Ад прападобнай Еўфрасінні

000964_659190.jpg

Пешы хрэсны ход Полацк – Гродна, прысвечаны 850-годдзю прастаўлення прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай, заступніцы і апякункі зямлі беларускай, і Году міру і стварэння, стартаваў 18 чэрвеня  ад сцен Спаса-Еўфрасіннеўскай абіцелі. Яго правядзенне блаславіў мітрапаліт Мінскі і  Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, падтрымалі  Беларускі фонд міру і  іншыя грамадскія арганізацыі. Удзел у хрэсным ходзе прымаюць паломнікі з розных гарадоў і раёнаў Беларусі і Расіі, людзі рознага ўзросту і прафесій. Іх вёў па выбраным шляху цудатворная ікона з прападобнай Еўфрасінні – блаславенне настаяцелькі абіцелі ігуменні Еўдакіі.
Маршрут шэсця пралягаў па Віцебскай і Гродзенскай абласцях, уздоўж памежжа з краінамі Прыбалтыкі.
У суботу, 8 ліпеня, пад вечар хрэсны ход увайшоў у Астравец. Пілігрымаў  гасцінна прынялі  на прыходзе храма Святых апосталаў Пятра і Паўла: арганізавалі вячэру і начлег. Госці памаліліся разам з настаяцелем царквы протаіерэем Георгіем Савіцкім і астраўчанамі на вячэрнім богаслужэнні, а назаўтра паўдзельнічалі ў літургіі. Пасля пранікнёнай сумеснай малітвы каардынатары ходу Мікалай Бондар і Аляксандр Несцярчук сардэчна падзякавалі айцу Георгію Савіцкаму і прыхаджанам за душэўны прыём.
Паломнікі з малітвай рушылі далей – праз Ашмяншчыну, Іўеўшчыну, Воранаўшчыну да Гродна, канечнага пункта маршруту. Шэсцьсот кіламетраў яны пераадолелі пехатой, але ніхто не скардзіўся на спёку і стому, бо ім дапамагалі святая апякунка Еўфрасіння і шчырая малітва.

Таіса СЯМЁНАВА


Текст: Главный администратор