Анна Борисовна Кожемякина отпраздновала 90-летний юбилей
Адна са старэйшых, вопытнейшых і мудрэйшых настаўнікаў Астравеччыны Ганна Барысаўна Кажамякіна нядаўна адзначыла сваё 90-годдзе.Павіншаваць гэтую цудоўную жанчыну, мудрую калегу і заслужанага педагога з днём нараджэння завіталі старшыня савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт, старшыня Беларускай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Васільеўна Ярмоліч і старшыня прафкама гімназіі №1 Астраўца Ніна Тадэвушаўна Мажэйка.
Прывітальны адрас са шчырымі, напісанымі ад душы словамі і прыгожы букет сталі для Ганны Барысаўны прыемнай нечаканасцю. Хоць гасцям жанчына заўсёды рада – і вучням, і былым калегам.
Ганна Барысаўна прыехала працаваць у Астравецкі раён адразу пасля вайны, у далёкім 1948 годзе. Пачынала ў Быстрыцкай школе, а праз пяць гадоў ужо вучыла астравецкіх дзетак.
Колькі душэўнага цяпла і сапраўдных ведаў уклала Ганна Барысаўна ў сваіх вучняў, многіх з якіх жанчына помніць да гэтага часу! Таленавітую настаўніцу часта ўспамінаюць і вучні. Таму што “сеяць” добрае, разумнае, спрадвечнае – вучыць дзяцей – могуць толькі светлыя людзі.
Алена ГАНУЛІЧ
