бацькавай рабочай кашулі, якая так прыемна казытала маленькую шчочку, калі тата браў яе на рукі, а Зоська пяшчотна прыціскалася да яго пляча; цеплыню глінянага гаршчочка з капуснікам, які яна, малая, важна несла яму ў поле; пругкую мяккасць цеста для калдуноў з мясной начынкай, якія ляпіла мама; водар бульбяной бабкі, круглабокіх піражкоў з капустай і грыбамі, салодкіх бліноў з яблыкамі і брусніцамі…

Але гэты шчаслівы свет застаўся там, за рысай… За рысай вайны, якая забрала бацьку і мужа. За рысай занядбанага калгаса, у якім яна працавала ад цямна да цямна за «палачкі»-працадні. 

У галодныя пасляваенныя гады выжы­валі тым, што расло на агародзе і што ўдавалася прадаць ці выменяць. Сёлетні недарод дабіў іх і без таго лядашчую гас­падарку. Зямля, некалі шчодрая, цяпер радзіла скупа, быццам шкадавала сокаў. Сям’ю ратавала Рагуля, іх карміліца і апошняя надзея. Але карова захварэла. Плаціць ветэрынару не было чым, давялося аддаць за капейкі жывадзёру. У той дзень, калі з двара вывелі карову, Зося зачынілася ў хляве і доўга нават не плакала – выла, як галодная ваўчыца, уціснуўшыся тварам у цёплыя яшчэ дошкі стойла.

Пасля таго ўжо не плакала. Слёзы былі раскошай, на іх патрабаваліся сілы, а ёй трэба было падымаць дзяцей. 

Алесь і Яніна штодня глядзелі на маці вялізнымі галоднымі вачамі. Зося са страхам сустракала кожнае світанне. Чым карміць дзяцей? Бульба скончылася. Хутка і хлеба не будзе: запасы мукі раставалі, як снег вясной.

Жанчына страпянулася, адагнала морак успамінаў. Рука пацягнулася да галоўкі сына, пяшчотна пагладзіла мяккія, як кужаль, але тонкія і слабыя валасы. Алесь, нібы кацяня, прыціснуўся да яе рукі.

– Мама, а калі вячэраць будзем? – ціха спытаў ён.

– Хутка, сынок, – голас прагучаў хрып­­­ла. Зося адвярнулася, каб сын не заўважыў, як затрымцелі вейкі, затросся падбародак.

– Мам… А можна заціркі? – прашаптала Янечка, абліз­ваючы бясколерныя вусны.

Сэрца, здаецца, разарвалася на тысячы кавалачкаў. Зацірка! «Панская» вячэра з яе мінуўшчыны! Туга па цёплым малочным свеце дзяцінства сціснула горла…

– Можна, дачушка, – прашап­тала Зося. – Зараз звару…

Яна надзела фартух, завязала касынку. Паволі падышла да вялікай скрыні, што стаяла ў куце. Некалі яна была поўнай і Зося смела запускала руку. Цяпер жа, нібы злодзей, стаіўшыся, дастала невялікую торбачку, куды нядаўна ссыпала рэшткі шэрай, дрэнна змолатай жытняй мукі. Дастала яе, развязала. Шчодра, не шкадуючы, усыпала ў міску вялікую жменю. Пашкадавала толькі солі – кінула маленькую дробку. 

Яна прасейвала муку скрозь пальцы і гэтае адчуванне – халаднаватае, шаўкавістае, знікаючае – было адначасова пакутай і надзеяй. Заўтра іх чакае голад. А сёння будзе вячэра. Жыццё. Хоць на адзін вечар…

– Пацярпіце крышачку, мае залатыя, – папрасіла яна дзяцей

І ўзялася за работу. Убіла знойдзенае ранкам у хлеўчуку яйка – парадавала апошняя курыца, стала пераціраць муку з яйкам і вадой у дробныя бясформенныя кавалачкі, падобныя на скамянелыя слёзы. Пацерла рукі адна аб другую, каб не страціўся ніводзін кавалачак цеста. 

У печы ўжо закіпала вада, пустая, без адзінай скалачкі тлушчу. Зося высыпала ў чыгунчык зацёртую муку і стала памешваць…

Варылася не зацірка – варылася іх бяда, густая, шэрая, прыпраўленая горам і слязьмі. Але цяпер, займаючыся звык­лай справай, Зося адчувала за спінай не толькі галодную цішыню сваёй хаты, але і шумны, прыпраўлены водарамі рознай смакаты дом дзяцінства. Яна варыла не поліўку – міф. Легенду пра магнацкую вячэру для сваіх малых, абяскроўленых жыццём дзяцей. 

Зося разліла зацірку па місках. Пахла прэсным цестам і пустатой.

– Ідзіце за стол, – паклікала яна дзяцей

Алесь прагна схапіў лыжку. Але, паспрабаваўшы варыва, зморшчыўся:  

– Зацірка нясмачная зусім…

Яніна, паглядзеўшы на брата, таксама пусціла лыжку. У яе блакітных вочках набухалі слёзкі расчаравання. 

Зося ўзяла сваю міску, зачэрпнула бязрадаснае варыва – вынік іх бясконцых страт. І адчула сілу ўсіх пакаленняў беларускіх жанчын, якія варылі зацірку і ў шчасці, і ў горы – і кармілі дзяцей. Любой цаной. І ўсміхнулася той самай светлай усмешкай, якую некалі дарыў ёй бацька. 

– Ды што вы, дзеці? Гэта ж магнацкая зацірка! Такую толькі багацеі елі! – сказала яна – голас гучаў, як шкло. – Яна ж асаблівая! Яе на чысцюткай вадзе з крыніцы вараць, каб сапраўдны смак адчуць. Вы пакаштуйце! 

Зося з паказным задавальненнем адправіла лыжку ў рот і заплюшчыла вочы ад асалоды…

– М-м-м… Якая смаката!

Дзеці паверылі. Яны заўсёды верылі маме. Алесь зноў узяўся за лыжку, Янечка зрабіла тое ж. Яны з апетытам сёрбалі пустую поліўку, уяўляючы, што гэта насамрэч нейкая асаблівая страва. Шчочкі іх паружавелі ад гарачага і ад задавальнення. 

Гэта была Зосіна перамога. Маленькая і горкая, як крошкі зацёртай мукі. Але перамога!

Маці глядзела на дзяцей і таксама раз-пораз падносіла да вуснаў амаль пустую лыжку. Кожны глыток быў напамінкам пра страчаную Рагулю, пра загінулага мужа, пра неўраджайную зямлю, пра надыходзячы голад… 

Але дзеці елі. І не плакалі. І яна не бу­дзе плакаць. Будзе моўчкі глытаць гэтую пустату і ўсміхацца. 

Таму што зацірка… Яна бывае рознай. Для адных – памяць пра сытнае і шчаслівае дзяцінства. Для другіх – разу­менне, што калі нават заканчваецца ўсё, застаецца крынічная вада, жменька мукі і сіла святога мацярынскага падману, які суцешыць і накорміць лепш, чым самая сытная малочная зацірка на масле.

Пераклад з рускай Ніны РЫБІК.