Аліцыя Яцэвіч без малога 35 гадоў працуе ў райЦГЭ памочнікам урача-гігіеніста

Што павінна быць у школьным меню? Чаму нельга пісаць дыктант ці кантрольную ў пятницу? Ці правільна складзены расклад? Пра гэта і многае іншае ведае памочнік урача-гігіеніста Астравецкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аліцыя Яцэвіч, якая пільна нясе прафілактычнуюварту па ахове здароў’я нашых дзяцей.

Пра выбар прафесіі і вучобу
– Выпадковая сустрэча з адна­вяс­коўкай, якая вучылася на сані­тар­нага фельчара ў Гродзенскім медыцынскім вучылішчы, прадвы­значыла прафесійны выбар і ўвогуле далейшае жыццё. 
Хто такі доктар, медыцынская сястра я, канешне, уяўляла, а вось чым займаецца гігіеніст, паняцця не мела. Пацікавілася ў знаёмай, што гэта за прафесія і чым займаецца спецыяліст такога профілю. У адказ яна загадкава пасмяялася і коратка адказала: «Чалавек, які ездзіць па магазінах і травіць мышэй». Інтрыга спрацавала!
Па выніках сумоўя мяне залічылі. Вучоба падабалася, толькі вельмі сумавала па дому, бацьках. У той час не тое што мабільных, хатніх тэлефонаў не было ў нашай вёсцы.
Пашчасціла, што ў педагагічным інсты­туце вучылася сястра, а нашы інтэрнаты знаходзіліся побач. Пасля заняткаў бегла да Ірыны – на вахце мяне ўжо ўсе ведалі. На выхадныя ездзіла дадому. 
Вучыцца падабалася. На першых кур­сах праходзілі прадметы агульнага профілю: фізіялогію, анатомію і іншыя. На апошніх – спецыяльныя дысцыпліны: эпідэміялогію, гігіену харчавання, камунальную, дзяцей і падлеткаў. Асабліва падабаліся фармакалогія і лацінская мова. Вучылішча скончыла з адзнакай. 

Пра першыя крокі ў прафесію
– У 1990 мяне размеркавалі ў Аст­ра­­вецкую раённую санітарна-эпі­дэ­міялагічную станцыю. 
Тата прывёз у райцэнтр зараней. Мяне падсялілі да дзяўчат, якія працавалі ў бальніцы. Пакой і так невялікі, а выйшла, што я іх паціснула. Пераначавала, а назаўтра пабегла на аўтастанцыю і паехала ў родныя Пераходы, што на Шчучыншчыне.
Праз некалькі дзён у райцэнтр вярнулася ўжо з мамай. Зайшла ў кабінет да дырэктара Фёдара Фёдаравіча Нас­ке­віча, як цяпер памятаю: ён сядзеў у крэсле, кепка была насунута на вочы. Паглядзеў на мяне і строга, як бацька, сказаў: «Хопіць бегаць. Пара прыступаць да работы. Памятай: нідзе дарога не будзе выслана мёдам». У мяне ад душы і адлягло.
Першы працоўны дзень прайшоў на зборы камянёў. Там і па­знаё­мілася з калектывам. 

Пра работу і сучасных школьнікаў
– Напачатку было складана. Атры­маныя ў вучылішчы веды адрозніва­ліся ад практыкі. 
На раён у 90-х выязджалі цэлай брыгадай: адзін правяраў магазін, іншы – дзіцячы садок. Курыравала камунальную гігіену, да слова, каля 20-ці гадоў.
Пасля дэкрэтнага адпачынку профіль работы змяніўся: адказвала за гігіену грамадскага харчавання. Потым маім накі­рункам стала гігіена дзяцей і падлеткаў. На працягу апошніх гадоў куры­рую работу ўстаноў адукацыі, ма­газінаў з таварамі для дзяцей.
Арганізацыя харчавання ў школах – ад­­но з галоўных пытанняў. Пілотны праект, калі дзеці самі выбіралі меню, рэалі­­зоўваўся ў 10-ці ўстановах сярэдняй аду­кацыі. Мы праводзім гігіенічную ацэнку распрацаванага тэхнолагамі меню. Дасканала вывучаем і правяраем, каб стравы не паўтараліся, а таксама былі ўлічаны смакавыя перавагі вучняў.
Дынаміку харчавання адсочваем пастаянна. Напрыклад, у канцы навучальнага года адходаў значна менш, чым у верасні. Акрамя гэтага, праводзім апытанне сярод дзяцей па стравах, якія ім падабаюцца. Калі на выхадзе ў пэўнага прадукта атрымліваецца звыш 20% адхо­даў, стараемся замяніць яго на ін­шы. У гутарках многія дзеці казалі, што харчаванне ў іх школе палепшала, а значыць і рэалізацыя пілотнага праекта была недарэмнай. 
Падобная практыка, калі вучні выбі­раюць, што есці на абед, з новага навучальнага года будзе ўкараняцца ва ўсіх 15-ці ўстановах сярэдняй адукацыі раёна.
Акрамя гэтага, праводжу ацэнку вучэб­ных раскладаў з дапамогай рангавай шкалы складанасці. Галоўнае, каб правільна была размеркавана вучэбная нагрузка. Напрыклад, панядзелак павінен пачынацца з больш лёгкіх урокаў, а самыя складаныя – выпадаць на аўторак ці сераду. Чацвер таксама павінен быць «аблегчаны», але гэта не тычыцца старшакласнікаў.
У многіх работа залежыць ад сезон­насці, чаго не скажаш пра мяне. (Усмі­хаецца.) У самым разгары аздараўленчы перыяд, таму правяраем лагеры, каб не было парушэнняў і дзеці добра адпачылі. Неўзабаве пачнецца падрыхтоўка школ да новага навучальнага года. Іх правяраем па графіку і ўказваем, што трэба выправіць да Дня ведаў. Потым паўторна прыязджаем з камісіяй, каб ацаніць, ці выкананы рэкамендацыі. Кожную з устаноў адукацыі правяраем некалькі разоў на год, таму што здароўе дзяцей – самая важная рэч у свеце. 
…У красавіку споў­ні­лася 34 гады, як працую ў раённым цэнтры гігіены і эпі­дэміялогіі, і бачу сябе толькі тут, добра ведаю свае аб’екты, людзей… Словам, я на сваім месцы!

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич