Ад усёй душы павіншаваў з навагоднімі святамі былых супрацоўнікаў калектыў рэдакцыі
Па ўсёй краіне ідуць традыцыйныя навагоднія акцыі “Нашы дзеці” і “Ад усёй душы”, мэта якіх – падарыць свята кожнаму дзіцяці і кожнаму пажылому чалавеку.
Гэтыя сустрэчы, падарункі, доўгачаканыя навагоднія цуды вельмі патрэбны дзецям, асабліва тым, хто сустракае Новы год не ў сям’і ці ў каго іншыя жыццёвыя цяжкасці.
Але, мне здаецца, яшчэ больш – пажылым людзям, сярод якіх адзінокіх нашмат больш. Бо нездарма кажуць, што старыя – як малыя. Ці нават больш чым малыя, якія сёння распешчаны падарункамі і ўжо не ведаюць, што ж папрасіць у Дзеда Мароза. А іх дзядулям и бабулям кожная цукерка, каляндарык, паштоўка, ды нават тэлефонны званок – радасць. Не таму, што не могуць гэта ўсё прыдбаць. А таму, што гэтыя сціплыя знакі ўвагі – сведчанне, што іх помняць, што жыццё пражыта не дарэмна, што яны па-ранейшаму патрэбны.
У рамках акцыі “Нашы дзеці” калектыў рэдакцыі традыцыйна аказвае дапамогу сям’і некага з дзяцей-інвалідаў – ведаем, як цяжка бацькам змагацца з хваробай сына ці дачкі, бясконца хістаючыся на арэлях ад надзеі да адчаю. Сёлета дапамогу ад рэдакцыі атрымала сям’я гудагайскага хлопчыка Вадзіма Пілецкага.
А “Ад усёй душы” рэдакцыя і наша прафсаюзная арганізацыя вырашылі павіншаваць сваіх былых супрацоўнікаў. Нехта з іх пайшоў на заслужаны адпачынак даўно, нехта – год назад. Адны жывуць у адзіноце, іншыя сагрэты клопатам і любоўю блізкіх, дзяцей і ўнукаў. Але ўвагі многа не бывае!
…Галіна Саўко амаль усё жыццё працавала тэхнічным работнікам у райкаме партыі, апошнія некалькі гадоў перад выхадам на пенсію – у рэдакцыі. На заслужаны адпачынак пайшла даўно, яшчэ ў 90-х. Галіне Вацлаваўне ўжо за восемдзесят, але яна па-ранейшаму трымае ў адмысловым парадку свой дом і падворак. І хоць з радасцю ў будні і ў святы сустракае дзяцей і ўнукаў, да іх на пастаяннае месца жыхарства не імкнецца, хоць і завуць: свая хатка – што родная матка.
Сямнаццаць гадоў падтрымлівала парадак у рэдакцыйных кабінетах Лілія Анімуцкая. Заўсёды вясёлая, таварыская, лёгкая на пад’ём, яна была душой калектыву падчас нашых шматлікіх вандровак і карпаратываў. Лілія Баляславаўна і цяпер вядзе актыўны лад жыцця: яна дапамагае выхоўваць унукаў, спявае ў “Аксамітках”, ходзіць у касцёл, падтрымлівае стасункі з сябрамі. Але ўвага былых калег, усведамленне, што цябе помняць, зусім не лішнія.
– Пахвалюся мужу, – радасна прымае яна пакунак з падарункамі. – Ён засмучаецца: больш за 30 гадоў працаваў на адным месцы, а ніхто і паштоўку не дашле. Зайздросціць, што мяне калектыў з кожным святам віншуе!
Чытачы і сёння помняць шчырыя, пранікнёныя артыкулы Ганны Чакур: разам са сціплым падарункам ад рэдакцыі мы перадалі ёй і іх словы ўдзячнасці.

– Нават не думала, што ў свеце столькі добрых і шчырых людзей, – падзялілася Людміла Сцяфанчык. – Калі ў мяне здарылася гора, мяне не пакінулі адзін на адзін з бядой ні родныя, ні суседзі, ні калегі. Дзякуй усім!
Людміла Іванаўна нядаўна пахавала самага дарагога чалавека, сваю галоўную надзею і апору – каханага мужа, і кожнае слова падтрымкі мае для яе асаблівае значэнне.
Год назад пакінула рэдакцыйны калектыў, якому аддала 28 гадоў, Еўдакія Ходас – а, здаецца, было гэта толькі ўчора: Пятроўну ўспамінаюць ледзь не штодня і чакаюць у госці.
На жаль, мы не змаглі сустрэцца са шматгадовым галоўным бухгалтарам рэдакцыі Людмілай Ярмаловіч, але падарунак і віншаванні, тым не менш, даставілі.

…Такія сустрэчы і стасункі патрэбны не толькі ветэранам, але і сённяшнім супрацоўнікам, сярод якіх шмат моладзі. Каб не парывалася сувязь пакаленняў, захоўваліся традыцыі.
Каб помнілі – і ведалі, што пра іх помняць.
