Аматары-арнітолагі сустрэліся ў Вароне

На мінулым тыдні ў вёсцы Варона праходзілі дні аматараў назірання за птушкамі.

Арганізатарам акцыі выступіла грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, якая прадаставіла неабходную апаратуру для назірання мясцоваму арнітолагу Станіславу Баляслававічу Памецьку, які славіцца сваёй любоўю да птушынага свету і стараецца прывіць гэтую любоў дзецям на занятках “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, што праводзяцца ў Варонскай бібліятэцы.
На беразе Сянканкі Станіслаў Баляслававіч устанавіў падзорную трубу, і кожны, хто праходзіў міма, меў магчымасць паназіраць за птушкамі. Дзеці і дарослыя з цікавасцю разглядвалі ў падзорную трубу качак, лебедзяў, сінічак. Такія невялікія акцыі садзейнічаюць прыцягненню ўвагі людзей да навакольнага свету і нагадваюць ім, што прырода – багацце, якое варта цаніць і зберагаць.


Вольга ШОЎКУН.