Адны садзяць лес – іншыя ламаюць дрэвы

У красавіку супрацоўнікі ўсіх арганізацый, члены грамадскіх аб’яднанняў дзень пры дні дапамагаюць лясгасу садзіць лес. На месцах учарашніх высечак неўзабаве падымуцца елачкі, сасёнкі, бярозкі. Калектыў “Астравецкай праўды” таксама ўдзельнічаў у гэтай высакароднай справе.
…Вяртаюся з пасадкі лесу, як любяць гаварыць журналісты, стомленая і шчаслівая. Вядома ж, не лічыла, колькі елачак пасадзіла ў той дзень, але дакладна не адну сотню. Прыемна, што і казаць, прыдачыніцца да добрай справы, пакінуць след, а не “наслядзіць”. Разважаю, што гадоў праз 10-15 там, напэўна, у нашым лесе ўжо будуць расці грыбы… 
Па дарозе любуюся саджанцамі маладых дрэўцаў, якія ў мінулыя гады высадзілі ў Астраўцы: прыжыліся, убіраюцца ў сілу, з набрынялых пупышак вось-вось выпырснуць клейкія лісточкі… Вырастуць – прыгожа будзе!
Прыемна, радасна… Вясна!
І раптам – нібы аплявуху хто заляпіў ці ў брудную лужыну з усяго размаху ўляцела: насупраць магазіна “Анастасія” – зламанае дрэўца! Відаць, што знарок: нейкаму падшыванцу ці даросламу бугаю захацелася праверыць сваю беспакаранасць ці прадэманстраваць дурную сілу і адсутнасць розуму…
Добры настрой імгненна знік. Зламаць маладое дрэўца – усё роўна што забіць дзіцятка! І паднялася ж у некага рука… Хай яму… 
Што “хай яму”? Кажуць: пасылаць некаму праклёны – на сябе бяду наклікаць. 
Міжволі падумалася: чалавек, які садзіў калі-небудзь лес, напэўна, ніколі не зможа зламаць дрэўца. І ўвогуле – загубіць нешта жывое.
Калі б злавілі за руку таго, хто з рабіў гэта, я б параіла… Не, не трэба адсякаць яму рукі. І ў турму адпраўляць не варта, і нават штрафаваць – хоць урон, напэўна, кампенсаваць павінен. Адпраўце яго садзіць лес! На ўвесь сезон.
Калі яго не перавыхаваюць праца і прырода, то і турма не справіцца…
Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик