Актуальные проблемы образования были рассмотрены на заседании консультативной комиссии Литовской Республики и Республики Беларусь

На працягу двух дзён у Астравецкім раёне працавала сумесная кансультатыўная камісія Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі і навукі Літоўскай Рэспублікі па каардынацыі дзейнасці школ для нацыянальных меншасцей.

Падобныя пасяджэнні праходзяць штогод, і на іх уздымаюцца праблемы, звязаныя з функцыянаваннем літоўскіх школ у Беларусі і беларускай школы ў Літве. У Гродзенскай вобласці дзейнічае дзве школы з літоўскай мовай навучання: Пяляская школа Воранаўскага раёна, якая фінансуецца з бюджэту Літоўскай Рэспублікі, і Рымдзюнская сярэдняя школа з літоўскай мовай навучання, якая дзейнічае ў Астравецкім раёне і фінансуецца з беларускага бюджэту. У суседняй краіне ёсць беларуская школа – Вільнюская гімназія імя Францыска Скарыны.
Візіт літоўскай дэлегацыіпачаўся з наведвання Астравецкага раённага выканаўчага камітэта, дзе гасцей сустракалі старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька і Паўнамоцны і Надзвычайны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Уладзімір Несцеравіч Дражын, а таксама начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Астравецкага і Воранаўскага райвыканкамаў Наталля Іосіфаўна Станкевіч і Алена Янаўна Ганевіч і прадстаўнікі беларускай камісіі, у склад якой увайшлі супрацоўнікі Міністэрства адукацыі і Гродзенскага ўпраўлення адукацыі. Былі на пасяджэнні і наглядальнікі – іх прадстаўлялі дырэктар Літоўскага цэнтра культуры, адукацыі і інфармацыі Віргінія Тарнаўскайтэ, ганаровы старшыня Гервяцкай абшчыны літоўцаў Альфонсас Аўгуліс, другі сакратар Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эгле Райле і дырэктар Пяляскай сярэдняй школы Іван Мацюлевіч. Удзел у рабоце камісіі прыняў і намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.
Камісія існуе некалькі гадоў, але яе пасяджэнне ў Астраўцы праходзіла ўпершыню.


– Літоўскі цэнтр культуры, адукацыі і інфармацыі аб’яднаў дзве суседнія краіны, – сказаў, адкрываючы работу камісіі, старшыня Астравецкага райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька. – Па пытаннях развіцця сістэмы адукацыі дзвюх краін мы працуем з 1996 года, таму, мяркую, падчас сённяшняй сустрэчы разгледзім шэраг важных пытанняў і вырашым праблемы, калі такія ўзнікнуць.


– Веру, што праца, якой мы сёння будзем займацца, стане стваральнай, таму што накіравана яна на будучыню і Літоўскай Рэспублікі, і Беларусі. Я ўпэўнены, што дзеці павінны вучыцца на той мове, на якой хочуць: беларусы, якія жывуць у Літве, маюць права вучыцца ў беларускай школе, а літоўцы, якім выпала жыць у Беларусі, павінны мець магчымасць вывучаць літоўскую мову. І сёння я ўдзячны кіраўніцтву дзвюх дзяржаў і Міністэрствам адукацыі Літвы і Беларусі за такую магчымасць, – сказаў Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы У.Н. Дражын. – Я таксама ўпэўнены, што ніякіх размоў пра скарачэнне літоўскіх школ у Беларусі і беларускай у Літве весціся не павінна – гэта наша будучыня, і мы павінны пра яе клапаціцца.


Асноўная частка пасяджэння прайшла ў Рымдзюнскай сярэдняй школе з літоўскай мовай навучання. Тут былі абмеркаваны актуальныя пытанні стану і развіцця сістэм агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі. З інфармацыяй аб новаўвядзеннях бягучага навучальнага года – гэта павелічэнне сярэдняй напаўняльнасці класаў, вывучэнне ў 10 класах прадметаў на павышаным узроўні, аб змяненнях у атэстацыі педагагічных работнікаў і шэрагам іншых – выступіла начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь С.В. Уклейка.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Н.І. Станкевіч праінфармавала аб развіцці сістэмы адукацыі ў Астравецкім раёне і спынілася на арганізацыі адукацыйнага працэсу ў Рымд- зюнскай школе з літоўскай мовай навучання.
Сістэму адукацыі суседняй краіны ахарактарызаваў дырэктар Дэпартамента агульнай і прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі і навукі Літоўскай Рэспублікі Саўлюс Зібартас. Ён падкрэсліў, што ў Літве таксама праходзіць аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі, распрацоўваецца праграма работы з таленавітай і адоранай моладдзю, вялікая ўвага надаецца развіццю прафесійна-тэхнічнай адукацыі, таму праблемы і новаўвядзенні, якія адбываюцца ў сістэмах адукацыі дзвюх краін, блізкія, і шляхі іх вырашэння таксама можна шукаць разам.
Другая частка пасяджэння была прысвечана пытанням выканання пратакола сумеснай кансультатыўнай камісіі за мінулы год. Большасць узнятых падчас мінулагодняга пасяджэння пытанняў была вырашана. Так, па выніках акрэдытацыі Вільнюская сярэдняя школа імя Францыска Скарыны атрымала статус гімназіі; беларускі бок прапанаваў два варыянты павышэння кваліфікацыі настаўнікам беларускай мовы, якія працуюць у Вільнюскай гімназіі: выезд работнікаў Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі ў гімназію ці запрашэнне настаўнікаў гімназіі ў Гродна.
Былі разгледжаны пытанні вывучэння факультатыўных заняткаў “Гісторыя Літвы” і “Геаграфія Літвы” з іх магчымым ацэньваннем, удзел у інтэлектуальных і творчых конкурсах, працэдура перасячэння дзяржаўнай мяжы настаўнікамі з Літвы, што працуюць на тэрыторыі Беларусі.
Работа кансультатыўнай камісіі закончылася экскурсіяй па Рымдзюнскай школе з літоўскай мовай навучання і Літоўскім цэнтры культуры, адукацыі і інфармацыі.
У другі дзень госці раёна адправіліся ў Варнянскі НПК. Тут жа прайшла прэзентацыя кабінетаў інфарматыкі і беларускай мовы і літаратуры.
Члены кансультатыўнай камісіі наведалі таксама Гервяцкую сярэднюю школу і «жамчужыну» Астравецкага раёна і Беларусі ў цэлым – Гервяцкі касцёл, дзе змаглі атрымаць асалоду ад кан- цэрта арганнай музыкі.
Падвядзенне вынікаў рабоТы і падпісанне пратакола пасяджэння кансультатыўнай камісіі прайшло ў Астравецкім райвыканкаме. Цікавасць гасцей выклікаў перспектыўны план развіцця нашага горада – своеасаблівую віртуальную экскурсію па будучым горадзе энергетыкаў правёў намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.


– Другі год я ўзначальваю работу літоўскай камісіі, – падвёў вынікі работы сумеснай кансультатыўнай камісіі дырэктар Дэпартамента агульнай і прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі і навукі Літоўскай Рэспублікі Саўлюс Зібартас. – І хачу адзначыць, што папрацавалі мы плённа: не толькі абмеркавалі праблемы, але і пастараліся знайсці шляхі іх вырашэння. Такія сустрэчы дапамагаюць у абмене вопытам – мы павінны вучыцца адзін у аднаго.


--------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ