Актывісты раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў зладзілі спартыўныя спаборніцтвы


Ёсць дата ў календары, якая мае асаблівае значэнне для некаторых нашых землякоў. Менавіта 8 ліпеня заснавана грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства інвалідаў” і ў гэты дзень не стала старшыні раённай арганізацыі “БелТІ” Юрыя Ждановіча, які быў не толькі мудрым кіраўніком, але сябрам і дарадцам для тых, хто яго ведаў.

З гэтай нагоды актывісты Астравецкай раённай арганізацыі зладзілі сустрэчу ў Гудагаі і правялі спаборніцтвы пры падтрымцы фізкультурна-спартыўнага клуба.

На ўрачыстым адкрыцці пасля гучання гімна Беларусі астравецкі лідар людзей з інваліднасцю Таццяна Лянкевіч падзякавала кожнаму, хто знайшоў час завітаць на мерапрыемства і вельмі цёпла са  слязьмі на вачах узгадала Юрыя Іосіфавіча і добрыя справы, якія ён зрабіў для раённай структуры.

На свяце прысутнічалі і ганаровыя госці: старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі “БелТІ” Айдын Аліеў, старшыня Гудагайскага сельскага Савета Уладзімір Барысевіч, намеснік дырэктара Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аксана Свірская.

– Нягледзячы на асаблівасці са здароўем, усе мы роўныя. І ў нашай краіне надаецца вялікая ўвага людзям з інваліднасцю, – прывітаў удзельнікаў Уладзімір Барысевіч. – Гэтае мерапрыемства – увасабленне вашых сілы духу і сяброўства. У першую чаргу, жадаю здароўя, дабрабыту і мірнага неба над галавой.


Судзіў спаборніцтвы Вадзім Лебядзевіч.  

Розныя па ўзросце і характарах, са сваімі асаблівасцямі здароўя людзі з інваліднасцю спачатку сарамліва, а потым больш актыўна і смела выходзілі на старт.

Удзельнікам прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў дартсе, кідках мяча ў баскетбольнае кольца і звычайны кошык, пагуляць у “Гарадкі” і міні-хакей з мячом. Прыемна было глядзець, як адкінуўшы кавенку ці мыліцы, ігракі ўпэўнена і старанна цэлілі ў мішэнь ці кальцо. А самае галоўнае – падтрымлівалі адзін аднаго! На пляцоўцы яны былі не сапернікамі, а сябрамі.

Пераможцаў і прызёраў узнагародзілі ў кожнай катэгорыі. А дзень завяршыўся сяброўскімі размовамі за салодкім сталом.

ДАРТС


1 месца – Аляксандр Лянкевіч

2 месца – Святлана Пясецкая

3 месца – Валерый Ляховіч

КІДКІ Ў БАСКЕТБОЛЬНАЕ КОЛЬЦА


1 месца – Міхаіл Субаткевіч

2 месца – Аляксандр Лянкевіч

3 месца – Валерый Ляховіч

“ГАРАДКІ”

1 месца – Ванда Пятровіч

2 месца – Марыя Грыва

3 месца – Мар’ян Ган

МЯЧ У ВАРОТЫ

1 месца – Святлана Мешкіс

2 месца – Мар’ян Ган

3 месца – Аляксандр Лянкевіч

КІДКІ Ў КОШЫК

1 месца – Леанард Баршчэўскі

2 месца – Міхаіл Каранкевіч

3 месца – Марыя Грыва

З першых вуснаў

Таццяна Лянкевіч:

– Дзякуючы светлай памяці Юрыю Іосіфавічу Ждановічу актывісты нашага грамадскага аб’яднання сталі ўдзельнікамі розных спартыўных спаборніцтваў. На жаль, яго няма з намі, але, як бачым, яго справа працягвае жыць.

У мерапрыемстве “Спорт роўных магчымасцей” паўдзельнічалі людзі з інваліднасцю ўсіх катэгорый захворвання, незалежна ад ўзросту і ступені рухавасці. Удзячна за спонсарскую дапамогу ў падрыхтоўцы падарункаў ААТ “БелЭкзито” Сяргею Аўдзеенку, дырэктару ПУП “Календула” Ігару Сяржанаву.

Аляксандр Лянкевіч:

– Атрымаў тры медалі рознай вартасці і некалькі падарункаў. Мне здаецца, што ўсім удзельнікам спадабалася! Ведаю, што некаторыя ўпершыню спрабавалі свае сілы ў асобных відах – і ў іх атрымалася паказаць годны вынік. Для мяне, напрыклад, самым простым быў дартс.

Вадзім Лебядзевіч:

– Вы ўсе вялікія малайцы! Прыемна было назіраць за вашым энтузіязмам, які вы дэманстравалі на ўсіх відах. І надалей мы заўсёды будзем адгукацца на прапановы раённай арганізацыі “Беларускага таварыства інвалідаў”, а таксама запрашаем праводзіць спаборніцтвы на базе нашага ФСК. 






Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич