Андрэй Гладкі: пра банкаўскую справу і асобу кіраўніка
Дарогу ў Аграпрамбанк у Астраўцы не ведае, мабыць, толькі прыезжы. Ды і той не можа не звярнуць на яго ўвагі: будынак цэнтра банкаўскіх паслуг №428 месціцца якраз у цэнтры горада.
Тое, што ён тут знаходзіцца не адно дзесяцігоддзе, пацвердзяць карэнныя жыхары горада. Пра яго работу мы распыталі ў начальніка ЦБП Андрэя Гладкага, у тым ліку задалі яму некалькі асабістых пытанняў.
1.Як прыйшлі ў прафесію?
2.Ці згодны вы з меркаваннем, што банкіры – тыя ж эканамісты?
3.Якім калектывам кіраваць прасцей – маленькім ці вялікім?
4.Назавіце рысы характару, якія павінен мець кіраўнік.
5.Ёсць такія выразы: жыць на рабоце і жыць з работай. Гэта пра вас?
1. Я мясцовы: нарадзіўся і да 1995 года жыў у Астраўцы. У тыя часы, калі мне трэба было вызначыцца з прафесіяй, банкаўская справа была ў топе – прахадныя балы на гэтую спецыяльнасць зашкальвалі. І хоць я вельмі любіў гісторыю, дзякуючы настаўніку СШ№1 Ігару Прусакову, усё ж вырашыў стаць не педагогам, а банкірам. Скончыў Навагрудскі гандлёва-эканамічны тэхнікум.
Працоўную дзейнасць пачынаў у разлікова-касавым цэнтры ў Ашмянах касірам абменнага пункта на аўтастанцыі. Завочна атрымаў вышэйшую адукацыю, прычым дыплом у мяне з адзнакай.
У 2013 годзе – намеснік кіраўніка у Смаргонi, адказваў за карпаратыўны накірунак. Гэта былі стасункі не толькі з сельгасарганізацыямі, але і буйнымі пераапрацоўчымі прадпрыемствамі.
Ужо начальнікам цэнтра банкаўскіх паслуг у Астраўцы пачаў спасцігаць “рознічную” сферу: акрамя арганізацый, мы шмат працуем з людзьмі.
Да слова, Аграпрамбанк – гэта не толькі пра бізнес, але і пра дабрачыннасць: мы таксама падтрымліваем сацыяльныя праекты, спартыўныя мерапрыемствы, да прыкладу, “Атамную дзясятку” ў Астраўцы. Шмат расказваем пра сваю работу дзецям – запрашаем іх на экскурсіі і самі бываем у школах.
Хоць, канешне, асноўны напрамак работы – супрацоўніцтва з сельскай гаспадаркай, пераапрацоўчай прамысловасцю. Кіраўніцтва раёна прыкладае вялікія намаганні, каб у рэгіёне развівалася малочная вытворчасць, таму наш банк удзельнічаў у праектах па будаўніцтве малочна-таварных комплексаў КСУП “Гудагай” i КСУП “Гервяты”. Актыўна ў нас абслугоўваецца малы і сярэдні бізнес.
2. На мой погляд, паміж банкірам і эканамістам нельга паставіць знак роўнасці. Напрыклад, начальнік сектара карпаратыўнага бізнесу у ЦБП мае юрыдычную адукацыю.
Так што банкір – гэта нешта большае, чым проста эканаміст, бухгалтар ці юрыст. Гэта яшчэ і псіхолаг, бо кліенты розныя бываюць: кагосьці трэба супакоіць, а каго і гарбатай напаіць. Чаму, думаеце, у маім кабінеце заўсёды ёсць цукеркі?.. (Смяецца.) Хоць такія кліенты бываюць рэдка: калектыў са складанымі сітуацыямі, як правіла, спраўляецца сам. Ды і здараюцца падобныя непрыемнасці разы ў гады.
3. Наш калектыў невялікі, 11 чалавек. Гэта сплаў вопыту і маладосці, дзякуючы чаму наш цэнтр займае ў вобласці высокія пазіцыі.
Разам удзельнічаем у мерапрыемствах, дэманстрацыях паслуг, бізнес-прыёмных, якія праводзяцца ў Астраўцы: сваім прыкладам паказваю, як працаваць з кліентамі, – усё ж прадажамі займаюся з 1997 года. (Усміхаецца.)
Даводзілася кіраваць і нашмат большым калектывам. Матэрыяльная матывацыя ў рабоце, безумоўна, важны момант. Але не толькі ён. Калі бачу, што нешта ў падначаленага не атрымліваецца або з’явілася праблема, стараюся дапамагчы і падтрымаць.
У маленькім калектыве пачынаеш цаніць кожнага чалавека, таму што калі не ён, то хто. Асаблівасць такіх калектываў – шматфункцыянальнасць работнікаў. І тут для мяне самае галоўнае, што сярод маіх людзей няма раўнадушных.
4. Кіраўнік павінен быць мэтанакіраваным, прадбачыць вынік і ісці да яго.
У кожнага, хто мае падначаленых, стыль кіраўніцтва розны. Я ж прытрымліваюся дэмакратычнага: лічу, што добрую ініцыятыву варта заахвочваць. Кожны мае права слова. Але разам з тым нельга забываць пра кантроль, інакш можа адбыцца збой наладжанай сістэмы.
Кіраўнік павінен быць шматзадачным i трымаць руку на пульсе. Успомніце “Алісу ў краіне цудаў” Льюіса Кэрала: час ад часу трэба бегчы вельмі хутка, каб застацца на тым жа месцы. Не спыняйцеся, каб усё паспяваць.
5. Не заўсёды ў канцы працоўнага дня атрымліваецца пераключыцца на адпачынак, таму, мабыць, і пра мяне можна сказаць “жыву з работай”. Калі быў спецыялістам з больш вузкімі задачамі, мог зачыніць дзверы кабінета і забыць пра работу. Але і тады перажываў, ці ўсё зрабіў правільна.
Любы кіраўнік заўсёды трымае ў галаве нейкія пытанні і абдумвае іх вечарам дома за кубкам гарбаты.
Што дапамагае пераключыцца? Аўдыёкнігі, прагулкі і турыстычныя паездкі па гістарычных месцах з сям’ёй.
ЛІЧБА
ЦБП №428 у Астраўцы абслугоўвае больш за 200 юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў і каля 5 тысяч чалавек.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
