Аналізуем вынікі анкетавання “Газета-чытач: нам не жыць адзін без аднаго”

Удзел у апытанні прыняло 105 чалавек: 78 запоўнілі электронны варыянт, 27 – папяровы.
Хто ж яны, нашы нераўнадушныя чытачы?
У «калектыўнага чытача» – прыгожы жаночы твар: 70 з тых, хто запоўніў анкету – прадстаўніцы чароўнай паловы чалавецтва. Найбольш сярод іх гараджан і прадстаўнікоў сярэдняга ўзросту: 34 чалавекі знаходзяцца ў межах 30-40 гадоў, 24 – 40-50, 16 рэспандэнтаў – ва ўзросце да 30 гадоў, столькі ж пераўзышлі 50-гадовы рубеж і 15 знаходзяцца ў так званым залатым узросце: старэй за 60. Хоць некаторыя пазначалі свой узрост канкрэтна: 77 гадоў, 85, больш за 80. 38 рэспандэнтаў у розны час з’яўляліся героямі публікацый раённай газеты, 22 друкавалі на яе старонках свае артыкулы і фотаздымкі, 22 удзельнічалі ў
рэдакцыйных конкурсах, многія былі кліентамі рэкламнага аддзела. Хоць ёсць і тыя, каму не даводзілася непасрэдна кантактаваць з рэдакцыяй. Да нашай радасці, ніхто не выбраў варыянт «даводзілася стасавацца з супрацоўнікамі «АП» – вопыт быў негатыўны».
На пытанне, дзе вы чытаеце матэрыялы раённай газеты, найбольшая колькасць – па 60 чалавек у адным і другім выпадку – адказалі, што аддаюць перавагу друкаванай версіі газеты і групам «АП» у сацыяльных сетках. 50 чытае «раёнку» на нашым сайце і толькі двое адказалі, што не чытаюць яе ўвогуле (тым не менш, ацэнку тэмам, праектам і журналістам давалі).
Да слова: супярэчнасці ў тым, што адказаў больш, чым анкетуемых, няма: у гэтым і іншых прапанаваных варыянтах можна было выбіраць некалькі. Сапраўды, многія чытаюць газету на сайце ці ў сацыяльных сетках – там аператыўная інфармацыя з’яўляецца, як правіла, хутчэй. І пры тым лічаць абавязковым выпісваць «раёнку»: разгарнуць у аўторак і пятніцу старую добрую газету – справа гонару і даніна традыцыі. Да таго ж у друкаванай версіі інфармацыі больш, самыя чытабельныя (на думку не толькі журналістаў, але і чытачоў) матэрыялы найперш з’яўляюцца тут. Словам, папяровая газета і яе электронныя варыянты – не сапернікі, а памочнікі адзін аднаму.
Аб тым, дзе чытачы выпісваюць раённую газету, мы пацікавіліся не толькі ў анкеце, але і ў апытанні на сайце «Астравецкай праўды» і ў яе групах у сацыяльных сетках. Дзіўна, але адказы атрымаліся розныя. З тых, хто запоўніў анкету, 46 чалавек выпісваюць «раёнку» на пошце, 11 – праз інтэрнэт, да васьмі і дзевяці адпаведна паштальён прыходзіць на работу ці дахаты, трое – непасрэдна ў рэдакцыі. 31 чалавек не выпісвае газету, бо ўсе навіны даведваецца з інтэрнэту, чацвёра не маюць часу хадзіць на пошту, трое адказалі, што не выпісваюць газету таму, што яна ім нецікавая.
У апытанні на сайце прыняло ўдзел 34 чалавекі. 14 з іх выпісваюць «Астравецкую праўду» ў рэдакцыі, 7 – у інтэрнэце, 5 – на пошце, 1 – на рабоце, калі прыходзіць паштальён, 5 не выпісваюць, бо навіны даведваюцца з інтэрнэту, 1 не мае часу ісці на пошту. І ніхто не адказаў, што не выпісвае газету, бо яна нецікавая.
Сябры «раёнкі». На фота Валянціна Янчэўская.
На пытанне, якія тэмы найбольш цікавяць чытачоў, практычна ўсе – 98 апытаных – адказалі: мясцовыя навіны. У лідарах таксама пытанні адукацыі і гісторыі – па 47 галасоў, медыцыны – 43, забаўляльная тэматыка – 42. У аўтсайдарах – палітыка – 16 галасоў, эканоміка – 20 і рэспубліканскія навіны – 21.На пытанне, чаго найбольш не хапае «Астравецкай праўдзе», 49 рэспандэнтаў адказалі: розных меркаванняў. 45 з іх лічаць, што ў нашай газеце мала крытычных матэрыялаў, 42 хацелі б больш бачыць навін і герояў з глыбінкі.
Цікава было даведацца, як чытачы ацэньваюць асноўныя рубрыкі і праекты «Астравецкай праўды» – іх якасць мы прапанавалі ацаніць па 10-бальнай шкале. Многія не шкадавалі «дзясятак» і шчодра «сыпалі» іх усім праектам, але былі і строгія чытачы: нямала мы пабачылі «двоек», «троек», «адзінак» і нават нулёў!
У выніку найбольшую колькасць балаў набрала рубрыка «Лёсы людскія» – 758. У лідарах таксама «Аўтарскі ракурс» – 669 галасоў, «Гісторыя газетным радком» – 667, «Землякі» – 656, «Чым жывеш, вёска?» – 641, «Рэпарцёр выходзіць у свет» – 637, «Сцяжынка да школьнага парога» – 633, «Альфа і Амега школьнага жыцця» – 629, «Планёрка ў старшыні» – 624, «Пра здароўе, для здароўя» – 621, «Пад дахам дома твайго» – 607, «Героі Вялікай Перамогі» – 605.
Многія рэспандэнты не абмежаваліся «галачкамі» ў пазначаных квадраціках і дадалі да анкет уласныя меркаванні, пажаданні, просьбы. Прыводзім некаторыя з іх:
– Печатайте родившихся, умерших, как раньше.
(Чаму зніклі з газеты гэтыя папулярныя рубрыкі, мы тлумачылі неаднойчы. Звесткі рэдакцыя атрымлівала з раённага аддзела ЗАГС, а цяпер, у адпаведнасці з Законам аб персанальных дадзеных, іх нельга друкаваць у газеце без згоды грамадзян. Так што выбачайце, калі ласка. – Удаклад. аўт.).
– Хацелася б бачыць каляровай газету і ў аўторак, а не толькі ў пятніцу.
– Хочется небольшого, но всё же апгрейда. Убеждена, что газета должна задавать тон тому, что на повестке дня, заставлять думать, учить, помнить, гордиться, развиваться.
– Успехов в нелёгком труде, коллективу – так держать!
– Для видеоновостей обновите заставку, она очень длинная.
– Побольше новостей о красивых местах района, исторических, местах отдыха...
– Всей вашей команде крепчайшего здоровья, сил, бодрости, успеха и вдохновения!
– Хацелася б бачыць газету больш беларускамоўнай.
– Шмат цікавых артыкулаў. Апошні – пра Васілёнак М.К. Запомніліся публікацыі Іаланты Валуевіч. А пра «Што? Дзе? Калі?» нецікава, пажадана больш не друкаваць.
– Желаем благополучия и крепкого здоровья каждому работнику, вы большие молодцы!
І нашым чытачам – дзякуй за шчырыя адказы, за добрыя пажаданні і прапановы. Арыентуючыся на іх, мы будзем старацца рабіць «Астравецкую праўду» яшчэ лепшай.
Так што выпісвайце, заходзьце на сайт, падпісвайцеся на нас у сацыяльных сетках, чытайце, дасылайце свае меркаванні, навіны, артыкулы, фотаздымкі, падказвайце адрасы цікавых людзей і падзей, удзельнічайце ў нашых конкурсах і фотамарафонах.
І будзем сябраваць і надалей!
