Абарончая магутнасць краіны, бяспека і супрацьдзеянне карупцыі – тэмы дня інфармавання насельніцтва ў Міхалішках
Традыцыйна ў трэці чацвер кожнага месяца інфармацыйна-прапагандысцкія групы сустракаюцца з калектывамі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, каб данесці да людзей асноўныя аспекты дзяржаўнай палітыкі, актуальныя навіны і атрымаць зваротную сувязь.
Анансуючы парадак дня чарговай сустрэчы, якая прашла на базе КСУП “Міхалішкі”, галоўны санітарны ўрач раёна Йонас Таль завастрыў увагу прысутных на тым, што яны могуць уздымаць любыя праблемы, якія потым будуць перададзены адказным асобам. Праўда, пытанняў у людзей не ўзнікла. І па гэтым, думаецца, можна меркаваць пра плённую работу мясцовай улады.

***
Выступленне Йонаса Таля было прысвечана абарончай магутнасці беларускай арміі і патрыятызму. З улікам ваенных калізій, якія ў апошні час адбываюцца ў свеце, гэтыя тэмы набылі асаблівыя актуальнасць і значнасць.
– Няма краіны і народу, якія ў апошнія дзесяцігоддзі маглі б адчуваць сябе ў поўнай бяспецы. Беларусы добра разумеюць каштоўнасць мірнага неба над галавой, асабліва цяпер, калі напружанасць вакол нашай краіны не спадае, – зазначыў спікер. – Згодна з Канстытуцыяй галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Па меркаванні лідара краіны, уся наша высокатэхналагічная кампактная і мабільная армія, уся ваенная арганізацыя дзяржавы здольны адказаць на любыя выклікі часу і з’яўляюцца надзейным шчытом для народа, гарантам міру на беларускай зямлі.
Як заўважыў Йонас Таль, беларуская армія па прафесіяналізме, падрыхтоўцы і аснашчанасці не саступае вядучым арміям свету, а па некаторых паказчыках і пераўзыходзіць іх. Па-ранейшаму прыярытэтнымі задачамі дзяржавы і Узброеных Сіл з’яўляюцца недапушчэнне ўцягвання Беларусі ў вайну, максімальнае рэагаванне на любую пагрозу і небяспечную сітуацыю, падтрымка баявой структуры і пастаяннай гатоўнасці да выканання задач па прызначэнні.
– У склад Узброеных Сіл нядаўна ўключаны новыя войскі – беспілотная авіяцыя. Удасканальваецца сістэма прымянення разнастайных наземных і паветраных сродкаў, – працягнуў выступаючы. – Наладжана вытворчасць ракетных сістэм і артылерыйскіх боепрыпасаў. Упершыню ў гісторыі айчыннага ракетабудавання створаны навейшы ракетны комплекс “Паланез”. Немалаважным аспектам з’яўляецца распрацоўка лінейкі сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Такім чынам, у нашай краіне робіцца ўсё, каб армія адпавядала патрабаванням і стандартам і была ў поўным аб’ёме забяспечана сучасным уўзбраеннем і ваеннай тэхнікай. У гэтым накірунку Беларусь цесна супрацоўнічае з Расіяй, аб чым сведчыць наяўнасць на тэрыторыі нашай краіны ракетнага комплексу “Арэшнік”. Акцэнтую ўвагу на тым, што гэта выключна стратэгічныя меры стрымлівання патэнцыяльных ворагаў. Наша армія – не інструмент для вядзення наступальнай вайны, а дзейсны сродак для недапушчэння баявых дзеянняў на роднай зямлі.
Таксама ў межах гэтага пытання закранулі пытанні прафесійнай падрыхтоўкі ваенных і патрыятызму.
***
Намеснік начальніка аддзела Астравецкага РАНС Алег Шыць нагадаў пра пажарную бяспеку і правілы паводзін на вадаёмах у зімне-вясенні перыяд, выкананне якіх захавае жыццё.
– На жаль, лічбы не радуюць. Што тычыцца Гродзенскай вобласці, то сёлета, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, мы “плюсуем” на 45%: 160 выпадкаў ў 2026-м супраць 110 у 2025-м. Загінула 23 чалавека і, у мінулым – 12. На Астравеччыне адбылося 6 пажараў, – прывёў лічбы выступаючы. – Прычыны вогненных трагедый застаюцца нязменнымі, у большасці выпадкаў гэта неасцярожнае абыходжанне з агнём і курэнне ў пасцелі.

Выратавальнік зазначыў, што выратаваць жыццё дапамагае ўстаноўлены ў жылым пакоі аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Галоўнае – сачыць за яго спраўнасцю і своечасова мяняць батарэйку.
Таксама Алег Уладзіміравіч анансаваў штогадовую рэспубліканскую прафілактычную акцыю “За бяспеку разам”, якая ў тры этапы пройдзе з 2 па 18 сакавіка. У яе межах суб’екты прафілактыкі наведаюць дамы адзінокіх пражываючых грамадзян пажылога ўзросту, шматдзетных сямей, асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

***
Пра барацьбу з карупцыяй вёў размову ўчастковы інспектар міліцыі Эдуард Янкойць, які зазначыў што карупцыя з’яўляецца сур’ёзнай праблемай, якая разбурае сацыяльна-эканамічныя і палітычныя прававыя асновы дзяржавы. Прадстаўнік РАУС прывёў статыстыку і некаторыя выпадкі.
– Барацьба з карупцыяй у Беларусі – не кароткачасовая кампанія, а важнейшая дзяржаўная задача ў справе ўмацавання незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны, забеспячэння грамадскай бяспекі, – сказаў Эдуард Леанідавіч. – Галоўныя крыніцы поспеху ў вырашэнні гэтай праблемы – моцная дзяржаўная ўлада і сацыяльная палі тыка, апора на народ і галоснасць.
