Афганістан. Маналог воіна-інтэрнацыяналіста Аляксандра Ковеля
Ёсць у календары асаблівая дата, якая прысвечана тым, хто выконваў службовыя абавязкі за межамі Айчыны. 15 лютага – не проста дзень для нашага земляка, жыхара мястэчка Гудагай, Аляксандра Ковеля, армейскія гады якога прайшлі ў Афганістане. Як і большасць тых, хто быў там, мужчына папярэдзіў: расказваць няма чаго. Але згадзіўся сустрэцца.
Ведалі. Але мала
– У дзяцінстве з сябрамі-аднавяскоўцамі братамі Стасем і Юрам Замарамі і маім стрыечным братам Эдзікам з вёскі Стрэльчыкі Ашмянскага раёна любілі гуляць у вайнушку. І хто б падумаў, што ўсе трапім у Афганістан... Эдзік там загінуў – у наступным годзе будзе 40 гадоў… (Ледзь стрымлівае эмоцыі.) Што адчувалі тады бацькі брата, толькі цяпер, калі сам тата, магу ўявіць.Афган пачаўся ў 1979 годзе, я яшчэ ў школе вучыўся. Вядома, пра вайну чулі і ведалі, але няшмат: па тэлевізары ўсяго не паказвалі; параненыя і загінулыя адтуль вярталіся.
Скончыўшы ў 1982-м васьмігодку ў родным мястэчку, паступіў на агранома ў Навагрудскі сельгастэхнікум. Праз 4 гады, 30 сакавіка, атрымаў дыплом і размеркаванне на Астравеччыну – у калгас «Рассвет» у Рымдзюнах. Толькі адвёз дакументы старшыні, як пазванілі, сказалі ехаць у ваенкамат за павесткай – мяне прызывалі з Навагрудка.
«Адкасіць» ад арміі – у нас не было такога. Наадварот, мы хацелі служыць, бо інакш дзяўчына ў бок хлопца і не паглядзіць. (Усміхаецца.)
15 красавіка атрымаў павестку. Зладзілі провады. На іх быў Юра Замара, ён ужо вярнуўся з Афгана, а Стась якраз быў там. Убачыўшы маё прыпісное 20А, сябра адразу сказаў: «Санёк, ты пойдзеш туды». Я зразумеў, але малады быў, не баяўся.
У незнаёмую краіну
– З Навагрудка нас адправілі ў Гродна, праз дзень-два – у Барысаў, дзе прабылі з тыдзень. Затым у Маскве сабралі ў эшалон – і паехалі мы ў горад Кушку ў Туркменіі. Шлях расцягнуўся на тыдзень – так надакучыў стук колаў цягніка…З Беларусі ад’язджалі – яшчэ марозы стаялі, туды прыехалі – амаль +30 градусаў. Але прыгожа навокал: макі па сопках цвітуць! А вось лесу, як у нас, няма.
Тры месяцы вучэбкі. Я трапіў ва ўзвод артылерыстаў. Аднак гаўбіцу Д-30 122-міліметровую пару разоў толькі выехалі разабраць-сабраць. Будучых ваякаў больш прывучалі да трываласці да ўмоў надвор’я. Кожную раніцу па 3 кіламетры марш-кідкі да мяжы і назад. Бегалі, скакалі – было цяжка з-за сонца і спякоты.
Служба
– Родныя ведалі, куды мяне накіравалі, ім адразу напісаў.
2 жніўня ўжо быў у Афганістане. На прыёмны пункт прыехалі «купцы» нас разбіраць – рабілі гэта па сваіх законах. Дваіх узялі – мяне і Раймандаса з Літвы. Я яго Раманам называў, ён у нас кравец быў – недзе машынку швейную дастаў, усю форму акуратна падшываў. Потым з ім доўга сябравалі, у госці адзін да аднаго ездзілі. Дык вось, падышоў намеснік камандзіра і паказаў, маўляў, ты і ты. Так я трапіў у сувязь у Шынданд. Мы збіралі і дастаўлялі пошту на верталёце. У нас былі кропкі Герат і Тургундзі, 125 разоў афіцыйна лятаў, на самай справе болей.
Перавалы калі пераляталі, заўсёды былі на аўтаматах і кулямётах. Неаднойчы траплялі пад абстрэлы – неяк уварочваліся. Столькі разоў маглі нас бахнуць, але цьфу-цьфу.
Не ўмею я расказваць. Ды і цяжка...
Аднойчы мяне параніла, але няцяжка. Затое двойчы жаўтухай хварэў. Кожны яе перанёс, некаторыя па чатыры разы.
Аднойчы з-за туману селі ў кішлаку – і адразу з наваколля бягуць да нас. Каманда «Да бою!» Там жа і дарослыя, і дзеці – усе са зброяй у руках… (Спыняе ўспаміны.)
У вольную хвіліну ў блакноціку не маляваў, а зрысоўваў. Вось, напрыклад, гады маёй службы «Шынданд 1365 – 1367» – у іх па-іншаму летазлічэнне ідзе.



Гартаючы альбом
Саслужывец Юра фатаграфаваў, аднак не ўсе здымкі можна было адправіць дахаты – правяралі, здаралася, што плёнку засвечвалі, калі трапляла нешта не тое.
А гэта Юра прывёз фота з камандзіроўкі ў Кабуле: гасцініца, савецкае пасольства, легкавыя аўтамабілі на вуліцы – нібыта і няма вайны.
А гэта я, ваяка, – пасля вучэбкі на 10 кілаграм схуднеў. (Усміхаецца.)
Вось мы з земляком Ігарам Кузняцовым з Гродна, ён у разведроту трапіў.
Тут з намі малдаванін, украінец. Усе разам служылі: і беларусы, і туркмены, і азербайджанцы, і грузіны – Савецкі Саюз быў.
Я з нашым прапаршчыкам Аляксандрам Петуховым каля верталёта – звычайна ўтраіх ляталі. Прыгажосць адкрывалася зверху – вы не ўяўляеце! Пустыні, перавалы, палі… Глядзіш, здаецца, і няма дзе схавацца. Але мясцовыя ўмелі гэта рабіць, катакомбы рылі – яны дома, ім усё знаёма.
А вось снег. З вечара выпаў, раніцай растаў. Не маглі ляцець з-за яго, вялікімі камякамі падаў, на начоўку засталіся. Толькі раз за два гады і бачыў там снег. Там зіма прыходзіць – снежань-студзень дажджы ліюць. А яшчэ ліхі там вецер-афганец.
Тут мы з прапаршчыкам Аляксандрам Петуховым і старшыной Пятром Суславым з Віцебска. Заўсёды мяне «ганяў»: «Бульба, ты разумны мужык». (Усміхаецца.)
Вось Сашка, з ім разам у тэхнікуме вучыліся – ён на «савушцы» служыў, на самаходнай гармаце.
Побач з казармай елачка расла – фатаграфаваліся каля яе ўсе.
А гэта наш вартаўнік сабака Граф – ніхто не падыдзе, штаны можа абарваць. Але калі адбудзеш з ім дзень – лепшы сябр.
Тут я на японскім мапедзе – да нашага камандзіра прыехаў лейтэнант з палітаддзела і даў мне пракаціцца.
Гэта я ў каравуле.
А гэта зямлячка з Мінска – на жаль, не ўзяў адрас.
Грузін Вепхо Ахалкацы – добры мужык.
Вось наша Люда Габітава.
Тут чакаем «вяртушак», а тут дзембеляў праводзім на верталёт.
Вось Санька на бомбасховішчы сядзіць.
Гэта кропка, дзе аднагрупнік з тэхнікума аўтаматчыкам сядзеў. Бывала, праляцім над імі нізка, дык яму кажуць: зноў твой сябра табе памахаў. (Усміхаецца.)
А такі мой здымак Юра адправіў класнаму кіраўніку ў Навагрудак. У гэтым годзе 40 гадоў, як скончыў. Трэба, можа, групай сабрацца, дружныя былі.
Пасля
– Што расказваць? Абаранялі рубяжы Савецкага Саюза, як нашы дзяды-прадзеды. Усяго было. Людзі гінулі.Мой дзед – ветэран. Вярнуўся я з Афгана, да яго прыехаў. Ён спытаў: «Ну што, унучок, нюхнуў пораху?». Я адказаў: «Нюхнуў, дзед». І ён больш нічога не пытаў, і я нічога не гаварыў. Дзед разумеў. Да таго ж дзядька мой, сын яго, быў ваеннаслужачым, начальнікам штаба палка ў Латвіі, – як афіцэр, вядома, больш за простых людзей ведаў і, мабыць, дзеду штосьці расказваў.
…Цяжка было. Добра, што нашы дзеці такога не бачаць.
