Акцыі: не марнатраўце сваё жыццё!
Менавіта пад такой назвай 12 лістапада па ўсёй Беларусі прайшла сумесная акцыя супрацоўнікаў аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і маладзёжных арганізацый. Адбыласятакая акцыя і ў нашым раёне. І не дарма.
У апошні час колькасць пажараў і людзей, якія на іх загінулі, значна павялічылася. Як і раней, асноўная прычына пажару і гібелі людзей – неасцярожнасць пры курэнні. Такое адбылося ў 90 працэнтах выпадкаў. Толькі ў бягучым годзе ў нашым раёне шэсць з сямі чалавек, загінулі з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення.
Актывісты раённага аддзялення беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, васьмікласнікі СШ №1 Максім Шлынаў, Вячаслаў Шыць і Аляксей Верамейчык селі ў аўтобус, які рухаўся па маршруту “Астравец-Гудагай” і падчас руху да чыгуначнага вакзала і назад расказвалі пасажырам аб небяспецы курэння ў пасцелі і раздавалі інфармацыйныя лістоўкі.
Хочацца спадзявацца, што інфармацыя, расказаная рабятамі, была карыснай для пасажыраў аўтобуса. Некаторыя з іх выказвалі дзецям словы падзякі за такую нетрадыцыйную лекцыю.
І ўсё ж словы даходзяць не да ўсіх. Пакуль аўтобус стаяў на прыпынку і чакаў новых пасажыраў, да яго падышоў мужчына сярэдняга ўзросту, выпіў бутэльку піва, зайшоў у аўтобус і заваліўся на апошнім сядзенні. Як правядзе ён вечар? Засталося невядомым. Хочацца спадзявацца, што ён прыслухаўся да слоў школьнікаў.
НА ЗДЫМКУ: падчас акцыі.
Эдуард МАЛЫШКА, інспектар групы прапаганды і навучання РАНС.