Аддзяленне сацыяльнай дапамогі адзначыла юбілей

У маладосці мы поўныя сіл і энергіі, і нам здаецца, што так будзе заўсёды. Толькі час і ўзрост бяруць сваё – перад іх сілай мы ўсе роўныя і бездапаможныя. Калі прыходзіць старасць, хваробы пачынаюць падсцерагаць на кожным кроку, і сіл часам не хапае нават на такія элементарныя рэчы, як уборка кватэры, паход у магазін за прадуктамі, мыццё бялізны, расчыстка двара ад снегу. І добра, калі ў пажылога чалавека ёсць дзеці і ўнукі, гатовыя прыйсці на дапамогу. А што рабіць старым людзям, якія па волі лёсу засталіся адны на гэтым свеце? Сацыяльныя работнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму, што дзейнічае на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, становяцца для адзінокіх пажылых людзей, ветэранаў вайны, інвалідаў не толькі памочнікамі ў хатніх справах, але і лепшымі сябрамі, а часам і самымі блізкімі людзьмі. А 25 красавіка аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму адзначыла свой юбілей – вось ужо 25 гадоў работнікі аддзялення дораць часцінку свайго цяпла адзінокім людзям.


Ініцыятарам стварэння службы надомнага абслугоўвання і першым кіраўніком была Часлава Эдуардаўна Кандратовіч, цяперашні начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва і куратар тэрытарыяльнага цэнтра. У 1988 годзе на абслугоўванне на даму было залічана 10 чалавек, за якімі даглядаў адзін сацыяльны работнік – Валянціна Іванаўна Мікліс, праз год колькасць падапечных узрасла да 89 чалавек. Але ў асноўным гэта было суседскае абслугоўванне, толькі Галіна Канстанцінаўна Якель працавала на поўную стаўку. У сувязі з павелічэннем колькасці людзей, якія мелі патрэбу ў надомным абслугоўванні, у 1989 годзе і было адкрыта аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму пры Астравецкім аддзеле сацыяльнай абароны. Загадчыцай аддзяленння была прызначана Наталля Іванаўна Локцева, у 1991 годзе яе змяніла Юзэфа Эдуардаўна Праўко. Інспектарам па асноўнай дзейнасці працавала Наталля Мечыславаўна Юшчук, а сацыяльнымі работнікамі – Ганна Рыгораўна Русецкая, Галіна Францаўна Трусевіч, Галіна Адамаўна Маргуж.
Сёння аддзяленне працуе на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якім кіруе Віктар Іосіфавіч Ждановіч. На надомным абслугоўванні знаходзіцца 594 чалавекі, якіх абслугоўвае 317 сацыяльных работнікаў, з іх 18 працуюць на стаўку. Загадчыцца аддзялення Ірына Аляксандраўна Станкевіч, вопытны супрацоўнік тэрытарыяльнага цэнтра, 16 гадоў прысвяціла рабоце з пажылымі людзьмі, пяць з іх – на пасадзе загадчыцы. У яе падначаленні знаходзяцца чатыры інспектары – Святлана Станіславаўна Богдан, Віялета Віктараўна Праўко, Ніна Чаславаўна Александровіч і Святлана Валянцінаўна Сафранкова, якія замацаваны за сельскімі Саветамі і курыруюць работу на месцах.
– На нас ляжыць і абавязак выяўляць людзей, якія маюць патрэбу ў сацыяльных паслугах, – расказвае інспектар Святлана Сафранкова. – Мэта нашай работы ў тым, каб пажылы чалавек не адчуваў дыскамфорту ад страты былой фізічнай актыўнасці. Пры тым маральна-псіхалагічная падтрымка, шчырыя размовы з сацыяльным работнікам патрэбны яму не менш, чым дапамога па гаспадарцы.
Нагрузка ў сацыяльных работнікаў вялікая: купіць прадукты харчавання, тавары першай неабходнасці, медыкаменты, прынесці ваду і дровы, вынесці смецце, зрабіць уборку, расчысціць двор ад снегу, аплаціць камунальныя паслугі. Дарэчы, колькасць паслуг пастаянна павялічваецца. Акрамя тых, што ўваходзяць у пералік, прадастаўляюцца дадатковыя платныя паслугі – прыгатаваць ежу, памыць і павесіць шторы, скласці дровы. Але пералічваць можна бясконца, тым больш, што “апекуны” не скупяцца на добрыя справы і робяць нават больш, чым указана ў пераліку паслуг. Не кажучы ўжо пра маральную падтрымку, увагу і клопат, якія так неабходны адзінокім людзям. А тыя ў сваю чаргу заўсёды расказваюць аб міласэрнасці сацыяльных работнікаў, аб тым, што яны вельмі добрыя працаўніцы і што яны сапраўды паляпшаюць іх жыццё.
Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і пажылыя людзі, у якіх пенсія ніжэйшая за бюджэт пражытачнага мінімуму, могуць разлічваць на бясплатную дапамогу.
У аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму выпадковых людзей няма: працаваць з адзінокімі могуць толькі прафесіяналы, людзі цярплівыя, міласэрныя і шчодрыя душой.


Алена Станіславаўна ШПАК:


– 20 гадоў я працую сацыяльным работнікам. Дарэчы, я таксама памятаю сваю першую падапечную – гэта Ніна Максімаўна Марковіч, якую я і сёння даглядаю. У нас склаліся вельмі добрыя адносіны. Акрамя яе, у мяне яшчэ 5 чалавек: кожнаму трэба дапамагчы па гаспадарцы, прынесці з магазіна прадукты і іншыя тавары, убраць у хаце, аплаціць камунальныя паслугі. І не важна, уваходзіць гэта ці не ў пералік паслуг – не адмовіш жа пажылому чалавеку.
Цяжкасць работы ў тым, што маральна стамляешся, бо кожнага трэба выслухаць, раздзяліць з ім боль ці радасць. Добра, што ў тэрытарыяльным цэнтры працуе псіхолаг Вольга Клімчэня, якая дапамагае нам зняць псіхалагічную нагрузку.


Людміла Францаўна АЎДЗЕЙ:


– Раней я працавала ў бальніцы санітаркай, потым у пральні, а ў 2001 годзе ўладкавалася сацыяльным работнікам. Працаваць даводзіцца многа, у мяне 6 падапечных, адна з іх – ляжачая, ёй і есці трэба прыгатаваць. Наша прафесія – гэта выпрабаванне, яна патрабуе пастаяннай работы над сабой. Старыя людзі, як дзеці, маюць патрэбу ў пастаяннай увазе, клопаце, чалавечым цяпле. Далёка не кожны чалавек можа быць сацыяльным работнікам, выконваць абавязкі, як трэба. Не толькі чуласць, міласэрнасць, спагада, але і сіла духу, трываласць павінны пераважаць у характары “апекуноў”. Выпадковыя людзі ў нас адсейваюцца – яны проста не вытрымліваюць.

Уладзіслава Багданаўна КАХАНОЎСКАЯ:


–Сацыяльным работнікам працую з 1993 года. У той час я пераехала ў Астравец з Літвы, работу было знайсці цяжка, і мне прапанавалі гэтую пасаду – я згадзілася. Памятаю свой першы рабочы дзень: у аддзяленні са мной пагутарыла былая загадчыца Юзэфа Эдуардаўна Праўко і адправіла знаёміцца з падапечнымі. Першая, да каго я прыйшла, была А.Ф. Голікава. Я хвалявалася, ці знайду агульную мову з пажылым чалавекам, але неяк атрымалася ўсё само сабой. Як у тыя часы, так і зараз, для мяне галоўнае, каб мае бабулі і дзядулі былі задаволены, таму часта даводзіцца ісці на кампраміс. Гэта і цяжка, і лёгка – будаваць адносіны на ўзаемаразуменні і даверы. Зараз у мяне 7 падапечных. Я наведваю іх 3 разы на тыдзень, а двух чалавек – 4 разы. У дзень атрымліваецца 4-5 наведванняў – гэта нялёгкая работа, але яна прыносіць і маральнае задавальненне: мы нясём людзям дабро, а яго не так часта сустрэнеш сёння.



Падрыхтавала Вольга ШОЎКУН, фота аўтара